Почти Средневековье: житель деревни Тереховка Добрушского района украсил свое подворье частоколом, рыцарскими гербами и оружием

Сцяг над замкам

Дом Юрыя Асадчага ўжо стаў турыстычнай разыначкай Добрушскага раёна. Каля яго плота спыняюцца аўтамабілі, мінакі робяць сэлфі, а майстры імкнуцца выпытаць сакрэты стварэння асобных элементаў. З дапамогай свайго сябра і суседа Яўгена Малаева Юрый паступова ператварае сядзібу ў сярэднявечнае пасяленне.

Юрый і Яўген сябруюць з дзяцінства.

Плот з драўляных калоў у самай высокай кропцы дасягае амаль трох метраў. Смалу зверху на галаву ніхто не ліе, аднак батальна-гераічныя барэльефы і без таго выклікаюць уражанне сярэднявечнага замка. Наўрад ці хто захоча пакарыць пасяленне. Гаспадар незвычайнага падвор’я Юрый Асадчы сустракае каля варот і тут жа знаёміць з сябрам дзяцінства і суседам Яўгенам Малаевым.

— Я прыдумваю — Жэня выразае на дрэве. Будаўнічыя работы ўдвух выконваем.


Аднойчы Юрыю захацелася казкі, і ён вырашыў ператварыць у яе калі не ўсё жыццё, то хоць бы яго кавалачак. Ідэі падгледзеў падчас доўгіх камандзіровак. Працуе жыхар аграгарадка Церахоўка дальнабойшчыкам, і на шляху трапляліся шматлікія арыгінальныя расійскія і ўкраінскія домікі.

Ніякіх гістарычных даследаванняў майстры не право­дзі­лі, усе ідэі бралі з галавы.

Каб агледзець плот, патрабуецца цэлая экскурсія. Гербы невядомых рыцараў, пушкі з сапраўднымі ядрамі, паляўнічая зброя і патранташы: кожны новы барэльеф — як асобная карціна ў музеі. Часткова — з дрэва, мячы, стрэлы і шчыты — з металу, а некаторыя элементы ўвогуле рэальныя рэчы. Напрыклад, стары ваенны планшэт застаўся ад бацькі, які служыў на Зябраўскім аэрадроме. Юрый прызнаецца: ніякіх гістарычных даследаванняў не праводзіў, прыдумваў, проста «каб было прыгожа». З паштовай скрынкай у выглядзе маленькай хаткі атрымалася ўвогуле смешна. Майстар Яўген дапусціў памылку:

— Выразаў літару Ч не ў той бок, пераблытаў. А потым падумалі: выглядае як нейкая фішка, лагатып, так і пакінулі.

Некаторыя элементы, створаныя рукамі Яўгена, — сапраўдная ювелірная работа.

Гаспадар запрашае ў двор. У гаражы схавалася сапраўдная майстэрня са станкамі і дзясяткамі інструментаў. Яшчэ больш балгарак, дрыляў і шліфмашынак у Яўгена. Пілуюць і выразаюць на двух падвор’ях. І ў абодвух майстроў ніякай спецыяльнай адукацыі. Яўген працуе ў мясцовай гаспадарцы вартаўніком, проста з дзяцінства прыглядаўся да дрэва, вучыўся метадам проб і памылак і ў выніку стаў вядомы на ўсю аколіцу як таленавіты майстар:

— Калі клічуць на дзень нараджэння, часцей за ўсё так і кажуць: нічога не купляй, лепей зрабі што-небудзь. Наборы дошак для кухні ёсць нават у Італіі, забіралі з сабой замежныя госці.

Выразае шэдэўры Яўген з бярозы, вольхі, ліпы.

Майстры-самавучкі прытрымліваюць цяжкія салунныя дзверы і запрашаюць на летнюю кухню. Страха вялікай пабудовы з печчу пакрыта чаротам. Сябры спецыяльна некалькі тыдняў збіралі яго па навакольных вадаёмах, перабіралі і сушылі. Разам з плотам, на якім сохнуць чыгункі, атрымліваецца сапраўдны старадаўні пейзаж. Унутры — разная мэбля, а ў якасці ўпрыгажэнняў скрыні, чамаданы, баяны і калаўроты. Усе рэчы сапраўдныя, са шматгадовай гісторыяй. Іх знайшлі на ўласных гарышчах — тут не прынята нічога выкідваць. Атмасферу дапаўняе стары, завадны яшчэ патэфон. Атрымліваецца нейкая блытаніна ў стагоддзях, але сапраўды атмасферна.


Па розных вырабах Яўгена таксама можна вадзіць экскурсіі: кветкі, надпісы, нават замкі.

— Вось гэтую выяву крапасной сцяны зрабіў гадзіны за паўтары, разам з пакрыццём. Хутка, лічыце? Дык галоўнае — прыдумаць, а руку ўжо набіў.

У доме Юрый сядзіць на «каралеўскай» мэблі.

Цэнтральнае месца займае незвычайная люстра. Абажурам для яе служыць распілаваная на дзве часткі бочка, да столі прыладжаная вялікімі ланцугамі. У жылым доме старажытны замак нагадвае шыкоўная мэбля. Ложак без балдахіна, але з масіўнымі слупкамі, стул на кухні — у выглядзе сапраўднага трона, можа, і без аксаміту, але з маленькай каронай наверсе.

Браць штурмам такую крэпасць ніхто не будзе.

Колькі каштуе замкавае «адзенне» для падвор’я, мужчыны не лічылі, але думаюць, што нямала. На некаторых рэчах удавалася сэканоміць — амаль са смецця забіралі абрэзкі дрэваапрацоўкі. Юрый прызнаецца: задумку ацанілі не ўсе. Некаторыя гэту замкавую раскошу нават асуджаюць, аднак гаспадар упарта стаіць за прыгажосць і яшчэ поўны ідэй:

— Планую на вуглу назіральную вежу паставіць метры чатыры вышынёй. Каб падняўся — а родныя мясціны як на далоні. Жэня абавязкова дапаможа.

valchenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter