«Мой родны кут»: как на малой родине Якуба Коласа собираются праздновать 140-летие классика

Сцежкамi песняра

Больш за 120 культурных мерапрыемстваў рознага фармату ў гэтым годзе будуць праведзены з нагоды 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа i Янкi Купалы 

Выставы, чытаннi, канферэнцыi, конкурсы… Арганiзатары ўпэўнены, што цiкавасць да лiтаратурнай спадчыны i жыцця пiсьменнiкаў у беларусаў была заўжды. I тым не менш яе трэба падтрымлiваць, бо менавiта Колас i Купала найбольш ярка раскрылi наш характар i менталiтэт, сталi выразнiкамi нацыянальнай самасвядомасцi, духоўных каштоўнасцяў, спадзяванняў i пачуццяў чалавека працы. Вось i мы пабывалi на Стаўбцоўшчыне, дзе нарадзiўся i атрымаў першае творчае натхненне таленавiты сын простага палясоўшчыка — маленькi Кастусь Мiцкевiч, якi пад псеўданiмам Якуб Колас праславiў на ўвесь свет свой неверагодна маляўнiчы край.


Праз сэрца i думкi

Каб сапраўды адчуць, пра што пiсаў паэт, варта самому ўбачыць прынёманскiя краявiды, на ўлоннi якiх прайшло дзяцiнства будучага песняра, — мемарыяльныя сядзi­бы Акiн­чыцы, Ласток, Альбуць, Смольня фiлiяла «Мiкалаеўшчына» Дзяржаўнага лiтаратурна‑мема­ры­яль­нага музея Якуба Коласа. Дарэчы, у гэтым годзе фiлiял святкуе 55‑год­дзе. 

Сцежкамi паэта прайшоўся i мiнiстр культуры Анатоль Маркевiч, якi абмеркаваў з дырэктарам музея Якуба Коласа Iрынай Мацяс рэстаўрацыйныя работы, якiя неабходна правесцi, каб знакавыя мясцiны прываблiвалi яшчэ больш. Наведаць iх, лiчыць Анатоль Мечыслававiч, павiнен кожны:

— Гэта вытокi, аснова, спадчына, голас песняра. У сваiх творах Колас паказаў быт, праблемы, якiя iснавалi ў той час, станаўленне нашай краiны, нашай дзяржавы.

Усадьба «Альбуть».
I ў Год гiстарычнай памяцi мы павiнны вельмi чула адносiцца да такiх месцаў. Напэўна, нас, дарослае пакаленне, не трэба пераконваць, заахвочваць. А вось з моладдзю варта выкарыстоўваць розныя формы культурнай асветы, каб пачуццё гонару за сваю краiну праходзiла праз сэрца i думкi. Упэўнены, што, калi маладыя людзi пабываюць тут, разважаць пачнуць па‑iншаму, нават зменяць светапогляд. 
На гэтай цудоўнай, бласлаўлёнай зямлi адразу прыгадваеш радкi трылогii «На ростанях». Сапраўды, гэта мая любiмая кнiга. Нядаўна, калi трапiлася на вочы, перачытаў. З нагоды 140‑годдзя нараджэння Коласа i Купалы, вядома, што намецiлi планы, у тым лiку па гэтых сядзiбах. Каб не было сорамна перад знакамiтым земляком, беларусамi i шматлiкiмi гасцямi, якiя наведаюць гэтыя мясцiны.

Филиал литературного музея Якуба Коласа «Смольня».

На бягучы рамонт грошы музею выдзелены. У гэтым ­годзе, як паведамiла Iрына Мацяс, акцэнт будзе зроблены на знешнiх работах: дахах, агароджы, указальнiках з адпаведнымi лакацыямi. Напрыклад, ля дуба, дзе паэт напiсаў свой першы верш. Магчыма, яны змесцяць i QR‑коды, дзякуючы якiм госцi змогуць самастойна знаёмiцца з цiкавымi фактамi жыцця паэта. У перспектыве мяркуецца ўнесцi навiзну ў афармленне экспазiцый. Работа адказная, карпатлiвая, таму планы будуць рэалiзоўвацца паэтапна. 

У 2021‑м сядзiбы наведалi каля 600 турыстаў. Пандэмiя, безумоўна, паўплывала на колькасць гасцей. Супрацоўнiкi фiлiяла ўпэўнены, што ў гэтым годзе iх стане значна больш. I юбiлейныя мерапрыемствы таму таксама паспрыяюць. На днях у музеi Якуба Коласа адбыўся круглы стол «Я прыйшоў да вас», удзел у якiм прынялi ў тым лiку i прадстаўнiкi турыстычнай iндустрыi.



— У 2022‑м святкуем яшчэ адну дату — 110 год з першай сустрэчы Купалы i Коласа, — дадала вучоны сакратар музея Якуба Коласа Марыя Казакевiч. — З гэтай нагоды плануем правесцi сумесную з лi­таратурным музеем Янкi Купалы (на яго базе) выставу «Класiкi жартуюць». 
А летам, у чэрвенi — лiпенi, адбудзецца шырока­маштабнае мерапрыемства ў памяць пра першую сустрэчу Купалы i Коласа там, дзе яна здарылася — у Смольнi, нашым фiлiяле. 
Паралельна абмяркоўваецца канцэпцыя рэс­пуб­лiканскага свята «Каласавiны» ў першыя днi лiстапада. У праграме — абавязковае наведванне «роднага кута» паэта. Арганiзатары не выключаюць магчымасцi зладзiць на базе сядзiб кiрмаш вырабаў розных майстроў, а таксама пачаставаць гасцей стравамi i прысмакамi народнай кухнi, якая таксама знайшла адлюстраванне ў творах класiка.



Iрына Мацяс акрэслiла i праблемы, што ствараюць нязручнасцi для жадаючых наведаць коласаўскiя мясцiны. Музей просiць мясцовую ўладу паспрыяць арганiзацыi зручнага пад’езду: лясная дарога, напрыклад, да найбольш аўтэнтычнай сядзiбы Ласток не вельмi камфортная. Няблага было б арганiзаваць аўтобусны маршрут па памятных месцах з аптымальным i зручным графiкам. Каб не толькi турысты, але i жыхары раёна часцей маглi натхняцца калыскай знакамiтага земляка.

Удзячныя i таленавiтыя 

Cтаўбцоўскi край заўжды вылучаўся таленавiтымi людзьмi, у свой час лiрычна апетымi Коласам. Мясцовыя жыхары або тыя, хто па розных прычынах абраў гэты край для жыцця, вартыя спадчыны знакамiтага земляка. Штогод яго памяць ушаноўваецца самымi рознымi мерапрыемствамi, многiя з якiх сталi культурнай адметнасцю раёна, прываблiваюць гасцей, турыстаў, а некаму з удзельнiкаў адкрылi шлях да творчасцi. 

Юбiлейны год песняра багаты на падзеi i форумы, якiя пройдуць як у самiх Стоўбцах, так i на творчых пляцоўках мясцовых устаноў культуры. Дырэктар Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры Валерый Пугач пералiчыў найбольш значныя i вiдовiшчныя: 

— Не адно дзесяцiгоддзе ўвосень ладзiцца ў раёне фестываль народных i ўзорных калектываў «З музыкай да Коласа», калi са сцэны гучыць разнажанравае ўвасабленне матываў класiка. Традыцыя ў гэтым годзе засталася нязменнай. Адразу ў трох намiнацыях прадэманстраваць таленты прапануе конкурс «Я чую голас несцiханы — зямля мая мяне заве», якi плануем правесцi ў вераснi — кастрычнiку. У мiнулым годзе ён атрымаў добры старт. Канкурсанты спаборнiчалi ў чытаннi коласаўскiх твораў, малявалi знакавыя мясцiны з жыцця песняра цi па матывах яго лiтаратурнай спадчыны, дасылалi адпаведныя фотаздымкi. У жнiўнi плануем правесцi лiтаратурна‑музычную вечарыну «Спадчына песняра» з удзелам самадзейных паэтаў i музыкаў.



Сярод новых праектаў — коласаўскi квэст, якi плануюць правесцi падчас раённага турзлёту на турыстычнай базе «Высокi бераг». 
Падарункам да свята жыхарам раёна павiнен стаць i помнiк паэту ў скверы на вулiцы Цэнтральнай. Нагадаем, што Мiнкульт яшчэ ў маi 2019‑га падвёў вынiкi конкурсу эскiзных праектаў помнiка Якубу Коласу ў Стоўбцах. Перамагла работа аўтарскага калектыву пад кiраўнiцтвам народнага мастака Беларусi Iвана Мiско. Да гэтага часу на радзiме пiсьменнiка яму ўстаноўлены толькi адзiн помнiк — у Мiкалаеўшчыне. Бронзавы бюст з’явiўся тут у 1972‑м, да 90‑годдзя песняра.

Увазе маладых пiсьменнiкаў

Цыкл юбiлейных мерапрыемстваў распачынае лiтаратурны конкурс сярод школьнiкаў i моладзi «Майму Паэту прысвячаю...», анансаваны Дзяржаўным лiтаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. Узроставы цэнз удзельнiкаў — ад 6 да 35 гадоў. Лепшыя ­работы — празаiчныя творы ў розных жанрах — будуць апублiкаваны ў зборнiку «140 прысвячэнняў Песняру».

zakharov@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter