Мерапрыемствы да 70-й гадавіны Вялікай Перамогі яднаюць ветэранаў і моладзь

Сцежкамі памяці

Мерапрыемствы да 70-й гадавіны Вялікай Перамогі яднаюць ветэранаў і моладзь

У Нацыянальнай бібліятэцы прэзентаваны зборнік “Радзіма. Адзінства. Перамога”, праект Выдавецкага дома “Звязда” і Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пад час імпрэзы гаварылі, што беларускія творцы і сёння звяртаюцца да ваеннай тэматыкі. Вайна закранула кожную сям’ю, а традыцыі нашай культуры такія: варта помніць і шанаваць подзвігі продкаў. У зборніку змешчаны апавяданні, нарысы і вершы беларускіх пісьменнікаў.

А нядаўна ў мінскім ліцэі №5 праходзіла сустрэча “Жыццёвае поле Алеся Савіцкага”.  Пісьменнік-франтавік вёў дыялог з моладдзю пра мінулае і сучаснасць, пра свой ваенны досвед і агульную будучыню Бацькаўшчыны. Гэта была, дарэчы, першая з цыклу сумесных імпрэз Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Саюза пісьменнікаў Беларусі “Дэсант Перамогі”. Цыкл прысвечаны 70-й гадавіне Вялікай Перамогі. Ураджэнец Полацка Алесь Савіцкі вайну сустрэў, закончыўшы 8 класаў. У 1942-44 гадах ён быў у партызанах на Віцебшчыне, потым ваяваў на фронце. Быў тройчы паранены,  дайшоў да Берліна і пераможна распісаўся на сцяне Рэйхстага. Мае баявыя ўзнагароды. Пасля дэмабілізацыі працаваў журналістам, вучыўся ў Літінстытуце імя Горкага, аспірантуры, працаваў у Літаратурным музеі Якуба Коласа ды іншых месцах. Аўтар шэрагу аповесцяў, апавяданняў, у якіх закранае тэмы вайны. За раман “Верасы” і трылогію “Дзівосы Лысай гары” адзначаны Літаратурнай прэміяй Расіі “Прохараўскае поле” (2010).

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter