Спецыялісты склалі рэйтынг 150 цырульняў Мінска

Стрыжка пад адзін грэбень

У Мінску стварылі інтэрактыўную карту цырульняў. Там паказаны рэйтынг салонаў прыгажосці  накшталт мішленаўскіх зорак у рэстаранаў. Ацэньвалі па пяцібальнай шкале. Крытэрыі самыя розныя: умовы для наведвальнікаў, прафесіяналізм работнікаў і захаванне санітарна-гігіенічных патрабаванняў. Карэспандэнт «Р» прайшлася па салонах з рознымі рэйтынгамі.


Карта з рэйтынгам у вольным доступе для спажыўцоў змешчана ў інтэрнэце. Для ацэнкі цырульняў былі сфарміраваны два чэк-лісты. Гартаю першы — гэта 5 старонак фармату А4. Па ім ацэньвалі, наколькі старанна салоны выконваюць санітарна-гігіенічныя патрабаванні. Вывучалі, як выконваецца чысціня памяшканняў і абсталявання, паасобнае захоўванне чыстай і бруднай бялізны, дэзінфекцыя інструмента. Па кожным пункце налічваліся балы. У залежнасці ад агульнай сумы ўстановам выставілі ацэнкі ад пяцёркі да адзінкі.

Шэсць старонак дробным шрыфтам — другі спіс патрабаванняў. Ён прысвечаны прафесіяналізму работнікаў і ўмовам, створаным для максімальнай зручнасці кліентаў. Галачкі там ставілі нават за наяўнасць рэзервовай сістэмы падачы гарачай вады, прыстасаванняў для інвалідаў. Адзначалі наяўнасць паркоўкі для веласіпедаў, стан кутка спажыўца, знешні выгляд персаналу. Ацэньваўся стан інтэр’еру, зоны чакання, працоўных месцаў супрацоўнікаў. Прынцып падліку набраных балаў той жа. 

Спецыялісты ўжо абследавалі 149 цырульняў і салонаў прыгажосці. З іх вышэйшую адзнаку, пяцёрку, атрымалі 23 прадпрыемствы — гэта 15,4%. Выдатніка выбіраю пальцам у неба, дакладней, у карту. У салоне па адрасе В.Харужай, 24/1, сустракае ветлівы персанал. Адміністратар знаёміць з прэйскурантам. Падказвае аптымальны варыянт.

Ацэнка рэйтынгу салонаў прыгажосці складваецца з умоў для наведвальнікаў, прафесіяналізму работнікаў і выканання санітарнагігіенічных патрабаванняў.

— Цана стрыжкі, як і ў іншых цырульнях, залежыць ад складанасці і даўжыні валасоў. Але ў нас таксама можна выбраць майстра, — Яўгенія Пацёміна просіць распусціць валасы і агучвае цэннікі. — Цырульнік 4—5-га разраду справіцца з задачай за 30 рублёў. Паслугі мадэльера-тэхнолага пацягнуць ужо на 33 рублі. Праца стыліста абыдзецца ў 43 рублі.

Пакуль прыцэньваюся, мне вараць духмяную каву. Да напою прапануюць шакалад. Майстра, якога я выбрала, папрасілі пачакаць — той уносіць апошнія штрыхі ў прычоску папярэдняй кліенткі. Са стосам модных часопісаў размяшчаюся на мяккай канапе.

— Мамам, напэўна, складана па салонах хадзіць. Дзяцей адных не пакiнуць, а тут ім рабіць няма чаго, — заўважаю ўслых.

— Што вы! Малым у нас весела, — Карына Балабка, выконваючая абавязкі дырэктара салона, дэманструе стос дзіцячых альбомаў і яркіх фламастараў. — Можам уключыць і мульцікі на выбар.

Аб тым, што сярод кліентаў салона нядаўна былі рэвізоры, адміністрацыя не здагадвалася. Супрацоўнікі проста выконвалі сваю працу — як заўсёды, з задавальненнем. Праходжу ў залу: майстры працуюць пад прыемную музыку. Інтэр’ер — вачэй не адарваць! Усё з густам, па-багатаму, і галоўнае — усюды чыста.

Больш за 50% усіх цырульняў атрымалі адзнаку ў чатыры балы — харашыстамі сталі 77 аб’ектаў. Адзін з іх — на Партызанскім праспекце, 9. Абсталяванне тут больш простае, ды і салодкага не прапаноўваюць. Але, што важна, супрацоўнікі добразычлівыя. Запісваюся на манікюр. Працоўнае месца майстра аформлена па ўсіх правілах. Спраўляюся за паўтары гадзіны — вынік цалкам задавальняе. Праўда, чакаць яго давялося ў поўнай цішыні — ніякай забаўлялкі для кліентаў у салоне няма.

На адзін узровень ніжэй размясціліся 35 цырульняў (23,5%). «Двоечнікаў» у рэйтынгу налічылі 14. Зазіраю ў салон на Ульянаўскай, 33. Хоць кропка і знаходзіцца ў самым цэнтры горада, інтэр’ерам, у параўнанні з канкурэнтамі, не вызначаецца. Затое вочы чапляюцца за цэннікі: тут яны істотна ніжэй, чым у модных салонах паблізу. Напрыклад, той жа манікюр з лакавым пакрыццём каштуе ўсяго 13 рублёў. Для параўнання, у салоне праз пару дамоў кошт такой жа працэдуры пачынаецца з 20 рублёў.

Інтэрактыўная карта і спіс з баламі цырульняў даступныя на сайце Мінгарвыканкама

Апошняе абнаўленне рэйтынгу зрабілі ў сярэдзіне мая. Найменшы бал на гэтым этапе даследавання атрымала толькі адна цырульня на вуліцы Веры Харужай, 5. Праўда, трапіць туды не ўдалося — тройчы прайшлася вакол дома, але цырульню не знайшла…

— Ды яны закрыліся, — нечакана паведамляюць супрацоўнікі новага салона, які, аказваецца, размясціўся ў тым жа памяшканні. — Цяпер тут мы працуем. Вас трэба пастрыгчы?

Новы салон з шыкоўным рамонтам і сучасным абсталяваннем працуе ўсяго некалькі дзён. Уладальнік змяніўся, а некаторыя цырульнікі засталіся. Чаму гаспадары салона з адзнакай «1» так спешна згарнулі дзейнасць, даведацца не ўдалося. Па нумары тэлефона, які па-ранейшаму вісіць у інтэрнэце, назваць прычыну адмовіліся. Але запэўнілі: філіялаў салона ў горадзе няма і пакуль не прадбачыцца. Што азначае адно: на гэтым этапе даследавання цырульняў з самай нізкай адзнакай у Мінску няма.

Дарэчы, рэйтынг салонаў прыгажосці павінен дапамагчы спажыўцу знайсці прафесійнага майстра і, вядома, матываваць стылістаў развівацца і павышаць якасць сваіх паслуг. Прафесіяналізм майстроў ацэньвалі з улікам іх адукацыі, колькасці пройдзеных курсаў павышэння кваліфікацыі і прысвоенай катэгорыі.

Спецыялісты назіралі за кропкамі са снежня 2016 года — разглядалі іх з усіх бакоў, каб паказаць на відавочныя недахопы. Так кіраўнікі салонаў могуць хутчэй ліквідаваць іх, павысіць імідж аб’екта — атрымаць яшчэ адну «зорку».

Што вымусіла спецыялістаў скласці рэйтынг, напярэдадні маштабнага даследавання расказала начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава:

— У нас вырасла колькасць зваротаў грамадзян, якія незадаволены якасцю зробленых цырульнямі паслуг. Акрамя таго, спецыялісты выявілі парушэнні ў 97% правераных аб’ектаў. Гэта парушэнні правілаў аказання паслуг, санітарна-гігіенічных нормаў і нарматываў.

ypopko@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter