"Стрэчаньскія Дзяды"

У некаторых рэгіёнах Беларусі ў гэты дзень адзначалі дзень ушанавання продкаў, які называлі "Стрэчаньскія дзяды". Праз два дні святкуецца Стрэчанне, адкуль і пайшла назва.

* Таксама ў многіх мясцінах лічылі, што 13 лютага — "дрэнны", неспрыяльны дзень. Каб засцерагчы сябе і сваю сям`ю ад бед і нястачаў, у гэты дзень катэгарычна забаранялася ламаць хлеб, секчы дровы, пазычаць грошы, хрысціць дзяцей, хадзіць у сваты, аднімаць дзіця ад грудзей, сварыцца з нявесткай (будуць хварэць дзеці), біць хатнюю жывёлу (худоба перастане весціся).
* Неабходна адзначыць, што ўсходнія славяне незалежна ад года (высакосны ён ці звычайны), ад фазы Месяца і дня тыдня ведалі пра так званыя "нешчаслівыя" або неспрыяльныя дні. У народзе гэтыя дні называлі "чорнымі". Яны паўтараліся з году ў год. Цікава, што ў нашых прапрадзедаў існавалі "спісы" неспрыяльных дзён, яны занатоўваліся на паперы, скручваліся, быццам старажытныя папірусы, і захоўваліся за бажніцай. Між іншым зафіксаваныя фалькларыстамі і народнымі знахарамі спісы неспрыяльных дзён неаднолькавыя. Большасць дзён паўтараецца, але ёсць і несупадзенні. Вось спіс "чорных" дзён, які мы зафіксавалі ад жыхаркі в.Вулька Аброўская Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Н.М.Куцко. Студзень: 1, 3, 11, 12, 18, 26, люты: 1, 8, 16, 17, сакавік: 1, 12, 13, 18, красавік: 1, 12, 13, 15, чэрвень: 12, 17, ліпень: 1, 13, 17, 18, жнівень: 1, 13, 17, верасень: 12, 13, 15, 18, 30, кастрычнік: 11, 15, лістапад: 17, у маі і снежні такіх дзён не пазначана.
* У такія дні раніцай, як толькі прачыналіся, чыталі малітвы і замовы ахоўнага характару і толькі потым пачыналі вітацца і размаўляць адзін з адным. Зварот да анёла-ахоўніка: "Прыйдзі да мяне, мой анёл-ахоўнік, і ніколі мяне не пакідай, куды б я ні пайшоў (пайшла). Амін".

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter