Новыя падыходы да пытанняў аховы здароўя абмяркоўваліся ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта

Стратэгію здароў'я вызначалі ў Мінску

Новыя падыходы да пытанняў аховы здароўя абмяркоўваліся ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Там праходзіла Еўрапейская міністэрская канферэнцыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Міністры, паважаныя прафесары і сусветна вядомыя свяцілы медыцыны сабраліся для таго, каб абмеркаваць, як выконваецца на практыцы палітыка САЗ “Здароўе-2020”. З замежнымі гасцямі сустракаўся Прэзідэнт Беларусі.


Медыцынскі форум такога высокага ўзроўню краіна прымала ўпершыню. І, напэўна, упершыню ён атрымаўся такім маштабным з пункту гледжання геаграфіі і колькасці ўдзельнікаў. Да нас прыехала каля 200 высокіх гасцей больш як з трыццаці краін. Да пачатку канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з дырэктарам Еўрапейскага бюро САЗ Жужаннай Якаб. І яна расказала, што небывалая цікавасць да мерапрыемства тлумачыцца проста. У свеце шмат чулі пра дасягненні Беларусі ў сферы аховы здароўя, і цяпер замежныя спецыялісты захацелі асабіста ўбачыць усё на свае вочы, наведаўшы некаторыя цэнтры і клінікі.

Калі гаварыць сцісла, то стратэгія “Здароўе-2020”, распрацаваная яшчэ ў 2012 годзе, прадугледжвае інвеставанне ў здароўе на ўсіх этапах жыцця чалавека, пачынаючы з нараджэння дзіцяці, а таксама ўмацаванне сістэмы аховы здароўя і забеспячэнне яго даступнасці для ўсіх слаёў насельніцтва. Наша краіна ў гэтым плане можа быць прыкладам для многіх. Але ў адрозненне ад іншых постсавецкіх рэспублік тут не кінуліся ў вір рыначных рэформ, зусім забыўшы пра людзей. Аляксандр Лукашэнка сказаў пра галоўнае — у краіне ўдалося забяспечыць роўны доступ да медыцынскіх паслуг:

— У нас чалавек не памірае пад плотам, калі ў яго няма страхоўкі. Мы лечым усіх людзей.

Грошай на медыцыну ў краіне не шкадуюць. Летась, напрыклад, на гэтыя мэты патрацілі амаль 6 працэнтаў ад ВУП краіны. Значныя фінансавыя рэсурсы накіроўваюцца з боку мецэ­натаў і спонсараў. У выніку ў бягучай пяцігодцы пабудавалі больш за 130 аб’ектаў для медыцынскай галіны. У краіне дзейнічаюць 17 рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, якія ні ў чым не саступаюць лепшым сусветным аналагам. Нашы ўрачы навучыліся рабіць найскладанейшыя аперацыі — ад кардыяхірургіі да трансплантацыі органаў і тканак.


Дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Ж. Якаб

Паэтапная мадэрнізацыя галіны, узвядзенне новых аб’ектаў і аснашчэнне іх высокатэхналагічным абсталяваннем даюць значныя вынікі, якім могуць пазайздросціць нават самыя перадавыя дзяржавы. Беларусь уваходзіць у першую пяцёрку краін з найменшымі паказчыкамі дзіцячай і матчынай смяротнасці. Ззаду такія гранды, як Германія, Нідэрланды, Францыя, Швейцарыя. Сёлета, напрыклад, у краіне не было зарэгістравана ніводнага выпадку матчынай смяротнасці. Па тэмпах зніжэння захворвання на сухоты Беларусь апярэджвае Фінляндыю, Швейцарыю, Аўстрыю, Нарвегію. Па доступе насельніцтва да медыцынскіх паслуг мы дзелім першае месца з Канадай. Мы практычна наблізіліся да змыкання “дэмаграфічных нажніц”. З 2006 года паказчык нараджальнасці павялічыўся да 12,5 на 1.000 чалавек. Устойліва зніжаецца каэфіцыент смяротнасці. Асвойваецца выпуск новых лякарстваў.

Аляксандр Лукашэнка бачыць прамую залежнасць здароўя нацыі ад узроўню развіцця фізічнай культуры ў краіне. Задача пастаўлена амбіцыйная:

— Трэба зрабіць так, каб фізкультурай у краіне займалася 30-40 працэнтаў насельніцтва. Здаровы лад жыцця павінен стаць візітнай карткай Беларусі.

І гэта не дэкларатыўны тэзіс. Бо здароўе нацыі — гэта не толькі важнейшы сацыяльны імператыў, але і пытанне дэмаграфічнай і эканамічнай бяспекі для кожнай дзяржавы. Таму наша краіна цалкам падтрымлівае ініцыятывы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Беларускі досвед па рэалізацыі стратэгіі “Здароўе-2020” прызнаны на сусветным узроўні. У сувязі з гэтым цікава было пачуць уражанні ўдзельнікаў канферэнцыі. Вось што расказаў Гунціс Бялевічс, міністр аховы здароўя Латвіі:

— Мы выхадцы з адной краіны, але пасля яе распаду пайшлі рознымі шляхамі. Калі ў 2008 годзе здарыўся крызіс, мы рэзка скарацілі расходы на ахову здароўя і дагэтуль не вярнуліся на ранейшы ўзровень. Латвія вылучае з бюджэту ў два разы менш грошай для сістэмы аховы здароўя, чым Беларусь. У нас вельмі вялікія даплаты з кішэні людзей. Мы вырабляем прыкладна пяць працэнтаў уласных лякарстваў, астатняе імпартуем. Вы павялічылі ўласную вытворчасць да 51 працэнта. Беларусі ёсць чым ганарыцца.

А вось меркаванне прафесара Хельсінкскага ўніверсітэта Эвера Кар’енці:

— Сістэмы аховы здароўя ў Беларусі і Фінляндыі не моцна адрозніваюцца адна ад адной. Магчыма, у нас больш досведу ў развіцці некаторых відаў меды­цынскіх паслуг. Але што датычыц­ца ключавых індыкатараў, вамі праведзена вялікая прадуктыўная работа, і Беларусь вельмі добра выглядае на сусветнай арэне. Гэта можа адзначыць любы міжнародны эксперт.


Падчас каферэнцыі

Дыскусія ў Мінску — гэта яшчэ адна магчымасць абмеркаваць з еўрапейскімі калегамі новыя ідэі і напрацоўкі. Узгодненыя падыходы пакладзены ў аснову Мінскай дэкларацыі, якая стане важным інструментам у рэалізацыі еўрапейскай палітыкі “Здароўе-2020”.

Але зададзімся пытаннем: чаму для абмеркавання такой глабальнай ідэі выбраны Мінск? Дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Жужанна Якаб прызнае, што рашаючую ролю адыгралі дасягненні беларускай ме­дыцыны, асабліва ў апошнія гады: “Тое, што для многіх краін — яшчэ мара, для вас — ужо рэальнасць. Я маю на ўвазе і вельмі высокую даступнасць медыцынскіх паслуг. І вельмі нізкія ўзроў­ні матчынай і дзіцячай смяротнасці, і паказчыкі імунізацыі — яны адны з лепшых у Еўропе. Вам трэба дзяліцца досведам. Многія краіны хочуць азнаёміцца з вашымі дасягненнямі”.

Трэба сказаць, міжнародныя эксперты самага высокага ўзроўню прыязджаюць да нас спраўна: летась, напрыклад, Беларусь, паводле слоў спадарыні Якаб, стала першай краінай, якая прадэманстравала магчымасці сваёй аховы здароўя групе спецыялістаў з ААН і САЗ. Пакінутыя імі рэкамендацыі ўжо ўваходзяць у практыку. У сваю чаргу, САЗ часта выкарыстоўвае напрацоўкі нашай медыцыны як добры прыклад для іншых, таму што сёння практычна па ўсіх паказчыках, якія характарызуюць здароўе насельніцтва, Беларусь — узор на прасторы СНД, а па шэрагу крытэрыяў — цалкам на ўзроўні высокаразвітых дзяржаў ЕС. Дапусцім, па тэмпе зніжэння дзіцячай смяротнасці і захворвання на сухоты мы апярэджваем Швейцарыю, а па тэмпах змяншэння распаўсюджанасці ВІЧ/СНІД і ахопу антырэтравіруснай тэрапіяй не маем роўных у СНД, не гаворачы ўжо аб рабоце службы аховы мацярынства і дзяцінства і транспланталогіі. І паколькі цікавасць да беларускай мадэлі аховы здароўя ў дэлегатаў канферэнцыі першапачаткова вялікая, ім прапанавалі наведаць любы яе аб’ект.

Так, кіраўніцтва Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ адправілася ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, дзе зусім нядаўна адкрыўся буйнейшы ва Усходняй Еўропе ПЭТ-цэнтр...

Ці можа быць занадта позна па­праўляць здароўе? Ці здольныя негатыўныя фактары на ранніх этапах жыцця ўздзейнічаць на мозг і ДНК, на развіццё хвароб у будучыні? Якую ролю адыгрывае шчаслівае дзяцінства? Дабрабыт маці падчас цяжарнасці? І наколькі важна адчуванне кантролю над тым, як ты жывеш? Вось сцісла кола пытанняў, якія акрэслілі для сябе еўрапейскія эксперты-медыкі. Прычым ужо ёсць што сказаць практыкам. У Англіі, напрыклад, ушчыльную заняліся жанчынамі з нядобранадзейных сем’яў у “Дзіцячых цэнтрах упэўненага жыццёвага старту”, а ў Ірландыі ў фокусе ўвагі тэма пазітыўнага старэння — “Праграма гарадоў і акруг, спрыяльных для людзей пажылога ўзросту”. А што датычыцца напрамку, які нашай краіне настойліва рэкамендуюць і далей развіваць — усялякай прапаганды груднога выкормлівання як фактару прафілактыкі дзіцячага атлусцення, хвароб сэрца, дыябету, алергіі ды павышэння інтэлектуальных здольнасцяў, — то гэта ўжо глабальная ініцыятыва. І той самы прыклад, калі палітыка САЗ “Здароўе-2020” ужо цяпер працуе з прыцэлам на будучыню.

Аляксандр Піменаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter