Стомленыя звычайнасцю

Паволі сціхае каляднае святкаванне, і жыццё набірае свой звычайны ход. Нездарма перыяд паміж Божым нараджэннем і Вялікім постам называецца ў Касцёле “звычайны”.
Паволі сціхае каляднае святкаванне, і жыццё набірае свой звычайны ход. Нездарма перыяд паміж Божым нараджэннем і Вялікім постам называецца ў Касцёле “звычайны”.

Звычайны перыяд займае большую частку года, другая яго частка распачнецца пасля таго як скончыцца адзначэнне Вялікадня. Мы пражываем мноства дзён, якія здаюцца нам нічым не адметнымі і нават шэрымі. Таму амаль усё сваё жыццё мноства людзей успрымаюць як адзін вялікі звычайны, нічым не адметны, перыяд.

Каб перажыць штодзённасць, мы спрабуем ставіць перад сабой мэты, дасягненне якіх нібы напаўняе нашыя будні сэнсам. Аднак толькі тыя мэты, якія выходзяць за рамкі зямнога жыцця, могуць задаволіць чалавека. Можа быць, таму чалавек бывае вельмі нешчаслівы  і самотны, нават дасягнуўшы таго, чаго так прагнуў. Спачатку ён жадаў скончыць школу, потым — атрымаць вышэйшую адукацыю, уладкавацца на добрую працу, пабудаваць кватэру.... Паступова, атрымліваючы ўсё гэта, ён пераконваецца, што амаль і не жыў, а толькі хацеў схапіць прывід шчасця і пачаць жыць заўтра.

Шчасце само па сабе не з’яўляецца мэтай жыцця. Той, хто жыве годна, той шчаслівы тут і цяпер. Хрысціяне імкнуцца трапіць на неба, але для іх неба пачынаецца на гэтай зямлі. Калі я жыву годна, найперш у сэнсе духоўным, то я пачынаю жыць на небе ўжо.

Многія стаміліся на гэтай дарозе да раскрыцця сваёй годнасці. Асабліва хутка хрысціянін стамляецца ў свеце, які праяўляе да яго перакананняў халодную талерантнасць або нават яўную варожасць. Наша духоўная стомленасць праяўляецца ў выбары таго, што прыніжае чалавечую годнасць.

Духоўныя сілы можна чэрпаць толькі з асабістай сустрэчы з Богам, а не абапіраць сваю духоўнасць выключна на словах, засвоеных ад аўтарытэтаў.

З Богам мы сустракаемся ў Яго слове, запісаным у Бібліі і не запісаным, якое перадаецца ў традыцыі.
В’етнамскі кардынал Нгуен ван Туан (ён памёр некалькі гадоў таму) падчас рэкалецый, якія ён правёў у 2000 годзе для Папы і яго супрацоўнікаў, расказаў пра жыццё вязняў мінулых гадоў у В’етнаме. Кардынал засведчыў, што на яго бацькаўшчыне было забаронена стварэнне ўсялякіх рэлігійных супольнасцей. Людзі цалкам канцэнтраваліся на жыцці Божым Словам. Не было духоўнай літаратуры, друкаваных тлумачэнняў Бібліі. Вернікі мелі толькі Евангелле і ім дзяліліся, а хрысціянскае жыццё квітнела. Католікі там і ў той час дзяліліся ўрыўкамі Новага Запавету, якія перадаваліся ў турмы, і завучвалі гэтыя фрагменты на памяць. Паколькі ў камерах не было падлогі, а толькі зямля ці пясок, вязні, чуючы голас вартаўніка, закопвалі старонкі з кнігі ў зямлю. Ноччу, у цемры, кожны па чарзе чытаў фрагмент тэксту Святога Пісання, які ён вывучыў. Як сведчыў праз многа гадоў адзін з вязняў, гэта было вельмі кранальна — чуць у цішыні і цемры Божае Слова, “жывое Евангелле”, прачытанае ад сэрца. Нехрысціяне слухалі з павагай і здзіўляліся таму, што называлі “святымі словамі”.

Позірк Хрыста дасягае нашых часоў. Сёння гэты позірк спыняецца на людзях, прыгнечаных цяжкімі ўмовамі жыцця і пазбаўленых важных арыенціраў, і дапамагае знайсці сэнс жыцця і мэту існавання: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас”.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter