В МЧС разработали автоцистерну повышенной проходимости, способную перевозить 14 тонн воды

Столькi вады сплыло

Інавацыю прапанавалі ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. Новая канструкцыя цыстэрнаў пажарных аўтамабіляў атрымалася больш трывалай за існуючыя ў краіне аналагі і дазволіць перавозіць значна больш вогнетушыльнага сродку. Гэта дапаможа ратавальнікам хутчэй дабірацца да цяжкадаступных месцаў, ліквідаваць пажары ўдалечыні ад водных крыніц, а таксама знізіць колькасць пазапланавых рамонтаў пажарных аўто. Карэспандэнт «Р» даведалася пра сутнасць распрацоўкі.

Праект распрацаваў выкладчык кафедры прамысловай бяспекі Сяргей Караткевіч. Да ўніверсітэта ён тры гады быў начальнікам варты Веткаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Кіраваў аварыйна-выратавальнымі пад­раздзяленнямі, выязджаў на пажары і ўдзельнічаў у іх тушэнні. Тады і нарадзілася ідэя мадэрнізаваць цыстэрны:

Сяргей КАРАТКЕВІЧ: «Каб вымераць усе ўнутраныя элементы цыстэрны, не адну гадзіну правёў унутры яе з рулеткай у руках».
Фота аўтара.
— Уявіце, што машына накіроўваецца да месца пажару па бездарожжы: выбоістай прасёлкавай дарозе або грузкім полі. Калыханні вады і рэльеф мясцовасці разам даюць вялікую нагрузку на цыстэрны. Яны пашкоджваюцца і патрабуюць рамонту, часта сур’ёзнага.

Машыны, бывае, падоўгу прастойваюць у вытворча-тэхнічных цэнтрах, дзе спецыялісты ліквідуюць цечы. Сяргей Карат­кевіч знайшоў выхад, як гэтага пазбегнуць.

Эксплуатацыйная надзейнасць усіх цыстэрнаў забяспечваецца наяўнасцю хва­лярэзаў і рэбраў цвёрдасці, — распрацоў­шчык круціць у руках макет праекта. — Калі іх правільна размясціць, аптымізаваць памеры і форму, дапоўніць рас­працаванымі элементамі, мы сур’ёзна павысім трываласць, павялічым тэрмін эксплуатацыі і міжрамонтны перыяд.

Каб павысіць тэхнічныя маг­чымасці пажарных аўтацыс­тэрнаў, прыйшлося добра папрацаваць. Да прыкладу, адмысловымі прыборамі вымераць вібрацыі ў самых розных рэжымах — пры паскарэнні, тармажэнні, павароце аўто, руху па дарогах з розным пакрыццём. Пралічыць ціск. Вызначыць зоны канструкцыі, якія падвяргаюцца вялікай нагрузцы.

Каб вымераць усе ўнут­раныя элементы цыстэрны, не адну гадзіну правёў унутры яе з рулеткай у руках, — успамінае Сяргей Караткевіч. — Магчымасці сучасных праграмных сродкаў дазволілі аца­ніць стан канструкцый пры розных рэжымах руху, што раней у разліках не ўлічвалася.

Дарэчы, запас трываласці канструкцый удалося павялічыць больш як на 30 працэнтаў — вынік пацвярджаюць камп’ютарнае мадэліраванне, навуковыя даследаванні і рэальныя эксперыменты. Некалькі пажарных машын ужо мадэрнізаваны, яны працуюць на базе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС. Распрацоўшчык запэўнівае: у хуткім часе методыку асвояць і ў іншых рэгіёнах краіны — машын, якія варта мадэрнізаваць, у нас шмат. Дарэчы, распрацоўка ўніверсальная — можа ўжывацца і для іншай тэхнікі, якая перавозіць вадкасці, нават небяспечныя.

На распрацаваную канструкцыю цыстэрны атрыманы патэнт.

Акрамя паляпшэння надзейнасці цыстэрнаў, Сяргей Генадзьевіч звярнуў увагу і на іх аб’ём. Распрацоўшчык тлумачыць на пальцах:

— Па статыстыцы, 98 працэнтаў людзей гіне ў самым пачатку пажараў або НС. Таму выратавальнікам трэба дзейнічаць максімальна хутка. Поспех тушэння пажару шмат у чым залежыць ад наяўнасці побач водных крыніц. Калі ў горадзе гэта рэальна, то ў сельскай мясцовасці сітуацыя нашмат складаней, таму што вада можа знаходзіцца далёка ад ачага пажару. Тады супрацоўнікі МНС вымушаны выклікаць падмогу і арганізоўваць падвоз вадкасці.

Сёння ў асноўным па краіне эксплуатуюцца пажарныя машыны з цыстэрнамі ўмяшчальнасцю 5 тон. Бесперабойна яны могуць падаваць ваду на працягу 6 хвілін. Калі ж цыстэрна будзе змяшчаць 14 тон вадкасці, то гэты час павялічыцца аж да 17 хвілін.

Нашай распрацоўкай зацікавіўся адзін з беларускіх вытворцаў пажарнай тэхнікі. І калі некаторыя элементы па паляпшэнні трываласці цыстэрнаў ужо ўкаранёныя ў вытворчасць, то выпуск 14-тонных канструкцый толькі справа часу, — агучвае планы Сяргей Караткевіч. — Рэалізаваць задуманае атрымалася дзякуючы падтрымцы і дапамозе майго навуковага кіраўніка доктара тэхнічных навук, прафесара Вадзіма Коўтуна.

Дарэчы, на распрацаваную канструкцыю цыстэрны атрыманы патэнт, а сам праект увайшоў у фінал рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі».

ypopko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter