Ставяць ёлкі ў івацэвіцкіх Ёлках

НАВАГОДНЯЕ свята немагчыма ўявіць без прыгажуні ёлкі. Ззяюць-пераліваюцца яны рознакаляровымі агеньчыкамі на плошчах, вуліцах, у дамах. Свежы лясны пах ялінак стварае ўзвышаны настрой. З даўніх часоў аздаблялі вечназялёнымі галінкамі храмы на Раство Хрыстова, а з цягам часу лясная госця ў многіх краінах свету стала асноўным упрыгожваннем навагодняга свята. Нават у самых маленькіх нашых вёсачках, пасёлках, на хутарах моцна трымаецца гэта даўняя традыцыя. Усяго дзевяць жыхароў зараз у івацэвіцкіх Ёлках, што схаваліся за ляском каля ажыўленай аўтатрасы на Пінск. Тут адзіная вясковая вуліца, якая называецца Шашэйнай. У царскія часы гэтымі мясцінамі валодалі высокапастаўленыя асобы. Вакол шумелі векавыя бары ўперамежку з непраходнымі балотамі. З лясных гушчароў вывозілі на лесапілкі магутныя дрэвы і распілоўвалі на дошкі, брускі, габлявалі гонту. Найбольш спрыяльныя для вырабу гонты — елкі, асіна, сасна, якіх багата расло ў навакольных мясцінах. Каля адной з такіх лесапілак і ўзнік невялікі хутарок, што з цягам часу стаў вёсачкай.

«БН» павіншавала з надыходзячымі святамі вяскоўцаў, якія жывуць каля лесу і любяць усё натуральнае

НАВАГОДНЯЕ свята немагчыма ўявіць без прыгажуні ёлкі. Ззяюць-пераліваюцца яны рознакаляровымі агеньчыкамі на плошчах, вуліцах, у дамах. Свежы лясны пах ялінак стварае ўзвышаны настрой. З даўніх часоў аздаблялі вечназялёнымі галінкамі храмы на Раство Хрыстова, а з цягам часу лясная госця ў многіх краінах свету стала асноўным упрыгожваннем навагодняга свята. Нават у самых маленькіх нашых вёсачках, пасёлках, на хутарах моцна трымаецца гэта даўняя традыцыя. Усяго дзевяць жыхароў зараз у івацэвіцкіх Ёлках, што схаваліся за ляском каля ажыўленай аўтатрасы на Пінск. Тут адзіная вясковая вуліца, якая называецца Шашэйнай. У царскія часы гэтымі мясцінамі валодалі высокапастаўленыя асобы. Вакол шумелі векавыя бары ўперамежку з непраходнымі балотамі. З лясных гушчароў вывозілі на лесапілкі магутныя дрэвы і распілоўвалі на дошкі, брускі, габлявалі гонту. Найбольш спрыяльныя для вырабу гонты — елкі, асіна, сасна, якіх багата расло ў навакольных мясцінах. Каля адной з такіх лесапілак і ўзнік невялікі хутарок, што з цягам часу стаў вёсачкай.

АМАЛЬ дзевяноста гадоў старэйшай жыхарцы Веры Канстанцінаўне Пракурат. Некалі бацька яе ў навакольных лясах вырабляў гонту і на заробленыя грошы набыў невялікі зямельны надзел на хутары, дзе потым збудаваў хатку. Побач ужо стаяла некалькі невялікіх хацінак, якія акружалі высокія старыя елкі. Таму і назвалі хутарок Ёлкамі, які потым стаў вёсачкай. Лес ды балоты кармілі ёлкаўскіх сялян, бо ворыўнай зямлі было зусім мала. Грыбы, ягады, усялякая дзічына выручалі. Жылі кожны сваёй гаспадаркай. За польскім часам найбольш мнагалюдна тут было. Вялікія сялянскія сем’і туліліся ў маленькіх хацінках. Небагатыя падворкі і агароды ўпіраліся ў балоты і лес. Магазіна, клуба ці школы ніколі тут не было. За шэсць кіламетраў хадзілі ў царкву ў Яглевічы, дзе цяпер новы храм Георгія Пабеданосца. Ёлкаўскія дзеці за польскім часам наведвалі пачатковую школу ў суседніх Гічыцах. Чатыры класы закончыла Вера Канстанцінаўна і яшчэ два гады хадзіла за сем кіламетраў у івацэвіцкую школу. Тады ў гарадку было ўсяго некалькі вуліц.

— У 1939 годзе ў нашых мясцінах усталявалася савецкая ўлада, а праз два гады вайна пачалася, і так склалася, што далей я ўжо не вучылася. Але школьныя веды добра засвоіла і зараз усё памятаю з той школьнай навукі, — ганарліва падкрэслівае Вера Канстанцінаўна. — У магазіне да капеечкі ўсё хутка падлічу. Вельмі добра мне ў школе давалася матэматыка. Польскія настаўнікі хвалілі мяне за лёгкае рашэнне школьных задач. І сыны мае без напругі спраўляліся са школьнай матэматыкай. Яны абралі свае жыццёвыя шляхі і пакінулі вёску. Дванаццаць гадоў як не стала мужа. Хаця ён на шэсць гадоў быў маладзейшы за мяне, а пажыў менш. Каторы год адна ў сваім доме.

Колькі ўсяго тут перажыта. Як мы гаравалі ў вайну. У навакольных лясах была партызанская зона, і фашысты люта каралі за сувязь з партызанамі. Знішчалі людзей, палілі вёскі, і нашу Ёлку яны ўшчэнт спалілі. Пасля вызвалення ад акупантаў толькі коміны тырчалі. Мы з лесу вярнуліся, і бацька збудаваў невялікую хацінку, амаль дваццаць душ у ёй перабівалася. Лес нам давалі бясплатна, толькі будуйся. Крыху ўзняліся на ногі нашы сяляне. Да нашай маленькай хацінкі мы прыбудову прыстараліся. Прасторней стала. Побач брат мой хату сабе паставіў. А я ў бацькоўскай з сям’ёй пражыла. Мы з мужам чацвёра сыноў выхавалі. Цяпер адна тут век вякую.

Пад павецямі чакаюць свайго часу механічная бульбакапалка, плугі, бораны і іншыя сельскагаспадарчыя прылады. А на лужку, што за агародам, стаяць пярэста пафарбаваныя вуллі.

— Гэта сын Аляксандр з жонкай Людмілай, якая настаўнічае ў Івацэвічах, займаюцца пчалярствам, — удакладняе Вера Канстанцінаўна. — Яшчэ з бацькам распачалі гэты занятак. Сын працаваў калгасным трактарыстам, потым шафёрам. А ў вольны час яго вабіў пчальнік. Набыў спецыяльны вагончык, і як толькі з першым  цяплом абуджаецца прырода, вывозіць вуллі на вясновы першацвет, потым мяняе месца медазбору. Падчас школьных канікулаў яму дапамагае жонка.

Мы сваіх дзяцей з маленства да працы прывучалі. Мой гаспадар па навакольных лясах ды прылесках вышукваў пустуючыя лапікі зямлі і яе распрацоўваў. Там саджалі бульбу.

— Вера Канстанцінаўна, а дзе знайшлі такога ўдалага мужа?

— Ён мяне знайшоў. Да вайны яго бацькі жылі ў вялікай палескай вёсцы Спорава, што каля рэчкі Ясельды, бацька быў доктарам. Сям’ю саслалі ў Сібір. А калі з’явілася магчымасць, яны вярнуліся. Міхал з братам у суседніх Уласаўцах абуладзіліся. Прыйшоў у Ёлкі і мяне сасватаў. Мы першымі ў акрузе трактар «Т-40» займелі. На ім і апрацоўвалі свае бульбяныя плантацыі. Я паспявала і на калгасную працу, і дома ўсё парабіць, накарміць сыноў, мужа ды састарэлых бацькоў сваіх.

— А як святкавалі Новы год, Каляды?

— У нашых Ёлках святы нічым асаблівым не вызначаюцца. Як і ў любы дзень, трэба гаспадарку дагледзець, абагрэць хаціну і, калі ёсць настрой, — на стол святочны сабраць. А ёлку мы з мужам заўжды для сваіх хлопчыкаў ставілі і нешта пад яе стараліся пакласці. Выбіралі ў лесе невялічкую густую ялінку. Хлопцы цацкі больш самі майстравалі. Шышачкі яловыя і сасновыя, шкарлупіны яек курыных фарбавалі, невялікія чырванабокія яблычкі запасалі да гэтага свята і так ёлачку ўпрыгожвалі. Агеньчыкаў такіх, як зараз, не было. Не прыходзілі па выкліку ў нашыя вясковыя хаты Дзед Мароз і Снягурка. Звычайна яны віталі дзетак у школе ці ў вясковым клубе. Зімы былі снежныя, марозныя. Выйдзеш на падворак і чуеш, як парканы ад сцюжы трашчаць. А ўвечары зірнеш на зорнае неба — вачэй не адвесці.

НА ПЯТНАЦЦАЦЬ гадоў маладзейшая суседка Ганна Васільеўна Лабчук адзіная на ўсе Ёлкі трымае кароўку. Яшчэ на яе падворку шмат рознай хатняй птушкі, а ў хлеўчыку рохкаюць добра ўкормленыя, амаль па два цэнтнеры вагой, парсюкі. Ганна Васільеўна таксама даўно ўжо ўдава. Дзеці выраслі і параз’ехаліся. Сын ажаніўся ў Польшчы, а дачка прыязджае з Гродзеншчыны толькі за свежанінай. Самой гаспадыні, якую вяскоўцы завуць Нюрай, управіцца з усім цяжкавата. Было дзве каровы, адну летась здала. Кароўка яшчэ доіцца, і праз дзень за малаком прыязджае машына. Але, як сцвярджае Нюра, выгадней вазіць малочныя прадукты ў Івацэвічы. Праўда, за продаж малака гаспадарцы і здачу цялятка яна гарантавана атрымлівае фураж для жывёлы. Летась адна з каровак прывяла двойню, і ўсе тры цяляткі прыняла гаспадарка «Майск». А за прададзеную карову атрымала дзесяць мільёнаў рублёў. Купіла шыкоўны вадкакрышталічны тэлевізар і модных абновак сабе і ўнукам.

— Будуць і навагоднія падарункі ўсім унукам і праўнукам. Іх у мяне сямёра, — хваліцца Ганна Васільеўна. — Для іх я кожны год стаўлю ёлку. Прыдбала самых прыгожых ёлачных цацак, электрычныя агеньчыкі і нават Дзеда Мароза. Штучных ёлачак я не стаўлю ніколі. У маёй хаце заўжды на Новы год прыемны пах лясной прыгажуні. Асабліва ў першыя дні. Мы жывём каля лесу і любім усё натуральнае.

УДВАІХ сустракаюць навагодняе свята Валянціна Міхайлаўна і Васіль Васільевіч Стрыжакі, лёс якіх не вельмі песціў. Быццам пра іх напісана песня, у якой сустрэліся два адзіноцтвы і развялі вогнішча, якому разгарацца не хочацца. Абое яны аўдавелі, і добрыя людзі дапамаглі ім знайсціся. Дваццаць гадоў ужо разам. Гэта адзіная поўная сям’я ў Ёлках. Дзяцей у іх няма, але маленькую штучную ялінку Валянціна Міхайлаўна даўно прыдбала, і кожнае навагодняе свята яна ўпрыгожвае іх маленькі ўтульны домік. І двор таксама ладны ў іх са студняй, садок невялікі і поўны хлеў курэй, качак, індыкоў і парасят. Клопату хапае, але, як сцвярджае васьмідзесяцішасцігадовая Валянціна Міхайлаўна, гэта прыемныя турботы. Затое поўны халадзільнік сваіх вясковых прадуктаў, і яшчэ суседзяў можна пачаставаць.

— У нашых Ёлках, акрамя пастаянных жыхароў, ёсць і дачнікі, — удакладняе Валянціна Міхайлаўна. — Насупраць нашага дома даўно ўжо гаспадарыць    Васіль   Васіль-

евіч Петручэня. Вельмі прыветлівы, шчыры чалавек. Ён тут трымае падсобную гаспадарку і штодзень наведваецца, каб дагледзець індыкоў. Праведвае нас, пацікавіцца здароўем, справамі. Вельмі хораша аздобіў сваю сядзібу рознымі дэталямі, пасадзіў садок. У яго заўжды чысціня і парадак, і мы стараемся таксама трымаць свой падворак у добрым стане.

— Быў час, што Ёлкі ўжо зусім заняпалі. Толькі некалькі хат заставалася, але як пайшла мода на дачы, вёсачка наша паціхеньку становіцца запатрабаванай, — дапаўняе жонку Васіль Васільевіч Стрыжак. — І нават кошт дамоў падняўся. Зямля ў нас тут урадлівая, і ад Івацэвіч ехаць аўтобусам хвілін дзесяць. Мы на нашым легкавіку, калі ўзнікае патрэба, хуценька дабіраемся да горада. А так да нас тры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Выбар тавараў дастатковы. Пенсіі нам прывозяць на паштовай машыне. А калі вельмі неадкладна трэба ў горад, то побач з вёскай на шашы прыпынак, і на аўтобусе хутка дабіраемся. Нашы Ёлкі маюць перспектыву. За апошнія некалькі гадоў амаль усе пустуючыя дамы ўжо раскуплены. Людзі  добраўпарадкоўваюць былыя сялянскія сядзібы.

У НЕВЯЛІКІХ Ёлках у любую пару года чароўная цішыня. На высокім слупе ў цэнтры вёскі чакае птушак буслянка. Выйдзеш вясною на ганак, і зачароўвае бусліны клёкат. А якія сімфоніі цёплымі вечарамі даносяцца з навакольных балотцаў! За тысячы кіламетраў адлятаюць, а вясной вяртаюцца сюды чароды самых розных пералётных птушак, каб прадоўжыць свой род. Пэўна, і мы павінны вучыцца ў іх даражыць родным кутком.

Уладзімір СУБАТ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter