На інавацыйных пляцоўках БНТУ адкрываецца V Форум ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю

Стартапы ўвосень вывучаюць

На інавацыйных пляцоўках БНТУ адкрываецца V Форум ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю
Форум праектаў праграм Саюзнай дзяржавы — пяты форум ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю адкрыецца сёння на інавацыйных пляцоўках Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, расказаў першы прарэктар БНТУ па вучэбнай рабоце, эканамічнай і фінансавай дзейнасці, уладальнік ганаровага звання «Мінчанін года» Георгій Вяршына. Яго ўдзельнікамі стануць 88 маладых людзей з шэрагу ВНУ свету, у тым ліку з Беларусі і Расіі. Усяго чакаецца каля дзвюх соцень удзельнікаў і гасцей.


Фото bntu.by

«Кожны форум мае свае асаблівасці, хоць тэматыка ў іх адна — забяспечыць падтрымку моладзевага інавацыйнага прадпрымальніцтва і ўцягнуць таленавітую моладзь у інавацыйную дзейнасць, — кажа Георгій Вяршына. — У гэтым годзе мы абагульнілі сусветны вопыт стварэння стартап-цэнтраў, фаблаб-праектаў або мабільных фабрычных лабараторый па арганізацыі навучальнага і бізнес-працэсу і вырашылі ў рамках Саюзнай дзяржавы гэтай сістэме надаць яшчэ большае значэнне».

Па словах першага прарэктара, на форум акрамя звычайных удзельнікаў запрошаны госці з Кітая, Казахстана, Украіны, Іспаніі, Польшчы. «Мы хочам, каб наша моладзь яшчэ больш актыўна ўдзельнічала ў міжнародных праектах і каб іх распрацоўкі ўкараняліся ў вытворчасць, адпавядаючы дэвізу «Адукацыя. Навука. Вытворчасць», — падкрэсліў ён. — І, зразумела, пройдуць гады, і гэтыя людзі створаць свае навуковыя школы, свой бізнес, свой прэстыж у любой краіне. Сёння мы гаворым пра студэнцкую і мабільнасць педагагічнага саставу. Усё гэта элементы Балонскага працэсу».

У рамках форуму запланавана шмат знакавых мерапрыемстваў. У іх ліку бізнес-бой на лепшы інавацыйны праект. Дарэчы, праводзіцца ён упершыню. Па словах Георгія Вяршыны, лепшыя распрацоўкі будуць рэкамендаваны для ўкаранення ў навукова-тэхналагічным парку БНТУ «Палітэхнік», «Сколкава» або ПВТ. Свае сілы памераюць 80 ВНУ Расіі і 10 — Беларусі. Таксама ўпершыню пройдуць спаборніцтвы мабільных робатаў. «Гэта тая ж Формула-1, толькі ў паменшаным маштабе, — інтрыгуе першы прарэктар. — Балід — мабільны робат, які павінен паказаць лепшы час на спецыяльна спраектаванай мабільнай трасе».

Завершыць форум дзень адчыненых дзвярэй, куды запрошаныя ўсе жадаючыя.

Па словах Георгія Вяршыны, за пяць гадоў форуму вырашаны тры задачы — адукацыйная, навуковая, выхаваўчая. «Мы паспяхова супрацоўнічаем з Ніжнегародскім тэхнічным універсітэтам па падрыхтоўцы кадраў для ядзернай энергетыкі краіны. Гаворка аб стажыроўках, павышэнні кваліфікацыі нашых студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, стварэнні адзінага ланцужка бесперапыннай сістэмы адукацыі, — кажа ён. — Арганізаваны таксама навуковы абмен. Што тычыцца выхаваўчага складніка, штогод да гадавіны Перамогі мы арганізуем прабегі па кірунку Мінск—Іжэўск альбо Іжэўск—Мінск». Ёсць і важны фінансавы вынік: дзякуючы рэалізацыі міжнародных праектаў, а ў прыватнасці распрацоўцы стартап-цэнтраў, экспарт адукацыйных паслуг у БНТУ за пяць гадоў вырас у тры разы.

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter