Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат: «У дысцыпліны і тэхналогіі не павінна быць дэмакратыі»

СЕМ гадоў таму Глыбоцкі раён узначаліў даволі яшчэ малады, энергічны і творчы кіраўнік Алег Морхат. Менавіта пры ім адбыліся вельмі значныя зрухі не толькі ў грамадскім сектары вытворчасці, развіцці сацыяльнай сферы, але і ў навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні горада, аграгарадкоў, вёсак. Нездарма на абласным свяце працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017” Глыбоцкаму раёну ўручаны дыплом пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”. Аб тым, якімі высілкамі такое дасягаецца, аб філасофіі жыцця на зямлі ўвогуле — у інтэрв’ю Алега МОРХАТА ўласнаму карэспандэнту “Сельской газеты”.

Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег МОРХАТ (на пярэднім плане) пры наведванні з камісіяй машыннага двара ААТ «Глыбоцкі аграсэрвіс».
Фота Андрэя ПАНКРАТА

— Алег Віктаравіч, добра ведаю вас па рабоце старшынёй гаспадаркі ў Шаркаўшчынскім, адпаведна намеснікам і начальнікам райсельгасхарчу ў Браслаўскім і Чашніцкім раёнах. І ўсюды вы пільнаваліся парадку. Асабліва ж гэта праявілася на Глыбоччыне, дзе кожны аграгарадок – дай ты рады. Непазнавальна змяніўся і райцэнтр, які прыезджыя ці не ў адзін голас называюць адметным еўрапейскім горадам.

— Само месцазнаходжанне раёна абавязвае. Ён не толькі ў цэнтры Еўропы, вядомы шматлікімі помнікамі архітэктуры, але і выбітнымі асобамі: авіяканструктарам Паўлам Сухім, заснавальнікам беларускага тэатра Ігнатам Буйніцкім, мастаком Язэпам Драздовічам... Восем хлебаробскіх зорак, Герояў Сацыялістычнай Працы, узгадавала гэта зямля: Міхаіла Лытасава, Міхаіла Мацюшонка, Леаніда Пугаўку, Соф’ю Юргель, Лідзію Плыгаўку, Уладзіміра Вайтэцкага, Васіля Асіненку, Максіма Клямянка. Раён у апошнія гады станавіўся пляцоўкай многіх рэспубліканскіх і сусветных мерапрыемстваў. У тым ліку – Дня пісьменнасці, “Вішнёвага фестывалю”, “Уладара сяла”, сусветнага фестывалю хрысціянскіх фільмаў “Магніфікат” і іншых.

— Пяць гадоў таму Глыбокае стала пераможцам у рэспубліканскім конкурсе па добраўпарадкаваннi, потым падобнага поспеху дабіліся ААТ “Удзела” і філіял “Мнюта”. Як бачна, сёлетні трыумф не выпадковасць?

— Канечне. Патрэбнага выніку нельга дасягнуць без сістэмнай работы. Мы, як у добрыя савецкія часы, звярнуліся да практыкі выязных выканкамаў. Перад кожным усе раённыя службы дапамагаюць навесці парадак у тым сельсавеце, дзе ён павінен адбыцца: на пошце, у ФАПах, крамах і гэтак далей. У нас 13 сельсаветаў, і за год выязныя выканкамы пройдуць у кожным. Немалаважны факт: цеснае супрацоўніцтва з сельгаспрадпрыемствамі. Напрыклад, Празароцкі сельсавет вырашае многія праблемы дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва ААТ “Чарневічы”.

А яшчэ шырока праходзяць у нас святы вёсак. Пра іх асаблівая гаворка. Вёска, на жаль, старэе. Калі ў 1980 годзе тут было 39 тысяч жыхароў, сёння — 17 814. А працаздольных і наогул 2392 чалавекі. У вёсках, якіх амаль 400, жывуць пераважна людзі сталага ўзросту, многія засталіся сам-насам. Так, сёння ім выплачваецца прыстойная пенсія, аўтамагазіны падвозяць прадуктовыя і прамысловыя тавары па заказе прама дахаты. Але ж гэтага мала. Людзі  хочуць быць часткай калектыву. І вось прыходзіць свята, накрываюцца сталы, выступаюць работнікі культуры. Пра кожнага вяскоўца знаходзяць цёплае слова. Ад прадпрыемстваў і арганізацый, у якіх працавалі раней тутэйшыя жыхары, уручаюцца каштоўныя падарункі. І бачылі б вы радасць у вачах людзей, пра якіх успомнілі. Пасля такога свята “другое дыханне” адкрываецца ў чалавека. Трэба зазначыць, што тут нам вельмі спрыяюць прадпрыемствы і арганізацыі раёна. А яшчэ, як і патрабуе Прэзідэнт, удзельнічаюць у гэтай справе людзі, якія тут нарадзіліся. Напрыклад, дырэктар Дзвінскай эксперыментальнай базы Эдуард Длужнеўскі ў сваёй вёсцы Малыя Давыдкі павыразаў хмызы, разабраў старыя пакінутыя хаты, зладзіў прыгожую альтанку.

— У такой справе, відаць, каштоўна паказаць асабісты прыклад. Ведаю, што і вы не забываеце сваю вёсачку Залесенкі, якая ў суседнім Шаркаўшчынскім раёне?

— Як жа забыць, калі гэта карані. Раней у Залесенках было паўсотні хат. Сёння ўсяго восем, а людзі жывуць і наогул у трох-чатырох. Бацькоў маіх, на жаль, ужо няма, але я з братамі часта тут бываю. Наводзім парадак не толькі каля свайго дома, але і па ўсёй вёсцы. Гэта яшчэ да таго ж і невычэрпная крыніца духоўнай энергіі.

— Між іншым, адным з першых вашых крокаў на пасадзе старшыні райвыканкама стала, калі можна так сказаць, барацьба з хмызамі каля прыдарожных палос і на палетках?

— Трэцяя частка раёна пад лесам, і гэтага дастаткова. А калі сёння зарастаюць сельгасугоддзі і ворныя землі – грэх. Вазьміце той жа Ізраіль, Галандыю, Нарвегію. Там зямлю адваёўваюць у пяскоў, марской вады і камянёў. І ў нас кожны кавалачак павінен даваць прадукцыю. Мы павялічылі ўсяго за некалькі гадоў у паўтара раза контурнасць палёў. І сёння ачыстка іх працягваецца. Тэхніку для гэтага прадастаўляе КУП “Глыбоцкая ПМК меліявадгас”. Акрамя таго, яно мэтанакіравана з года ў год займаецца меліярацыяй новых зямель. Толькі за тры апошнія гады ва УП “За Радзіму” здадзены 350, ля птушкафабрыкі акультурана 200 гектараў. Цяпер вядзецца меліярацыя ў філіяле “Мнюта” ААТ “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат” на 130 гектарах. За кожнай гарадской арганізацыяй, прадпрыемствам замацаваны жывёлагадоўчыя фермы, размеркаваны прыдарожныя палосы. Толькі сёлета камяні сабраны з палёў на плошчы 12 тысяч гектараў. Так, гэта вялікая нагрузка на працоўныя калектывы. Але гэта – наша зямля.

— Выпадкова ці не, але атрымліваецца так, што вы ідзяце на крок-два наперадзе рэспубліканскіх праграм па добраўпарадкаваннi? І не толькі. Глыбоцкі раён сёлета адным з першых пасеяў яравыя, убраў яшчэ да дажджоў не толькі зерневыя, але і кукурузу.

— Хачу сказаць, што я чалавек дысцыпліны і парадку. І яшчэ. У тэхналогіі не павінна быць дэмакратыі. Таму веснавая сяўба ў нас была праведзена ў патрэбныя тэрміны. Для гэтага рыхтавалі глебу і нават сеялі ў начныя змены. Тое ж самае на ўборцы. Хтосьці лямантаваў: “Алег Віктаравіч, высокая вільготнасць зерня! Перарасход паліва на сушылках. Пачакаем!” Не пагадзіўся: “А што будзе, калі пачнуцца дажджы? Усё пойдзе ў зямлю”. Так, паліва выдаткавалі крыху больш нормы, але выратавалі ўраджай, сабралі на круг па 30 цэнтнераў зерня пры бале глебы ўсяго 25. Паўтарылі тым самым 2012 год, адзін з лепшых па ўраджайнасці, хаця ведаем, што гэта далёка яшчэ не наш паказчык.

А па лёне і наогул атрымалі другі вынік у вобласці. Сёння закладваем фундамент новага ўраджаю. У майстэрнях сельгаспрадпрыемстваў парадак. Усё непатрэбнае спісваем на металалом. Заканчваецца пастаноўка тэхнікі на захоўванне. Рашэннем райвыканкама створаны раённы абменны пункт вузлоў і агрэгатаў. У нас цудоўна працуе аграсэрвіс, які мы захавалі ў цяжкія часы, і цяпер ён выйшаў на ўстойлівую прыбытковую працу. Акрамя таго, у ААТ “Канстанцінаў Двор” на базе закрытых раней майстэрань аднаўляем трактарныя прычэпы для гаспадарак раёна.

— “Канстанцінаў Двор” уваходзіць у інтэграцыйную структуру Глыбоцкага камбікормавага завода?

— Інтэграцыйная структура аказвае вялікую падтрымку ў плане культуры земляробства. На яе працуе тая тэхніка, якая прыйшла сёння: высокаэнергетычная з шыроказахопнымі агрэгатамі, якія адразу выконваюць у комплексе шэраг аперацый. Мы асабліва ўдзячны ў сувязі з гэтым Указу № 320 Прэзідэнта і ініцыятыве старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва па аснашчэннi сельгаспрадпрыемстваў самай перадавой тэхнікай.

— Парадак на зямлі сказваецца на поспехах у жывёлагадоўлі?

— Без яе мы ніхто. Калі ёсць у вёсцы ў каго карова, значыць, ты – гаспадар, пан. Няма – жабрак. Яшчэ бацька мяне вучыў: “Сын, курыца – гэта кожны дзень яйка, карова – кожны дзень малако, свіння – кумпяк”. І сёння нічога не змянілася: 80 працэнтаў выручкі ў раёне дае жывёлагадоўля. Мы маем адну з самых вялікіх у вобласці шчыльнасць буйной рагатай жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў: 60 галоў, у тым ліку кароў – 22. Да таго ж яшчэ ёсць два свінакомплексы на 50 тысяч галоў, птушкафабрыка на паўмільёна курэй, два комплексы па адкорме буйной рагатай жывёлы на 6 тысяч галоў.

Таму на першы план выходзіць нарыхтоўка кармоў, з чым і спраўляемся. Сёлета мы адны з лепшых у вобласці па ўраджайнасці кукурузы. Яе пасеялi 5200 гектараў, атрымалi 125 тысяч тон сіласнай кукурузнай масы. І ўсё гэта пры дэфіцыце мінеральных удабрэнняў. Вось лічбы для параўнання: калі ў 1970 годзе ўносілі 450 кілаграмаў NPK на гектар у дзеючым рэчыве, у 2016-м – 267, то сёлета – усяго 95 кілаграмаў. Але сакрэт у тым, што вывезлі на палі ўсю арганіку. Сёння таму і маем 23,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Але важна было не толькі нарыхтаваць кармы, але і захаваць іх. За гады маёй работы ў раёне пабудавалі 62 сянажныя траншэі. Прычым палову з іх — за два апошнія гады. Толькі летась затрацілі на іх 600 тысяч рублёў. На наступны год застаецца пабудаваць яшчэ 20 траншэй, і мы поўнасцю закрываем пытанне. Правялі рэканструкцыю і мадэрнізацыю 46 жывёлагадоўчых ферм. Уведзены ў строй дзве даільныя залы, дзве рабатызаваныя фермы.

— У ААТ “Навасёлкі-Лучай” Пастаўскага раёна быкі ўтрымліваюцца круглы год у полі. Глыбачане пайшлі па сваiм шляху. Напрыклад, давялося бачыць у філіяле “Мнюта”, як быкі выпасаюцца ў вялікім загоне ў некалькі дзясяткаў гектараў, а ад холаду хаваюцца ў будыніне, размешчанай побач?

— Гэта так званыя пастаўнікі плошчай у 20—30 гектараў, дзе ўтрымліваюцца і выпасаюцца цялушкі і быкі. Калі яны на волі, то не патрабуюцца транспарцёры, электрычнасць і мінімум абслугоўваючага персаналу. Падведзена толькі вада. Цёпла – жывёла на вуліцы. Холадна або вельмі горача — у памяшканні. Будаўніцтва пастаўнікоў працягваецца. У нас усё цёлачнае пагалоўе на бяспрывязным утрыманні і на глыбокай падсцілцы з саломы. А гэта не толькі цяпло, але і якасная арганіка потым. Акрамя таго, мы пабудавалі 78 прафілакторыяў для маладняка буйной рагатай жывёлы.

— Алег Віктаравіч, вернемся да таго, з чаго пачыналі, — да перамогі ў рэспубліканскім конкурсе па навядзеннi парадку на зямлі. Як думаеце скарыстаць прэмію і якія планы на будучае?

— Наконт прэміі, а яна 23 тысячы рублёў, хацелі б стварыць за кошт яе экалагічны клас, у якім бы выхоўвалі у дзяцей з усяго раёна беражлівыя адносіны да зямлі, флоры і фаўны. На жаль, па інструкцыі, гэтыя грошы мы можам пусціць толькі на ўгнаенні ці меліярацыю. Што тычыцца планаў на будучае, то будзем надалей цвёрда трымаць намечаны курс па навядзеннi парадку на зямлі.

saulich@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter