У Беларусі ўшанавалі памяць пра Данілу Міцкевіча, арганізатара і першага дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Старэйшы сын Песняра

Іван Ждановіч

У Беларусі ўшанавалі памяць пра Данілу Міцкевіча, арганізатара і першага дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

mickevich.pngНаведваючы Коласаўскі музей, размешчаны ў двары будынка Нацыянальнай акадэміі навук, даведаемся пра цікавы факт. Аказваецца, месца, дзе прайшлі апошнія гады жыцця Якуба Коласа, для бацькі падбіраў старэйшы сын, Даніла Міцкевіч. Пясняр пасяліўся там пасля вяртання з эвакуацыі. “У спаленым горадзе цяжка было знайсці добрае жыллё, таму домік, прывезены з прыгараднай вёскі ў час вайны і пастаўлены ў двары Акадэміі навук, стаў на той час адзіна магчымым вырашэннем жыллёвага пытання пісьменніка”, — чытаем на сайце музея. Хата 5х9 метраў мела тры невялікія пакойчыкі, маленькую кухню. Ні вадаправоду, ні цэнтральнага ацяплення. Затое пісьменніку блізка было да працы: ён займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук ад часу яе адкрыцця. І мясціна прыгожая: вакол сосны, што засталіся ад лесу. А знайшоў дом для бацькі Даніла. Пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сын заняў яго з дазволу кіраўніцтва Акадэміі. Колас прыехаў у сталіцу ўпершыню пасля вызвалення 6 снежня 1944 года, некаторы час жыў у гэтым доме. Бываў і пазней наездамі, канчаткова ж пераехаў з Масквы у маі 45-га пасля смерці жонкі Марыі Дзмітрыеўны.

На сядзібе побач з музеем ёсць чатыры вялізныя дубы, якія носяць імёны сыноў Коласа і яго самога: дуб Даніла і дуб Міхась, дуб Юрка і дуб Якуб Колас. Расце там і бярозка — у памяць пра жонку пісьменніка.

book.pngДаніла Міцкевіч не застаўся ў ценю знакамітага бацькі, сам стаў адметнай асобай. Пра тое расказвае і выстава ў Коласавым доме “І бачу пройдзеныя далі…” да 100-х угодкаў заслужанага дзеяча культуры Беларусі, арганізатара і першага  дырэктара (1957—1980) Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Нарадзіўся ён 30 верасня 1914 года ў Пінску: там бацькі працавалі настаўнікамі. Вучыўся пазней у 13-й школе Мінска, затым у хімпрафшколе. У 36-м закончыў хімфак Беларускага дзяржуніверсітэта. Працаваў асістэн­там, старшым выкладчыкам на факультэце, у  вайну —  у Сярэд­не­азіяцкім універсі­тэце, хімічнай групе АН БССР. У жніўні 43-га быў выкліканы ў Маскву, працаваў тры месяцы дэканам хімфака адноўленага БДУ на станцыі Сходня пад Масквой. Потым — навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, загадчык лабараторыі ў Інстытуце хіміі АН БССР. У красаві­ку 57-га Данілу Міцкевіча прызначылі першым дырэктарам Музея Якуба Коласа, у 80-м ён выйшаў на пенсію, але да канца жыцця заставаўся на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка. Узнагароджаны медалямі. Удзельнічаў у складанні альбомаў “Якуб Колас. Жыццё і творчасць”, збораў твораў Песняра. У 2000 годзе выйшла кніга Данілы Міцкевіча “Любіць і помніць. Успамінае сын Якуба Коласа”.

У Мінскай гарадской бібліятэцы імя Льва Талстога была прэзентацыя кнігі “І бачу пройдзеныя далі…”, якую падрыхтавала ўнуч­ка Песняра, дачка юбі­ляра Вера Міцкевіч. Саб­ра­ліся, каб уша­наваць памяць пра добрага чалавека, навукоўцы, пісьменнікі, дзеячы культуры, родзічы Данілы Канстанцінавіча, у тым ліку ягоны брат Міхась з дачкою Марыяй. Вядучы імпрэзы, паэт Міхась Скобла хораша апавядаў пра рупліва падрыхтаваную кнігу, у якой пададзены лісты, паштоўкі, тэлеграмы, успаміны пра юбіляра, ягоныя артыкулы. Сярод іх і аўтографы пісьменнікаў — напраклад, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, з якім юбіляр сябраваў. Прыведзены верш Максіма Рыльскага “Дуб Даніла”. Аказваецца, знакаміты ліст Якуба Коласа ў абарону беларускай мовы ад 13 жніўня 1956 года, упершыню надрукаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва” толькі ў 1991 -м, дайшоў да нас дзякуючы сыну Песняра. Аповед пра тое Вера Данілаўна запісала са слоў бацькі ўжо ў шпіталі, за два тыдні да яго адыходу.

Размова на вечарыне ішла як пра Данілу Міцкевіча, так і пра Якуба Коласа, іхні след у беларускай культуры.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter