Фальклорна-этнаграфічны калектыў «Чабатухі» радуе сваіх слухачў ужо амаль 45 гадоў

Старажытны абрад ад «Чабатух»

Фальклорна-этнаграфічны  калектыў  «Чабатухі» радуе сваіх слухачў  ужо  амаль 45 гадоў


Пiнскi раён



Са старадаўніх часоў Пінск лічыўся своеасаблівым арыенцірам, які падзяляў Палессе на Загароддзе, якое знаходзілася, як і сам горад, у міжрэччы Піны і Ясельды, і Зарэчча, што ляжыць на поўдзень ад яго, у пойме Прыпяці. 


Сёння ў раёне пражывае больш за 48 тысяч чалавек, у горадзе — 135 тысяч. У сельскай мясцовасці дзейнічаюць 64 клубныя ўстановы. 20 творчых калектываў носяць званне народнага ці ўзорнага. У 6 дзяржаўных школах мастацтваў і 10 іх філіялах займаюцца 658 вучняў. Самыя запатрабаваныя аддзяленні: па класе фартэпіяна, цымбалаў, скрыпкі, баяна, акардыёна і харэаграфічнае. Амаль палова насельніцтва раёна — 28673 чалавекі, з іх 6731 дзіця — чытачы бібліятэк, якіх у раёне 47. 


Амаль 45 гадоў радуюць сваёй творчасцю слухачоў сінявокай Беларусі і замежжа цудоўныя спявачкі і танцоркі з фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Чабатухі» Сташанскага Дома фальклору . 


За гэты час змянілася пакаленне ўдзельніц. Але прызначэнне калектыву засталося нязменным: выконваць творы выключна мясцовага песеннага фальклору з улікам усіх асаблівасцяў, характэрных для палескага рэгіёна. 


Іх каляндарна-абрадавыя песні і мясцовыя танцы, якія бытуюць толькі тут, у вёсцы Сташаны, заўсёды добры падарунак для прыхільнікаў этнічнай музыкі. 


Усе жанчыны — шчырыя сяброўкі і збіраюцца разам не толькі на рэпетыцыі. А да сёлетняга фестывалю «Зов Полесья» яны падрыхтавалі старажытны абрад «Засеўка гуркоў». Так, кажуць, яшчэ іх бабулі рабілі, каб ураджай добры атрымаць. Можа, таму дагэтуль Піншчына на агуркі і багатая. 


Сям’я палешукоў на шкляной «пінечцы»


У сценах Аснежыцкага дома рамёстваў атрымала «прапіску» вялікая сям’я палешукоў: Галіна і Мікалай, іх дзеткі Ганначка і Васілёк, дзед Лявон і баба Зося, а таксама іх шматлікія сваякі і хатнія жывёлы. На самой справе ўсе яны — персанажы малюнкаў на шкле — адметнай творчасці Палесся, якую вырашылі не толькі адрадзіць, але і перапрацаваць на сучасны лад. 


Шкельцы ўстаўлялі ў рамкі і вешалі на сцены. Пінская зямля славілася мастакамі па роспісе шкла. 


Сёння чорны даматканы фон замянілі сучаснай нефарбаванай ільняной тканінай. А замест кветак на шкельцах — сям’я палешукоў-пінчукоў. Таму і карціны гэтыя называюць ласкава «пінечкі». У кожнага персанажа ёсць імя і свой характар. Сям’я паступова расце: з’яўляюцца цёткі, дзядзькі, суседзі, бо сем’і на Палессі вялікія. Карцінкі яркія, лубачныя, выклікаюць добрую ўсмешку, яны вельмі падабаюцца як мясцовым жыхарам, так і турыстам. І дзеці з задавальненнем прыходзяць у гурток роспісу па шкле, каб намаляваць сваю «пінечку».


— Роспіс па шкле адраджала Людміла Гарашчук, былая работніца Дома рамёстваў, якая працавала тут шмат гадоў, — узгадвае дырэктар раённага Дома рамёстваў Таццяна Вакуліч. — Зараз эстафету падхапіла маладая мастачка Марыя Кот. У яе добра атрымліваецца ствараць новыя вобразы. З-пад яе «лёгкага» пэндзля ў нашай сям’і палешукоў з’явіліся кот, сабака, куры і бычок, бо на ўсіх падворках Піншчыны заўсёды было шмат жывёлы. 


Засаліць у бочкі з... гарбузоў


Цi ведаеце вы, што, каб слоікі з закаткамі не ўзрываліся, каб насенне не было пустым, а агуркі добра радзілі, паўсюль на накрыўках, у мяшочках з насеннем павінны знаходзіцца спецыяльныя агурэчныя ахоўніцы — Берагіні. Іх распрацавала і вырабляе пінская майстрыха Аксана СМУЖЭВІЧ.  


Гэтым і іншымі сакрэтамі абавязкова падзеліцца з кожным наведвальнікам падворка «Гурок-маладзец» яго гаспадыня Агурэчыха:


— Абавязкова завітайце да нас! Мы пачастуем гасцей агурковым напоем, халадніком і іншымі нацыянальнымі стравамі. Правядзём майстар-клас па засолцы агуркоў не толькі ў слоікі, але і ў бочкі з... гарбузоў. На пляцоўцы «Агурковая лякарня» кожнага жадаючага навучым лячыць хваробы выключна агуркамі: аказваецца, нашы продкі ведалі добрую сотню рэцэптаў прымочак, мікстур і мазяў з агуркоў, а жанчыны спрадвеку дзякавалі гэтай агародніне за прыгажосць сваёй скуры, бліскучыя вочы і здаровыя валасы. І ўсё гэта — пад акампанемент ансамбля народнай музыкі «Суседзі» Дабраслаўскага СДК.

Падрыхтавала Юлія БАЛЬШАКОВА, «СГ».


Фота Сяргея ЛАЗЮКА, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter