Старадаўняя магія песні

Тое, што сучасны гараджанін называе “фальклорнай музыкай”, настолькі блізка да сапраўднай, аўтэнтычнай народнай творчасці, як яблычны джэм у фабрычнай упакоўцы да яблыка на галінцы дзікай яблынькі. Няма ў народнай фальклорнай традыцыі ні даўганогіх белазубых дзяўчат з харэаграфічнымі, адшліфаванымі рухамі і прафесійна пастаўленымі галасамі, ні распрацаваных мадэльерамі касцюмаў, ні, зразумела, гукаўзмацняльнай апаратуры. Сярэдні ўзрост “артыстаў” — далёка за 50, гэта тыя, хто яшчэ памятае час, калі песня перадавалася ў спадчыну ад маці да дачкі, ад бацькі да сына і была неад’емнай часткай жыцця. А такіх людзей з кожным годам становіцца ўсё меней.

Рэспубліканская навукова-пра-ктычная канферэнцыя “Аўтэнтычны фальклор, праблемы бытавання, вывучэння, пераймання” сабрала ў Мінску навукоўцаў ужо трэці раз, і па традыцыі адным з абавязковых пунктаў яе праграмы стаў этнаграфічны канцэрт “Фальклор беларускай глыбінкі”.
У гэтым годзе на сцэне залы Беларускага дзяржаўнага уні-версітэта культуры і мастацтваў гучалі песні Брэстчыны, узрост якіх вымяраецца сотнямі, а іншы раз і тысячамі гадоў, многія з іх былі складзены на Палессі яшчэ ў дахрысціянскія часы.
Джаз па-беларуску
Пяюць на Брэстчыне інакш, чым, напрыклад, на Віцебшчыне. Па словах прадстаўніцы аргкамітэта канферэнцыі, выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Любові Сівуравай, спевы, што спакон вякоў бытуюць на Віцебшчыне, у краі азёр, выконваюцца высокімі, гучнымі галасамі — іх здалёк чуваць. На Брэстчыне прынята спяваць нізкімі, груднымі галасамі. Мабыць, справа ў тым, што балоты і векавечныя пушчы ствараюць уяўленне замкнёнай прасторы, камернасці.
Старажытныя палескія спевы — унісонныя, калі кожны з тых, хто пяе, выконвае сваю “партыю”. Як у джазавай традыцыі, кожны выканаўца імправізуе, не выходзячы за межы матыву песні. Таму выкананне песні заўсёды непаўторнае.
Старадаўнія спевы і музыка, як кажуць сёння вучоныя, нясуць у сабе нейкі гукавы код, закадзіраваныя сэнсы, якія моцна ўздзейнічаюць на падсвядомасць слухача, але толькі ў жывым выкананні. Закладзеная ў песні сіла, што прымушае зачаравана глядзець на маленькую бабулю ў даматканым адзенні, — гэтая сіла, на жаль, не перадаецца праз сродкі гуказапісу. Ды і моладзь, што выконвае аўтэнтычную музыку — тыя ж тэксты, той жа старажытны матыў — адзначае: не, ТАК не атрымліваецца. Не ўздзейнічае на слухачоў старадаўняя песня так, як у выкананні тых, хто атрымаў яе ў спадчыну па доўгім ланцугу продкаў, ад прадзедаў і прабабуль. Хто выхаваны ў той культуры, калі дзяўчынка з сямі гадоў вучылася прасці, ткаць і пець, слухаючы старэйшых і пераймаючы іх майстэрства. Людзі верылі: абрадавыя песні можна спяваць толькі ў абрадавыя дні. Купальскія на Купалле, пятроўскія на Пятра, зажыначныя — толькі зажынаючы першы сноп... А то загукаеш вясну зімой, і наступіць пацяпленне. Песням надаваўся магічны сэнс, лічылася, што яны, спетыя не ў пару, могуць нешта парушыць у прыродзе.
Спевы ў спадчыну
Выканаўцаў, што прыехалі ў Мінск, па сталічным рахунку было не шмат: 12 чалавек з Іванаўскага раёна, 17 — з Піншчыны. Але сапраўдныя аўтэнтычныя спевы і патрабуюць некаторай камернасці, іх складана перанесці на вялікія канцэртныя пляцоўкі, бо пяюцца яны без мікрафонаў і нярэдка нават без музыкальнага суправаджэння.
— Ансамбль наш — “Знаходка”. А гэта — Мікалай Каткавец, наш гарманіст, у 75-м годзе мы ансамбль з ім удваіх стварылі, — ахвотна расказвае Марыя Клімаўна Анізкавец з вёскі Тышкавічы. — Він на свадзьбе граў, на хрэсьбінах, знаў, якія жанчыны добра спяваюць. От мы пайшлі па хатах і такіх жанчын назбіралі. Ансамбль стварылі, каб не сумна было. Ужо нам па шэсцьдзесят сем, многа хто і старэйшыя, а як запяем — у нас душа радуецца!
— А як жа вы ў Мінск, у такую далячынь выбраліся?
— Мінск — ці ж гэта далёка? Мы і ў Маскве былі, і ў Германіі, і ў Польшчы выступалі.
— Даўно пяю, з 16 год, а зараз ужо 72, — распавядае Ганна Васільеўна Козел з вёскі Камень, удзельніца калектыву “Багатуха”. — Як я хораша спявала! Дочкі мае жывуць у Брэсце, умеюць пець, але не пяюць — не прынята ў горадзе.
— Чаго ж мужчын сярод выканаўцаў так мала?
— Паўміралі нашы мужчыны. А тыя, што засталіся, спяваць не хочуць — песні нашы не па прымушку.
— Песні нашы святыя, старадаўнія, — далучаецца да размовы Марыя Мікалаеўна Малашчук з вёскі Псышчава, удзельніца ансамбля “Жураўка”. — І мама мая іх пела, і бабуля. Памятаю, яшчэ як я маленькая была, маці спявала, калі збіралася на вячоркі ўзіму. І мы спявалі: лён трапалі, кудзелі пралі, каровы пасвілі — спявалі. А ўжо на вяселлі як спявалі! Пець умелі ўсе, і жанчыны, і мужчыны. Цяпер мне 78, а мае дзеці, унукі і праўнукі маіх песень знаці не хочуць. Моладзь прыедзе на выхадныя ў вёску, да і паедзе ў гарады. У дзярэўні не хоча моладзь заставацца — ні свіней корміці, ні карову даіці, ні песні спяваці...
Пагроза знікнення нематэрыяльнай спадчыны існуе ва ўсіх краінах свету. Каб сабраць яе, вывучыць і зберагчы для нашчадкаў, мала толькі намаганняў энтузіястаў. Беларусь стала 11-й дзяржавай у свеце і першай сярод краін СНД, што далучылася да Канвенцыі ЮНЕСКА “Аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны”. У бліжэйшыя гады навукоўцамі будзе створаны спіс жывых абрадаў (што ўключаюць у сябе і абрадавыя песні), якія захаваліся да нашых часоў. Многія з іх атрымаюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, бо для нацыянальнай культуры яны не меней вызначальныя, чым старажытныя архітэктурныя помнікі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter