Новы сэрвіс прапануе чытачам Нацыянальная бібліятэка

Старадаўнія старонкі ў анлайн-фармаце

Напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Нацыянальнай бібліятэцы запушчаны цікавы анлайн-праект “Кніга Беларусі XIV–XVIII стагоддзяў”. Пачаўся адметны дыялог стагоддзяў: цяпер кніжная спадчына Беларусі даступна ў глабальнай інфапрасторы. Гэта копіі поўных тэкстаў дакументаў з фондаў бібліятэкі, якія маюць дачыненне да Беларусі. Дакументы ў базе шукаюць па аўтары, мове, змесце, тэрыторыі ды іншых прыкметах. Можна знайсці кнігі, што выйшлі ў нейкім канкрэтным месцы (краіна, горад): карта падкажа, дзе і які дакумент быў надрукаваны.

Кожная прадстаўленая кніга мае “пашпарт”, у якім — звесткі пра аўтара, месца, год, мову і тэматыку выдання, ёсць там і шыфр захоўвання дакумента ў НББ. Па ім можна замовіць крыніцу ў будынку бібліятэкі, папрацаваць з ім “de visu”. Віртуальныя выставы знаёмяць з найбольш каштоўнымі калекцыямі: напрыклад, з поўнымі тэкстамі выданняў Ф. Скарыны, якія захоўваюцца ў фондах НББ.

Праект, як паведамляюць нам  супрацоўнікі НББ, развіваецца. У будучыні ён папоўніцца кнігамі з фондаў іншых бібліятэк, у тым ліку і замежных. Гэты рэсурс зможа ў поўным аб’ёме прадставіць кніжную спадчыну Беларусі ў сусветнай інфапрасторы. І хоць сэрвіс “Кніга Беларусі XIV — XVIII стагоддзяў” даступны з кастрычніка 2016-га, рэсурс наведваюць як жыхары Беларусі, так і Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны ды іншых краін. Праект прыцягнуў увагу даследчыкаў у галіне кнігазнаўства, супрацоўнікаў бібліятэк, архіваў, музеяў — усіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.

Акунуцца ў часы, калі тэкст з’яўляўся ў свет без дапамогі клавіятуры і кампутарнай мышкі, можна ў Музеі кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы. А калі прыйсці ў музей у вас не атрымліваецца — дакраніцеся да кніжнай гісторыі on-line: http://belbook.nlb.by

Спадзяемся, новай магчымасцю скарыстаюцца і актывісты беларускіх суполак замежжа, рыхтуючы імпрэзы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Голас Радзімы № 6 (3510), чацвер, 9 лютага , 2017 у PDF

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter