Станем марской дзяржавай

Беларускае марское параходства будзе створана ў рэспублiцы. Праз 3 гады ў айчынным флоце можа з’явiцца першае марское судна.

Беларускае марское параходства будзе створана ў рэспублiцы. Праз 3 гады ў айчынным флоце можа з’явiцца першае марское судна.

“Сёлета мы павiнны стварыць параходства арганiзацыйна. Далей будзем займацца матэрыяльнай базай”, — паведамiў карэспандэнту “НГ” мiнiстр транспарту i камунiкацый Мiхаiл Баравы. Праз 2—3 гады, па яго словах, “выйдзем на ўласныя марскiя судны, без гэтага праграма развiцця марскiх перавозак проста немагчыма”. Iнтэнсiўная работа ў гэтым напрамку iдзе апошнiя два гады. Дзве беларускiя кампанii ўжо фрахтуюць судны. “У блiжэйшы час пачнём арандаваць караблi, дзе працаваць будуць нашы каманды”, — адзначыў мiнiстр. Наступным крокам стане набыццё суднаў. Беларускi бок вядзе перамовы з кiраўнiцтвам партоў аб “прывязцы” айчыннага флоту. Марская iндустрыя — гэта вялiкая схема: неабходна каманда, судны, парты, дзе можна ажыццяўляць заходы, рамонт, патлумачыў М.Баравы. Сярод пунктаў базiравання разглядаюцца Вентспiлс, Клайпеда, Нiкалаеў. Не скiдваюцца з рахунку Калiнiнград i Рыга. Пры выбары таго цi iншага варыянта вырашальным аргументам будзе эканамiчная выгада. “Калi ў нас ёсць свая грузавая база, то будзем аддаваць перавагу ў залежнасцi ад кiрунку, куды будзем рухацца”, — патлумачыў мiнiстр. Стварэнне Беларускага марскога параходства, па яго словах, дазволiць аптымiзаваць знешнеэканамiчныя пастаўкi беларускай прадукцыi, найперш калiйных угнаенняў, знiзiць транспартныя выдаткi. Адмiнiстрацыi некаторых партоў ужо разгарнулi канкурэнтную барацьбу за права перапраўляць беларускiя экспартныя грузы. Летась найбольшую актыўнасць дэманстравалi прадстаўнiкi Вентспiлса i Клайпеды. Падчас вiзiтаў у нашу рэспублiку яны шырока рэкламавалi свае паслугi, вялi з беларускiм бокам перамовы аб пашырэннi супрацоўнiцтва. Асноўная iх зацiкаўленасць тычылася пытанняў абслугоўвання экспарту беларускiх калiйных угнаенняў. Праз марскiя вароты прадпрыемствы рэспублiкi сёння таксама экспартуюць лес, нафтапрадукты, iншую прадукцыю. Аднак асноўная доля ўсё ж прыходзiцца на ўгнаеннi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter