Сталёвы лесаруб

«Амкадор» выпусціў пяцісотую машыну для лесапрамысловасці

Выпушчана пяцісотая машына для лесапрамысловага комплексу маркі «Амкадор»

Падзею ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынга» вырашыла адзначыць урачыста, і для гэтага былі ўсе падставы. Зараз лесанарыхтоўчыя шматаперацыйныя машыны вытворчасці вядомай маркі задзейнічаны ва ўсім ланцугу тэхналогіі нарыхтоўкі і перапрацоўкі драўніны. Гэта харвестары, форвардары, тралёвачныя цягачы, лесапагрузчыкі. Сучасная айчынная тэхніка, надзейная і прымальная па цане, вельмі неабходна для лясной галіны.

Юбілейная машына — харвестар «Амкадор-2551» — сышла з канвеера структурнага падраздзялення холдынга — завода «Дармаш». На пляцоўцы ля прадпрыемства і ладзілася ўрачыстасць, на якую сабраліся шматлікія госці. Старшыня савета дырэктараў ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынга» Аляксандр Шакуцін узгадаў найбольш значныя вехі, якія вызначаліся на шляху ад ідэі да стварэння першай складанай машыны і да сённяшняй падзеі.

Як паведаміў генеральны дырэктар ААТ «Амкадор — кіруючая кампанія холдынга» Валерый Кандратчык, 70 % лесанарыхтоўчай тэхнікі пастаўляецца для патрэб нашай краіны, 30 % экспартуецца. Высока ацаніў дзейнасць холдынга намеснік міністра прамысловасці Беларусі Генадзь Свідзерскі, падкрэсліўшы, што міністэрства чакае не толькі далейшага пашырэння вытворчасці канкурэнтаздольных машын, але і павелічэння аб’ёмаў экспартных паставак.

Вялікія надзеі на «Амкадор» ускладвае і Міністэрства лясной гаспадаркі. «Да 2015 года 70 % нарыхтоўкі драўніны ў краіне павінна ажыццяўляцца механізаваным спосабам. Такая задача стаіць перад нашым ведамствам. Упэўнены, што і надалей мы будзем разам плённа працаваць над яе вырашэннем», — адзначыў намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Леанід Дзям’янік.

Як таго патрабуюць правілы ўрачыстасці, яе ўдзельнікі апладысментамі віталі не толькі стваральнікаў, але і самога «юбіляра». Шасціколавы харвестар «Амкадор-2551» прызначаны для валкі дрэў, абрэзкі сукоў і распілоўкі хлыстоў на сартыменты. Яго магутнасці дазваляюць нарыхтоўваць да 260 кубаметраў лесаматэрыялу за змену.

У час мерапрыемства можна было пазнаёміцца з рознымі мадэлямі тэхнікі маркі «Амкадор», яе выстава разгарнулася на спецыяльнай пляцоўцы. Асаблівую цікавасць выклікала чарговая навінка — рубільная машына «Амкадор-2904», прызначаная для перапрацоўкі ў драніцу круглага лесу, парубачных астаткаў, адходаў лесапілення і дроў.

У кантэксце згаданага мерапрыемства нельга не сказаць некалькі слоў і пра прадпрыемства, якое вырабляе такую складаную тэхніку. Зараз завод «Дармаш» у лінейцы машын для лесапрамысловага комплексу выпускае дванаццаць іх найменняў. На прадпрыемстве ідзе актыўны працэс мадэрнізацыі. Толькі сёлета на развіццё прамысловых магутнасцей плануецца накіраваць 134,6 мільярда рублёў.

Разам з лесанарыхтоўчай тэхнікай «Дармаш» вырабляе аэрадромна-ўборачныя машыны, франтальныя пагрузчыкі, гідрамеханічныя каробкі перадач і гідратрансфарматары. Тэмпы развіцця завода дазваляюць не толькі забяспечыць асноўныя паказчыкі, захаваць фінансавую ўстойлівасць, але і паспяхова рэалізоўваць праграму далейшага развіцця.

На здымку: намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Леанід ДЗЯМ’ЯНІК і генеральны дырэктар ААТ «Амкадор» Аляксандр ШАКУЦІН. 

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter