Сталы і нястомны «Лістапад»

У адрас ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю гучыць нямала кампліментаў...

У адрас ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю гучыць нямала кампліментаў

«Лістапад» упэўнена крочыць па Мінску. Яшчэ тры дні — і мы даведаемся пра фільмы-пераможцы. Але першая інтрыга ўжо раскрыта. Імя чалавека, які стане ўладальнікам спецыяльнага прыза Прэзідэнта Беларусі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве», трымалася ў сакрэце да апошняга. Сярод лаўрэатаў заўсёды былі людзі дастойныя, у асноўным прадстаўнікі Беларусі і Расіі. Сёлета ўпершыню адзначаны літовец — Юозас Будрайціс (на здымку).

У савецкія часы гэты акцёр быў частым госцем на беларускай зямлі. Адна з найбольш прыкметных — роля ў фільме Віталя Чацьверыкова «Час не чакае». Але ёсць прозвішча Будрайціса і ў стужках, знятых у суверэннай Беларусі. Гэта ў першую чаргу «Анастасія Слуцкая». Хутка гледачы ўбачаць замежнага акцёра і ў «Белых Россах».

Будрайціс гаворыць, што беларусы і літоўцы вельмі блізкія духоўна, такія ж спакойныя і працавітыя. Таму яму заўсёды лёгка і прыемна здымацца на Беларусі. Акцёр пажадаў «Лістападу» доўгіх годоў існавання і выказаў надзею, што ў яго праграме будуць з’яўляцца і літоўскія кінастужкі.

А фестываль тым часам перасёк ужо свой экватар. Палова праграмы ацэнена. Дарэчы, Будрайціс з’яўляецца членам журы асноўнага конкурсу. Узначальвае ж яго расійскі рэжысёр і сцэнарыст Аляксандр Зяльдовіч. Ён заўважыў, што ўсе конкурсныя фільмы вельмі высокага ўзроўню, ацэньваць іх складана, таму ён галасуе сэрцам. Сапраўды, арганізатары фестывалю склалі якасную і цікавую праграму. Нездарма ў выхадныя дні на ўсіх паказах былі аншлагі.

Наперадзе яшчэ шмат цікавага. І гэта не толькі стужкі — прэтэндэнты на галоўны прыз, але і пазаконкурсныя фільмы. «Лістапад» запрашае і на майстар-класы. Падзяліцца вопытам прыехалі прадстаўнікі кінафестываляў з Польшчы і Германіі. Цікавымі абяцаюць быць сустрэчы с дакументалістамі. Асобна трэба адзначыць Срджана Саренача. Сербскі рэжы-сёр — уладальнік Гран-пры мінулагодняга «Лістапада» «За лепшы дакументальны фільм» пагадзіўся падзяліцца сакрэтам поспеху рэалізацыі кінапраектаў у розных краінах свету.

Не згубіліся сярод замежнікаў і беларускія кінематаграфі-сты. З  поспехам прайшлі паказы ўсіх нашых стужак. Запланавана яшчэ некалькі мерапрыемстваў з удзелам беларусаў. Сёлета ў рамках фестывалю адзначаюцца два юбілеі: 85-годдзе «Беларусьфільма» і 40-годдзе айчыннай анімацыі. Таму ў памяшканнях кінатэатраў разгорнуты спецыяльныя выставы, праходзяць рэтраспектывы.

Замежныя госці зачараваны фестывалем і Мінскам. Кампліментаў заслугоўвае не толькі кінапраграма. Французскі куцюр’е Дэні Дзюран, які апрануў маладых беларускіх актрыс у свае ўборы, прызнаўся ў час адкрыцця фестывалю, што атмасферай ён падобны на Канскі кінафорум. Гэтыя словы — як падарунак «Лістападу» на яго дваццацігоддзе. Фестываль сталы, але нястомны. Ён абяцае здзіўляць не толькі ў бліжэйшыя дні, але і ў наступныя гады. Як? Заставайцеся разам з ім.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter