Аб чым пісала «Сельская газета» 70 год таму

Сталiн падымае тосты за маршалаў

У маі 1945-га наша газета выходзіла пад назвай «Совецкі селянін». Пасля перапынку на Вялікую Айчынную выданне галоўнай сялянскай газеты БССР было ўзноўлена ў красавіку пераможнага года. У архівах яна, на шчасце, захавалася з нумара ад 30 мая. У ім, як і ў наступных нумарах газеты (яна друкавалася штотыднёва), галоўнымі былі пераможныя матывы.



У нумары паведамляецца, што 24 мая ўрад Савецкага Саюза наладзіў у Крамлі прыём у гонар камандуючых войскамі Чырвонай Арміі. Гэта было першае буйное мерапрыемства пасля Дня Перамогі. На прыёме прысутнічалі члены Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, народныя камісары, члены ЦК ВКП (б), прадстаўнікі Чырвонай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту. А яшчэ знатныя дзеячы савецкай прамысловасці, навукі, мастацтва, літаратуры. На прыёме была і дэлегацыя польскіх гарнякоў, якая даставіла ў падарунак Маскве эшалон вугалю. Слова бяруць Сталін і Молатаў. Яны падымаюць тосты за маршала Конева — героя баёў в Украіне, вызваліцеля Прагі; за маршала Ракасоўскага — героя Сталінградскай бітвы, аперацый і на тэрыторыі нашай краіны; за маршала Говарава, войскі якога вызвалялі Ленінград, Талін, Выбарг і іншыя гарады.

Піша газета аб Рэспубліканскай нарадзе па пытаннях аднаўлення гарадоў і гарадской гаспадаркі БССР. Стаіць задача аднавіць у максімальна кароткія тэрміны гарады, стварыць нашаму народу аптымальныя ўмовы для работы і жыцця. Для сур’ёзнага развароту будаўніцтва патрабавалася дастатковая колькасць цэглы, вапны, цэменту, чарапіцы і іншых будаўнічых матэрыялаў. Прамысловасць будматэрыялаў выпрацоўвала ў год звыш 300 мільёнаў штук цэглы і да 50 тысяч тон вапны. Але і гэтай колькасці не хапала. Патрэбнасць у цэгле і іншых будаўнічых матэрыялах узрасла. Пасля вызвалення ў строй уведзены 197 прадпрыемстваў прамысловасці будматэрыялаў.

6 чэрвеня «Совецкі селянін» друкуе тэкст Дэкларацыі аб паражэнні Германіі і ўзяцці на сябе вярхоўнай улады ў адносінах да Германіі ўрадамі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Злучанага Каралеўства і Злучаных Штатаў Амерыкі і Часовым урадам Французскай Рэспублікі. У дэкларацыі 15 артыкулаў, падпісана 5 чэрвеня ў Берліне на рускай, англійскай, французскай і нямецкай мовах. Сутнасць дэкларацыі ва ўсталяванні кантролю ў першую чаргу над усімі нямецкімі ваеннымі, ваенна-марскімі, ваенна-паветранымі войскамі, якія павінны неакладна спыніць ваенныя дзеянні; узбраенне, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, ваеннае абсталяванне, склады і ўсялякага роду сродкі вайны павінны перадаць ў маёмасць мясцовых саюзных камандуючых; усё павінна быць у непашкоджаным стане; прадстаўнікі саюзнікаў кантралююць усе сродкі сувязі; прадстаўнікі саюзнікаў навяжуць Германіі дадатковыя палітычныя, адміністрацыйныя, эканамічныя, фінансавыя, ваенныя і ішыя патрабаванні.

Наркамзем БССР правёў нараду зямельных работнікаў і сялян заходніх абласцей рэспублікі, на якой падсумавалі веснавую сяўбу 1945 года. З радасцю прадстаўнікі земляробства расказалі аб свабоднай працы на вызваленай зямлі.

Саўгасы Беларусі рыхтуюцца да ўборкі ўраджаю. Ва ўсіх абласцях разгарнулі рамонт тэхнікі і падрыхтоўку інвентару, у тым ліку сенакасілак, жняярак, прычапных грабляў, малатарань. Поўнасцю адрамантавалі ўборачныя машыны саўгасы імя Дзяржынскага, «Рачковічы», «Доктаравічы» Бабруйскай вобласці, рабочыя саўгаса «Палата» Полацкай вобласці сабралі з разбітых машын і адрамантавалі звыш плана шэсць сенакасілак і пяць конных грабляў.

У маі 45-га БССР рыхтавалася сустракаць першую гадавіну вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Чыгуначнікі Брэста звярнуліся да працоўных пабудаваць Арку Перамогі. Мастоўскі лясны завод аднавіў асноўны цэх — лесапільны, прычым магутнасць завода ў параўнанні з даваеннай узрасла ў два разы. Вось-вось завод пачне выпускаць бытавую і службовую мэблю. У Маладзечненскай вобласці адкрылася 15 аздараўляльных пляцовак і 3 піянерскія лагеры. У іх будуць адпачываць звыш 1,7 тысячы дзяцей. Для школьнікаў са слабым здароўем ствараюцца пляцоўкі санаторнага тыпу. У Вілейцы, Мядзелі, Паставах адкрыліся водныя станцыі. У ліпені будзе скліканы злёт школьнікаў-выдатнікаў.

uskova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter