Мінск могуць прызнаць самым добраўпарадкаваным буйным горадам краіны

Сталіца. Вынікі і прагнозы

Мінск могуць прызнаць самым добраўпарадкаваным буйным горадам краіны па выніках мінулага года. Гэта, а таксама вынікі работы добраўпарадкавання тэрыторый, утылізацыі адходаў, аб’ектаў жыллёвага капітальнага рамонту, а таксама планы на 2015 год абмеркавалі ўчора ў Мінгарвыканкаме. 



Стала вядома, што ў мінулым годзе бюджэт Мінска папоўніўся на 130 мільярдаў рублёў дзякуючы продажу 49 зямельных участкаў. На 33 з іх заключылі дагаворы арэнды, яшчэ па васьмі прадалі права праектавання і будаўніцтва капітальных аб’ектаў, столькі ж участкаў пайшлі з малатка ў прыватную ўласнасць для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. У гэтым годзе ўжо арганізавана шэсць аўкцыёнаў. 

Мінгарвыканкам паведамляе, што на добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый у гэтым годзе плануецца прыцягнуць больш за 23 мільярды рублёў, што павінна дапамагчы палепшыць аблічча 15 працэнтаў усіх двароў горада. Намеснік генеральнага дырэктара ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Галіна Гілевіч звярнула ўвагу, што з кожным годам самі жыхары Мінска ўсё больш актыўна ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні двароў. У мінулым годзе з іх дапамогай удалося акультурыць 690 тэрыторый, хоць планавалася ўсяго 650. 

Вясной, нагадалі спецыялісты МГЖГ, традыцыйна пройдзе месячнік па навядзенні парадку. Асаблівы ўпор жыллёвыя службы зробяць на працу з насельніцтвам па ўборцы хлявоў і скляпоў, дзе жыхары захоўваюць асабістыя рэчы. У планах таксама пасадка дрэў, уладкаванне кветнікаў, рамонт пляцовак для выгулу хатніх жывёл, стварэнне дадатковых парковачных месцаў у дварах і выдаленне з гарадскіх вуліц кінутых машын. Востра стаіць задача максімальна зменшыць колькасць смецця, якое трапляе на палігоны, за кошт яго сартавання.

Падсумавана і статыстыка па аб’ектах жыллёвага капітальнага рамонту. Так, у мінулым годзе інспекцыя дэпартамента Дзяржбуднагляду па Мінску правяла больш за 1300 праверак на 376 аб’ектах. Выдадзены 584 загады і рэкамендацыі. Аштрафавана больш за 250 кіраўнікоў на агульную суму звыш 149 мільёнаў рублёў. 

Пакараныя і злосныя неплацельшчыкі камунальных паслуг. Толькі ў Мінску ў мінулым годзе выселілі 14 чалавек. Дарэчы, у гэтым годзе ў суды пададзена 43 такія іскі, дзевяць з іх ужо задаволены. На пачатак лютага запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі ў Мінску склала 10,9 мільярда рублёў — усяго ў горадзе налічваецца 25 тысяч асабовых рахункаў з пратэрмінаванай запазычанасцю.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter