Стаўка на планшэт?

Ці зможа партатыўны гаджат замяніць звыклы падручнік?

Ці можа партатыўны гаджат замяніць звыклы падручнік?

Яшчэ якіх-небудзь гадоў пятнаццаць таму той жа мабільны тэлефон быў дзівам для большасці з нас, яго ўладальнікамі былі рэдкія шчасліўчыкі. Цяпер тыя часы ўспамінаюцца з лёгкім здзіўленнем: як людзі тады прызначалі сустрэчы і знаходзілі адзін аднаго? Сёння новыя тэхналогіі імкліва ўрываюцца ў наша жыццё. Тэлефоны, ноўтбукі, планшэты… Дарэчы, апошнія ўсё часцей выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе. А не так даўно першую сесію без падручнікаў здалі будучыя педагогі — студэнты 31-й групы трэцяга курса факультэта прыродазнаўства БДПУ імя М.Танка.

Перадача партатыўных гаджатаў прайшла ў верасні мінулага года, іх шчаслівымі ўладальнікамі сталі 26 студэнтаў і 12 выкладчыкаў. Часу прайшло зусім няшмат, і вынікі быццам бы падводзіць яшчэ рана. У гэтым перакананы і рэктар БДПУ Пётр Кухарчык, які падкрэслівае, што любы эксперымент павінен прайсці праверку часам, хоць, без сумнення, такія эксперыменты неабходныя. Разам з тым працы педагогаў-наватараў дапамагаюць псіхалагічныя службы, якія ставяць сваёй задачай даследаванне шэрага пытанняў. Напрыклад, як выкарыстоўваць планшэт, каб зрабіць працэс навучання больш эфектыўным, як уплывае прылада на здароўе студэнтаў і г.д.

Кіраўнік групы псіхолага-педагагічнага суправаджэння ВНУ Таццяна Куземкіна адзначыла пазітыўнае стаўленне да навінкі ў навучанні. Праведзенае даследаванне паказала, што 60 працэнтаў студэнтаў ставяцца да яе станоўча, акрамя таго, большасць апытаных жадаюць, каб такое навучанне прадоўжылася. «У больш як 60 працэнтаў студэнтаў змянілася матывацыя да вучобы, — падкрэслівае спецыяліст. — Яны адзначаюць, што працэс навучання стаў больш цікавым, наглядным, больш эфектыўным стала ўзаемадзеянне з выкладчыкам у час урока. Акрамя таго, мы выявілі і цікавы момант. Зразумела, што, акрамя вучобы, студэнты выкарыстоўваюць гаджаты ў асабістых мэтах. Дык вось, 70 працэнтаў з іх — для чытання мастацкай літаратуры, і гэта станоўчы момант. Анкетаванне таксама выявіла, што выкладчыкі працуюць з планшэтам некалькі даўжэй, чым студэнты: першыя — у сярэднім 2—2,5 гадзіны, другія — 1,5—2 гадзіны».

У фірмы — партнёра эксперымента іншая задача, адзначае дырэктар па маркетынгу кампаніі «Prestigio» Ірына Савіна: атрымаць поўнае ўяўленне пра патрэбы ўсіх удзельнікаў праекта, студэнтаў і выкладчыкаў, і прапанаваць для электроннай Беларусі прыладу, якая найлепшым чынам будзе спалучаць усе патрабаванні да працэсу адукацыі.

З аптымізмам гавораць аб планшэтных камп’ютарах выкладчыкі, якія ўдзельнічаюць у эксперыменце. Так, дацэнт кафедры батанікі і асноў сельскай гаспадаркі Ганна Шутава пралічыла, што група, якая ўдзельнічае ў эксперыменце, з выкарыстаннем планшэтаў унесла сваю невялікую лепту ў распачаты Год беражлівасці, зэканоміўшы 4,5 кг паперы. «У прыватнасці, мы адмовіліся ад лабараторных сшыткаў, перайшоўшы цалкам на электроннае афармленне лабараторных работ, — кажа педагог. — Акрамя таго, мы заўважылі, што такім чынам пры выкананні лабараторных работ эканоміцца па 6—8 хвілін, якія студэнт можа выкарыстаць на доследы. Мы адмовіліся ад выканання рэфератаў у традыцыйным выглядзе. Даём студэнтам магчымасць распрацоўваць форму работ, якую можна было б выкарыстоўваць у будучыні».

З планшэтамі працаваць стала цікавей і хутчэй, дзеляцца ўражаннямі студэнты. На думку трэцякурсніцы групы № 31 факультэта прыродазнаўства Таццяны Баезітавай, з пачаткам эксперыменту памянялася многае, вучыцца стала цікавей. А яшчэ няма неабходнасці насіць цяжкія падручнікі, можна не раздрукоўваць рэфераты, узгадняць іх з выкладчыкам па электроннай пошце, а затым уносіць праўкі таксама ў электронны дакумент і пасля чытаць яго з планшэта. Яе аднакурсніца Ірына Багадзяж дзеліцца: гаджат дае прастор для творчасці. Ёсць магчымасць перасылаць свае працы сябрам, абменьвацца праграмамі, цікавымі падручнікамі.

Разам з тым быць першапраходцам — гэта значыць зрабіць цэлы шэраг намаганняў, каб тым, хто ідзе за табой, было зручна і камфортна. З гэтымі праблемамі сутыкнуліся і ў БДПУ. Аказалася, вучэбная літаратура ў электронным варыянце фактычна адсутнічае. Як адзначае прарэктар па інфармацыйнай і аналітычнай дзейнасці БДПУ Валерый Зелянкевіч, многіх падручнікаў не было ў прынцыпе, даводзілася ствараць аўтарскія методыкі сваімі сіламі. Праца, без сумнення, творчая, але карпатлівая і адказная. Зрэшты, ёсць і другі момант: памяць планшэта не дазваляе захоўваць вялікі аб’ём матэрыялаў. Планшэт, хутчэй, забяспечвае доступ да інфармацыі, якая можа знаходзіцца на серверы, у вольным доступе. Размясціць аўтарскую методыку там — фактычна аддаць сваю ідэю на водкуп камусьці.

У падрыхтоўцы электронных версій падручнікаў дапамогу аказвалі спецыялісты фірмы — партнёра эксперымента. У прыватнасці, ставілася задача перавесці наяўныя падручнікі з фармату PDF у рэжым, у якім студэнт мог бы працаваць з тэкстам, рабіць паметкі.

Зрэшты, нягледзячы на першыя поспехі эксперыментальнай групы, а сесія паказала лепшы сярэдні бал сярод іншых груп факультэта, наватары не ставяць сваёй мэтай цалкам замяніць папяровы падручнік. «Не ставіцца задача замяніць падручнікі, — падкрэслівае Пётр Кухарчык, — але ёсць віды дзейнасці, дзе планшэт дапамагае: пры вывучэнні хіміі, біялогіі, геаграфіі. Прылада робіць працэс больш наглядным і цікавым. Успомніце, калісьці асцярогі былі і пры ўкараненні камп’ютараў. Але цяпер усё вызначана: гэта дадатковыя сродкі навучання».

Каб выкарыстоўваць эксперыментальныя планшэты ў поўнай меры, ВНУ вырашае праблему з доступам да сеткі Інтэрнэт.

У прыватнасці, wi-fi ўжо працуе ў адной лекцыйнай аўдыторыі. «Цяпер тут выкладчык можа чытаць лекцыі з планшэтам, кіраваць мультымедыйным абсталяваннем, — распавядае Валерый Зелянкевіч. — Інтэрнэт з’явіцца і ў дзвюх лабараторыях. Чаму? Мы прадугледзелі працу з гаджатамі ў рамках курса інфармацыйных тэхналогій для магістраў. І ўжо ў гэтым семестры яны пачынаюць працаваць з планшэтамі. Калі гэта атрымаецца, мы будзем гатовыя асвойваць планшэты ў лабараторыях са студэнтамі».

Але, акрамя складанасцей, эксперымент, па словах прарэктара, прынёс ВНУ і першае сур’ёзнае прызнанне, аб чым сведчыць рэзкі скачок у сусветным рэйтынгу навучальных устаноў. «Нядаўна ўніверсітэт заняў трэцяе месца сярод беларускіх ВНУ па дадзеных сусветнага рэйтынгу ўніверсітэтаў «Webometrics», прасунуўшыся на 1500 пунктаў, — кажа ён. — БДУ займае 639-е месца, далей ідзе Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт — 1861-е і Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт — 2327-е месца. Цяпер наша задача на гэтай пазіцыі ўтрымацца».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter