Стаўкі пойдуць уніз? На кожнага беларуса прыходзіцца па 2,1 мільёна рублёў крэдытнай запазычанасці.

З пачатку года, па ацэнках Нацбанка, стаўка па няльготных крэдытах насельніцтву ў сярэднім знізілася з 25 да 18 працэнтаў гадавых. Але, не выключана, банкі могуць скінуць яшчэ.

“Зніжэнне гэтага паказчыка за такі кароткі тэрмін амаль на трэць — гэта ўражальныя тэмпы, і гэты працэс будзе працягвацца”, — заявіў на міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай Белаграпрамбанкам, намеснік старшыні праўлення Нацбанка Мікалай Лузгін. Гэта можа прывесці да росту попыту на крэдыты. І цяперашняя сума ў 2,1 мільёна рублёў, якія ў сярэднім кожны жыхар Беларусі мусіць вярнуць банку за карыстанне крэдытамі, можа вырасці.
Па-ранейшаму каля 70 працэнтаў крэдытаў насельніцтву прыходзіцца на льготныя жыллёвыя. Але расце папулярнасць і спажывецкіх крэдытаў. Больш за палову ўсіх крэдытаў фізічным асобам выдаў Беларусбанк. Звыш 50 працэнтаў грошай банкі выдалі жыхарам сталіцы і Мінскай вобласці.
Падставай для зніжэння працэнтных ставак па крэдытах, як тлумачаць эксперты, стала запавольванне тэмпаў афіцыйнай інфляцыі (з пачатку года — не больш за 7 працэнтаў), а таксама паступовае змяншэнне стаўкі рэфінансавання Нацбанка. Зніжэнне працэнтных ставак, у прыватнасці, можа зрабіць няльготныя жыллёвыя крэдыты больш даступнымі.
Аднак нават ва ўмовах вострай канкурэнцыі банкі наўрад ці змогуць значна паменшыць узровень працэнтных ставак. Іначай яны мусілі б адначасова знізіць стаўкі і па дэпазітах. Але і цяперашнія 17—18 працэнтаў гадавых па рублёвых укладах менш прывабныя, чым 20—25, на якія можна было разлічваць яшчэ год таму. Сёння на кожнага беларуса ў сярэднім прыходзіцца банкаўскі ўклад на 2,5 мільёна рублёў. Запланаваны рост заробкаў, безумоўна, дапаможа павысіць гэты паказчык. Наколькі хутка ён перавысіць 3 мільёны, у значнай ступені будзе залежаць ад прывабнасці банкаўскіх працэнтных ставак па дэпазітах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter