У мінулыя выхадныя ініцыятыўная група Беларускай федэрацыі падводнага спорту чысціла падводны гарызонт пляжнай зоны вадасховішча Крыніца, што за два кіламетры ад Мінска. Упершыню за паўтара дзясятка гадоў такая ўборка праводзіцца па вясне, звычайна ж — толькі ўвосень. Гэты імправізаваны суботнік — добры спосаб сумясціць прыемнае з карысным: намачыць ласты, чаго ў іншым выпадку да 30 мая зрабіць нельга, бо ў Мінскай вобласці дзейнічае забарона на рыбную лоўлю — нераст, а таксама выправіць наступствы дзейнасці нядбайных турыстаў і рыбакоў. За ходам працы назіраў карэспандэнт «Р».

На стаянцы каля Крыніцы гудзе кампрэсар, надзімае кіслародам балоны для аквалангістаў. Бліжэй да вады пераапранаюцца і самі дайверы, не без намаганняў залазяць у цесныя неапрэнавыя касцюмы колеру хакі. Правяраюць амуніцыю перад апусканнем — грузы і іх «антаганіста», кампенсатар плывучасці. На руцэ ў дайвера масіўны компас.
— Гэта мой падводны камп’ютар, паказвае надвор’е ў Зімбабвэ і ў Мінску, — жартуе ён.
Абавязкова з сабой у дайвераў нож: заўсёды ёсць верагоднасць натрапіць на сеткі. І хай у 99 выпадках са 100 нож не спатрэбiцца, але ў адзіным — можа выратаваць жыццё.

З Мінскай вобласці прыехалі тры дзясяткі падводных паляўнічых і чатыры дайверы для ўборкі з поўным апусканнем. Пакінулі справы, прысвяцілі свой выхадны грамадска карыснай актыўнасці. Нават важныя падзеі не спынілі — у аднаго з падводных паляўнічых у гэты дзень раджае жонка, а ён тут. Кожны сам разлічвае сілы, як доўга быць у вадзе, а яна яшчэ далёка не летняя — усяго 15 градусаў. Да пачаткоўцаў прыстаўлены ў пару больш вопытныя нырцы. Балазе бачнасць выдатная для гэтых месцаў — паўтара метра, глыбіня ж Крыніцы — усяго каля трох метраў. Падводныя паляўнічыя і дайверы шукаюць смецце без спецыяльнага абсталявання. Для аматарскага фармату ўборкі яно і не патрэбна. Акрамя экіпіроўкі, з сабой толькі мяшкі для смецця, ярка-жоўтыя над вадой, як буі.

Побач за ходам уборкі назіраюць рыбакі, яны зусім не супраць шумнай актыўнасці, наадварот, ветліва пацікавіліся, ці не перашкаджаюць самі. Выйшаў на паверхню падводны паляўнічы, прыбіраў дно дзесьці гадзіну. Прыкметна стаміўся. У адной руцэ — пакет са смеццем: там шкло, пластыкавыя бутэлькі, рыбалоўныя сеткі, у другой — нешта бліскучае. Аказалася, блешня, яе не выкідае — у гаспадарцы спатрэбіцца.

У Беларускай федэрацыі падводнага спорту — 5 тысяч паляўнічых і дайвераў. Трэніруюцца яны ў звычайных басейнах. Глыбокіх, для адпрацоўкі сур’ёзных спускаў, у нашай краіне няма. Чым жа так вабіць падводны свет дайвераў, што яны гатовыя гадзінамі баразніць дно вадасховішча? Прызнаюцца: пад вадой яны сам-насам з сабой, бытавыя праблемы засталіся там, на беразе, цалкам адключаюцца ад знешняга свету — невымоўнае адчуванне.