Срэбраныя ніці, залатыя кроплі...

Да 2015-га аб'ём вытворчасці льнянога алею можа скласці 12.000 т

Яшчэ раз пра гаючы гаркаваты прысмак ільнянога алею і дзяржаўны інтарэс

«Сёння ў нашых крамах надзвычай шырокі выбар алею: сланечнікавы, кукурузны, гарбузовы, вінаградны, міндалевы... А вось «родненькі» — з ільну сінявокага — трэба яшчэ пашукаць. Няўжо ў нас так памяняліся традыцыі харчавання, што спрадвечна незаменны прадукт прыроды стаў для нас, спажыўцоў, страваю хутчэй экзатычнай, чым паўсядзённай?

Расія ў гэтым сэнсе «прачнулася» раней і прапанавала на спажывецкім рынку льняную муку, жмых, насенне, алей... З арыентацыяй, заўважце, на дыетычнае і здаровае харчаванне. А што думаем мы?»

Марыя НОВІК, Брэсцкая вобласць

Напачатку падбадзёрым нашу чытачку. Вытворчасць ільнянога алею ў краіне ўжо наладзіла прыватнае прадпрыемства ТАА «Клуб Фарм-Эка» ў Драгічыне, за справу з энтузіязмам узяліся ў ААТ «Лідлён» і ААТ «Валожынскі льнокамбінат», эксперыментальную лінію пусцілі ў Паставах...

Але шлях да пакупніка гэтага ўнікальнага і вельмі карыснага прадукта сапраўды няпросты. І лепш за іншых пра гэта ведаюць беларускія вучоныя.

...Завітаем у вёску Вусце Аршанскага раёна, дзе больш за дзесяць гадоў назад быў створаны Інстытут ільну Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Сёння тут поўным ходам ідзе праца па вывядзенні новых гатункаў не толькі кароткасцябліннага і даўгунца, а і льну алейнага. Попыт на апошні на сусветным рынку павялічваецца з кожным годам, і экспарт яго можа прыносіць дзяржаве дадатковыя валютныя паступленні.

— Вось яны, нашы каштоўнасці! — дырэктар РУП «Інстытут ільну», член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Іван Голуб адчыняе дзверы ў так званую «скарбніцу» і паказвае шыкоўнае серабрыстае, шаўкавістае валакно і вялікую калекцыю насення гатункаў ільну з усяго свету, сярод якіх нямала і славутых айчынных.

Як вынікае з навуковых даследаванняў, вытворчасць ільну алейнага прывабна не толькі сваёй высокай рэнтабельнасцю. Прадукцыя гэта менш залежыць ад умоў надвор’я, для яе вырошчвання глеба і клімат нашай краіны найбольш спрыяльныя. Дарэчы, гаспадаркі Польшчы і Чэхіі таксама прыйшлі да аналагічных высноў. Вось чаму, не прымяншаючы значэння для эканомікі льну-даўгунцу, беларускія вучоныя робяць сур’ёзны акцэнт на культывіраванне льну алейнага. Урад краіны і Прэзідэнт надаюць вялікую ўвагу развіццю стратэгічна важнай галіны сельскагаспадарчай вытворчасці. Аб гэтым сведчаць і рэспубліканская праграма «Лён», і галіновая навукова-тэхнічная праграма «Лён алейны» на 2012—2015 гады.

Беларусь здаўна славілася льнаводствам, расказваюць супрацоўнікі інстытута. Патэнцыялу вырошчвання гэтай культуры наша краіна не страціла і сёння. Праўда, пасяўная плошча льну ў Беларусі зараз большая, чым у Францыі, Бельгіі і Нідэрландах, а ўраджайнасць, на жаль, амаль удвая меншая. Пры гэтым імідж ільняной дзяржавы мы трымаем у даволі жорсткай канкурэнцыі з Кітаем і Турцыяй...

Ільняныя тканіны (для тэхнічнай вытворчасці, вопраткі, сталовай і пасцельнай бялізны), пакост, фарбы і лакі — гэта тое, з чым у першую чаргу для большасці з нас асацыіруецца лён. Многія нават не здагадваюцца яшчэ пра адну ўнікальную каштоўнасць ільняной семачкі: яна — дзівосная крыніца жыццёва неабходных арганічных рэчываў, якія арганізм чалавека самастойна не выпрацоўвае. Адно з такіх рэчываў — АЛК (альфа-ліналенавая кіслата). Атрымаць яе хімічным спосабам пакуль што немагчыма.

— Пэўны час ільняны алей незаслужана лічыўся другаснай сыравінай, — працягвае расказ дырэктар РУП «Інстытут ільну» Іван Голуб. — А гэта ж такая карысная рэч! Па-першае, смачна: і з бульбачкай, і з квашанай капусткай, і з кашай, і проста з хлебам і цыбулькай... Па-другое, карысна: для прыгажосці, для здароўя. «Золата мозгу» такой звыклай і распаўсюджанай на нашых палях расліны жыватворна ўплывае і на чалавечы мозг, на абмен рэчываў, стан крыві, запаленчыя працэсы, паляпшае памяць і вынослівасць арганізму...

— Значыць, нашы продкі былі здаравейшымі за нас і па прычыне традыцыйнага ўжывання ў ежу льнянога алею? — пачынаю разважаць я, прыгадваючы вобразы былінных асілкаў... Ды што там быліны! Прыпамінаю, як яшчэ мой дзядуля вазіў мех ільнянога семя ў суседнюю вёску да сябра, у якога з «польскіх часоў» захаваўся прэс, на якім выціскалі алей — густы, цёмны, з характэрным пахам вясновай травы і спецыфічнай гарчынкай. Эх, каб не тая гарчынка! Хаця не, зараз я гатова сказаць інакш: «Эх, каб таго алею сёння!..»

— Абмежаваны тэрмін захоўвання — адна з элементарных прычын непрыязных адносін перапрацоўчай прамысловасці і гандлю да льнянога алею, — папулярна тлумачыць сутнасць «праблемы з гарчынкай» загадчык лабараторыі селекцыі льну алейнага РУП «Інстытут ільну» кандыдат сельскагаспадарчых навук Аляксей Снопаў. — Справа ў тым, што пад уплывам кіслароду з паветра поліненасычаная кіслата, якая ўтрымліваецца ў семках расліны, хутка акісляецца і набывае горкі прысмак. 

Між тым беларускія вучоныя нядаўна паспяхова вырашылі гэтую праблему з дапамогай стабілізатараў, атрыманых на аснове экстракту з насення некаторых бабовых культур, і запатэнтавалі спосаб, які дазваляе павялічыць тэрмін захоўвання прадукту да шасці месяцаў.

Пра тое, што льняны алей станоўча ўплывае на ўсе жыццёва важныя працэсы чалавечага арганізма, можна распавядаць доўга. Унікальны па біялагічнай каштоўнасці, ён утрымлівае незаменную поліненасычаную тлустую кіслату амега-3, якая прыносіць карысць нервовай сістэме і зніжае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў. Больш вядомая і шырока распаўсюджаная кіслата амега-6 утрымліваецца амаль ва ўсіх алеях: аліўкавым, кукурузным, сланечнікавым, гарчычным, а вось амега-3 прысутнічае толькі ў ільняным алеі і рыбным тлу-шчы, прычым у льняным алеі — у два разы больш! Пры гэтым ён намнога танней, чым рыбны тлушч.

— Ільняны бялок лінулін валодае поўным наборам незаменных амінакіслот, дзе пераважаюць поліненасычаныя кіслоты, — працягвае Аляксей Снопаў. — Даследаванні паказалі, што спажыванне хлеба, узбагачонага льняным насеннем, на працягу чатырох тыдняў зніжае ўзровень халестэрыну на 7—9 працэнтаў. Нядзіўна, што за мяжой ільняны алей уключаны ў дзясятку абавязковых прадуктаў харчавання для тых, каму за 50...

Абагульняючы замежны вопыт, можна сцвярджаць, што льняное семя і льняны алей трэба ўключаць у рацыён харчавання не ў якасці харчовай дабаўкі, а як паўнацэнны прадукт! Па медыцынскіх нормах даросламу чалавеку вагой 70 кілаграмаў штодзённа неабходна 10 грамаў ільнянога алею (у год — 3,6 кілаграма). Пры гэтым такі алей абавязковы для сардэчнікаў, алергікаў, ужываць яго вельмі важна вегетарыянцам і тым людзям, у рацыёне якіх адсутнічае рыба. Падлічана: штогадовая патрэба ў ільняным алеі ў нашай краіне складае 5 тысяч тон для груп рызыкі, а фактычна — звыш 10 тысяч тон.

Нашы глебы і кліматычныя ўмовы дазваляюць вырошчваць лён алейны ў многіх рэгіёнах краіны, аднак яго вытворчыя пасевы да нядаўняга часу адсутнічалі, хаця селекцыйная работа вялася яшчэ з 1998 года. У выніку карпатлівай працы РУП «Інстытут ільну» сумесна з вучонымі НАН перадалі ў Дзяржаўную інспекцыю па сортавыпрабаванні сельскагаспадарчых культур два айчынныя гатункі льну алейнага — «брэсцкі» і «сонечны», якія ўяўляюць цікавасць не толькі ў якасці патэнцыяльнага рэзерву паляпшэння сартыменту прамысловага льнаводства ў краіне і краінах блізкага замежжа, а і як нацыянальны генафонд ільну!

Акрамя гэтага, у Беларусі ўпершыню распрацавана і тэхналогія вырошчвання айчынных і замежных сартоў ільну алейнага на глебах з аптымальным узроўнем кіслотнасці і прымяненнем аптымальных, эканамічна акупаемых доз фосфарнага, калійнага і азотнага ўгнаенняў, што можа забяспечыць ураджайнасць насення 1,4—1,5 тоны з гектара і болей і даць прыбытак 160—200 долараў США з гектара пры рэнтабельнасці 50 працэнтаў.

Адным словам, магчымасці айчыннай вытворчасці льнянога алею спецыялісты ацэньваюць як значныя. Па разліках акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара сельскагаспадарчых навук, вядомага вучонага ў галіне раслінаводства і земляробства, галоўнага навуковага супрацоўніка РУП «Інстытут ільну» Уладзіміра Паўлавіча Самсонава, да 2015 года аб’ём яго вытворчасці можа дасягнуць 12 000 тон.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter