Авіякатастрофа расійскага лайнера “Airbus A321” адсунула на задні план усе міжнародныя навіны

Спынены палёт

Авіякатастрофа расійскага лайнера “Airbus A321” на поўначы егіпецкага Сінайскага паўвострава, у выніку чаго загінула 224 чалавекі, адсунула на задні план усе міжнародныя навіны. Пакуль спецыялісты шэрагу краін аналізуюць запісы бартавых самапісцаў і ўстанаўліваюць прычыны гібелі пасажыраў і членаў экіпажу з рэйсу Шарм-эль-Шэйх — Санкт-Пецярбург, у Расію працягваюць ісці спачуванні з ўсяго свету, у тым ліку з Беларусі, ад імя Прэзідэнта і народа.

Да іншых падзей. Міграцыйны крызіс моцна ўзрушыў еўрапейскую палітэліту. Ангела Меркель выказалася супраць закрыцця мяжы Германіі з Аўстрыяй для спынення патокаў бежанцаў. На думку нямецкага палітыка, гэтая сітуацыя можа справакаваць “ваенны сцэнарый у Еўропе”, які стане сапраўднай катастрофай для ЕС. Аднак кіраўнікі ўрадаў Сербіі, Харватыі і Славеніі супакоілі канцлера, заявіўшы аб немагчымасці ўзброенага канфлікту на Балканах з-за сітуацыі з мігрантамі.

У цэнтры ўвагі масмедыя Сірыя: ЗША абвясцілі аб уводзе ў гэтую шматпакутную краіну сіл спецыяльнага прызначэння — для сухапутных аперацый супраць “Ісламскай дзяржавы”. Тым часам лідар “Аль-Каіды” Айман аль-Завахіры прапанаваў ісламісцкім групоўкам спыніць унутраную барацьбу і сумесна процістаяць пагрозе з Захаду, Расіі і Ірана. Апошнім часам, каб “сябраваць супраць”, розныя бакі сірыйскага тэатру ваенных дзеянняў ствараюць зручныя для сябе ваенна-палітычныя кааліцыі.

Зноў аб ЗША. Сенат і палата прадстаўнікоў Злучаных Штатаў прынялі закон, які пашырае да 2017 года ліміт нацыянальнага доўгу. Такім чынам, паводле паведамлення Washington Times, Барак Абама пасля сыходу з прэзідэнцкай пасады пакіне Амерыку з 20-трыльённым дзярждоўгам (зараз 18,15). У пачатку яго кар’еры ў 2009 годзе гэта сума была ўдвая меньшая — 10,6 трыльёна долараў.

На нашых шыротах. Працягваецца рэальная праца па абароне ўнутранага расійскага рынку з захаваннем інтарэсаў Еўразійскага эканамічнага саюза (Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія): Мінсельгас РФ прапануе абмежаваць набыццё імпартных прадуктаў харчавання для дзяржаўных і муніцыпальных патрэб. Прыярытэт на прадуктовы імпарт у Расію аддадуць дзяржавам ЕАЭС. Захады могуць датычыцца каля 32 мільёнаў спажыўцоў у расійскіх дзіцячых садках, школах, бальніцах, ВНУ, узброеных сілах і МНС. 

Усё гэта адбывалася на мінулым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе далей? Пажывём — пабачым.

Сустрэнемся...

sav@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter