Спыніце экстрэмістаў!

З надыходам 2015 года мы не атрымалі больш небяспечнага свету. Наадварот, ён апынуўся перад намі больш крохкі і ўразлівы...
З надыходам 2015 года мы не атрымалі больш небяспечнага свету. Наадварот, ён апынуўся перад намі больш крохкі і ўразлівы... Падзеі, якія адбыліся ў Францыі, Бельгіі, Германіі і ва Украіне, сведчаць: палітычны, рэлігійны і нацыяналістычны экстрэмізм, тэрарыстычныя пагрозы — галоўныя выклікі цяперашняга вірлівага часу.

На жаль, не кожнаму ўраду сёння ўдаецца захаваць міжканфесійны і міжнацыянальны мір. У нашай краіне ён забяспечаны асновамі дзяржаўнай палітыкі, цярплівасцю і паважлівымі стасункамі грамадства да рэлігіі і культуры ўсіх тых, хто жыве ў Беларусі на працягу многіх стагоддзяў. А гэта прадстаўнікі
26 канфесій, 141 нацыянальнасці. Усе яны — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, незалежна ад тытульнай нацыі альбо нацыянальных меншасцей.

Безумоўна, ідэальных варыянтаў міжэтнічнага ўзаемадзеяння не існуе нідзе. Тым не менш сітуацыя ў сферы этнакультурных супольнасцей у краіне вызначаецца традыцыйнай пазітыўнай стабільнасцю.
Нагадаю, днямі ў Парыжы адбыліся ўзброеныя нападзенні на рэдакцыю штотыднёвіка Charlie Hebdo і маленькі кашэрны супермаркет. Агучаная ісламістамі падстава: публікацыя сатырычных малюнкаў на прарока Мухамеда. Напярэдадні тэрарыстычнай атакі гэтае выданне размясціла ў Twitter і карыкатуру на лідара баевікоў “Ісламскай дзяржавы” Абу Бакра аль-Багдадзі. У выніку ад рук рэлігійных фанатыкаў загінулі шаснаццаць чалавек, адзінаццаць атрымалі раненні.

У знак пратэсту супраць тэрарызму ў нядзельным парыжскім маршы міру ўзялі ўдзел паўтара мільёна чалавек, у тым ліку вядомыя сусветныя палітыкі.

Генсек ААН Пан Гі Мун папярэдзіў аб недапушчальнасці ўціску мусульман у адказ на тэракты, ажыццёўленыя экстрэмістамі: падобныя дзеянні, нягледзячы на яднанне нацый, могуць справакаваць рост насілля.

На жаль, рэзанансныя французскія падзеі мелі працяг. Мішэнню зноў сталі масмедыя. Так, бельгійская паліцыя затрымала мужчыну, які планаваў выбух у брусельскім офісе газеты Le Soir. У Гамбургу невядомыя кінулі бутэльку з запальнай сумессю ў архіў рэдакцыі Hamburger Morgenpost.

На іншай “ідэйнай глебе” ў Харкаве зламыснікі закідалі “кактэйлямі Молатава” вокны будынка ўсеўкраінскай газеты “Славянка”. Паводле слоў заснавальніка выдання, яго і раней настойліва папярэджвалі закрыць “сепаратысцкую газету”. Аналагічная гісторыя здарылася ў адным з кіеўскіх офісаў Камуністычнай партыі Украіны, забароны на дзейнасць якой дамагаюцца цяперашнія ўлады. Адказнасць за гэтае злачынства ўзялі на сябе экстрэмісты з нацыяналістычнага руху “Рэванш”, якія выклалі ў інтэрнэце адпаведнае відэа.

Гэтыя падзеі сведчаць, што сённяшняй Еўропе для навядзення парадку не стае палітычнай волі пры поўным гарантаванні свабоды слова, палітыкі мультыкультурнасці. Тут патрэбны дзейсныя заканадаўчыя механізмы супраць замаху на любую рэлігію, палітычныя перакананні, эфектыўная антытэрарыстычная дзейнасць міжнародных спецслужбаў.

Вось такія навіны...

sav@sb.by
Автор публикации: Ігар САВОСЦЕНКА, галоўны рэдактар
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter