Таленавітыя, непаўторныя, светлыя, адкрытыя… Усё гэта — салісты мінскага Народнага рускага хору імя Аляксандры Нікіцінай

Спявае сэрца і душа

Таленавітыя, непаўторныя, светлыя, адкрытыя… Усё гэта — салісты мінскага Народнага рускага хору імя Аляксандры Нікіцінай.
Таленавітыя, непаўторныя, светлыя, адкрытыя… Усё гэта — салісты мінскага Народнага рускага хору імя Аляксандры Нікіцінай.

Можна іншыя словы падабраць, апісваючы артыстаў. І значна цяжэй мне выказаць захапленне іх творчасцю. Спяваюць так прыгожа і самазабыўна, што праймае да слёз, да паколвання сэрца, аж мурашкі па скуры... Між тым не магу аднесці сябе да прыхільнікаў самадзейнасці. Лічу: любую справу трэба рабіць прафесійна. Таму і рэдакцыйнае заданне — наведаць канцэрт хору і напісаць пра яго — не выклікала энтузіязму. Помніцца з юнацтва: строгія цёткі-дзядзькі спяваюць нешта ў славу сацыялізму і кампартыі. А сяброўка па-філасофску заўважыла: схадзі, жыццё поўнае парадоксаў. Маўляў, ёсць спевакі, што нот не ведаюць, а спяваць як! Нагадала пра Бернэса, Шульжэнку...

Народны рускі хор імя Аляксандры Нікіцінай хутка адзначыць 20-годдзе

У Палацы культуры “Мінскі трактарны завод” дзіўлюся на публіку: дамы за 70, шмат мужчын, маладыя парачкі — модна апранутыя, з айфонамі… Вось нечаканасць!  Хутка запаўнялася зала. Не было мітусні, эпатажу. Адчувалася: чакаюць чагосьці важнага і значнага. Вось на сцэну пад зладжаныя апладысменты выйшлі  артысты ў яркія рускіх строях. Першыя акорды баяна, зала замірае… І тое, што далей адбываецца, не паддаецца разуменню. З першых гукаў хор зачароўвае мяне непаўторным тэмбрам, чысцінёй і плаўнасцю галасоў. Гучаць песні ваенных гадоў, рускія народныя, аўтарскія. Многія ведаю з дзяцінства, некаторыя чула раней. Але такога выканання не сустракала. Няма празмернага ўзбуджэння, пафасу. Пра такое кажуць: спявае сэрца і душа. А спяваюць “нікіцінцы” з такім пачуццём, аддачай, што — дрыжыкі па целе.

Сапраўдным адкрыццём для мяне стала песня А. Пахмутавай і М. Дабранравава “Горькая моя Родина”. Упершыню чула яе. Цудоўна! Вельмі актуальна. У песні і боль, і трывога, і вялікая вера. А як прыгожа і самазабыўна яе спявала салістка — быццам дзялілася сваёй душой. Ад яе голасу на вачах многіх з’явіліся слёзы, ад слоў душа трапятала. Мне здалося: і ў салісткі ад пачуццяў часам перахапляла дыханне. Гэта сапраўдны гімн славянам. Такое хочацца вывучыць і спяваць самой.

Канцэрт праляцеў хутка, пакінуўшы адчуванне: мала! Яшчэ б пару песень! Яшчэ б паўтарыць некаторыя… Не верылася, што спявалі рабочыя, служачыя, хатнія гаспадыні, пенсіянеры. Займаюцца спевамі гадзіны па 3-4 на тыдзень. Самадзейныя артысты, але найвышэйшай якасці. Богам адораныя, Небам пацалаваныя...

Даведка ГР

Народны рускі хор імя Аляксандры Нікіцінай створаны ў 1996 годзе пры Мінскім гарадскім таварыстве рускай культуры “Русь”. Першы кіраўнік — заслужаная работніца культуры Аляксандра Пятроўна Нікіціна. З мая 1997-га хорам кіруе Інэса Барысава. У рэпертуары больш за 100 рускіх, беларускіх, украінскіх народных песень і рамансаў. Штогод хор праводзіць больш за 20 канцэртаў. Пастаянны ўдзельнік гарадскіх і раённых святаў, Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, удзельнік міжнародных фестываляў суайчыннікаў, выступае ў зборных канцэртах. Па выніках VI Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур Камісіяй па справах ЮНЕСКА Беларусі ўшанаваны Дыпломам за плённы ўдзел у развіцці міжкультурнага дыялогу і высокамастацкае ўвасабленне адметных нацыянальных традыцый. У 2008-м хор удастоены звання “народны”.
Іна Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter