На 4 тысячи тонн зерна больше, чем в прошлом году, намолотили столинские хлеборобы

Спякота прайграла стратэгіі

На Століншчыне – «Дажынкі»: у вёсцы Ніжні Церабяжоў сёння віншуюць герояў жніва

У  Столінскім раёне, які яшчэ на мінулым тыдні завяршыў жніво, на палях працавала сто камбайнаў, нагрузка на кожны перавышала 200 гектараў. Лепшы вынік у экіпажа Уладзіміра Шуканава і Дзмітрыя Багаткі з СВК «Фядорскі», які намалаціў 1984 тоны збажыны. Час прааналізаваць вынікі гадавой працы хлебаробаў, зрабіць вывады. Пра гэта гутарым з першым намеснікам старшыні райвыканкама — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васілём Літвінкевічам.

— Васіль Паўлавіч, як у цэлым склаўся год для хлебаробаў?

— У асноўным атрыманы прадказальныя вынікі: па ўраджайнасці збожжавых з года ў год стабільна сярод абласных лідараў. З вясны надвор’е спрыяла добраму ўраджаю: хапала вільгаці і цяпла. Але калі стаў налівацца колас, пачалася спякота. Праўда, яна менш нанесла шкоды на глеістых глебах — па 70 і болей цэнтнераў зерня намалочвалі механізатары на некаторых участках азімай пшаніцы элітнай гаспадаркі «Палеская ніва».

З вясны пасевы азімых добра раслі і развіваліся. Але ў чэрвені, а потым і ў ліпені на пясчаніках у пойме Гарыні сонца выпаліла збажыну, кукурузу. Асабліва пацярпелі КСУП «Беражное», КУПП «Манькавічы», КСУП «Струга», ААТ «Церабяжоў-Агра». Але ўсё ж у цэлым па раёне атрыманы большы ўраджай збожжавых і рапсу, чым у папярэднія гады: з гектара па 40,1 цэнтнера. Агульны намалот — амаль 78 тысяч тон, што на 4 тысячы больш леташняга. Сярод 16 гаспадарак па ўраджайнасці лідзіруе СУП «Рубельскі»: на круг намалочана звыш 67 цэнтнераў збожжа і амаль 37 цэнтнераў рапсу. Больш за паўсотні цэнтнераў зерня даў гектар у ААТ «Палеская ніва» і «Кароцічы». Звыш 30 цэнтнераў на круг азімага рапсу ў ААТ «Палеская ніва» і ААТ «Новая Прыпяць». Раён на трэцім месцы ў вобласці па ўраджайнасці гэтай культуры.

У нас склаўся моцны касцяк механізатарскіх кадраў. У зімовы перыяд спецыялісты гаспадарак праводзілі з імі вучобу па тэхналогіі вырошчвання асноўных сельгаскультур. У былыя гады групамі адпраўлялі хлебаробаў у абласны цэнтр павышэння кваліфікацыі, але сёлета з-за пандэміі заняткі праводзіліся на месцы. У гаспадарках у традыцыі сямейныя ўборачныя экіпажы. Часцей за ўсё з бацькам-камбайнерам працавалі сыны, сваякі. Браты Юрый і Ілля Неўдахі з КСУП «Відзіборскі» на камбайне КЗС-10 намалацілі амаль 1400 тон зерня і занялі другое месца ў раённым спаборніцтве. Амаль столькі ж і на рахунку ўборачнага экіпажа Алега Гапончыка і Аляксея Кургана, а таксама ў Міхаіла Пацукевіча і Анатоля Шуркала з СВК «Фядорскі». Амаль па паўтары тысячы тон перавезлі збожжа ад камбайнаў на зерняток вадзіцелі Дзмітрый Багатка і Аляксей Курган з СВК «Фядорскі», Рыгор Вярэніч з КСУП «Відзіборскі», Васіль Ядлоўскі з ААТ «Новая Прыпяць».


— Сёлетняе жніво для вас першае ў якасці кіраўніка ўпраўлення. Эстафету кіра­вання вам перадаў Мікалай Мароз, які ўзначаліў Ляхавіцкі райвыканкам. Чым для вас запомніўся гэты вянец хлебаробскай працы? Ці апраўдала сябе стратэгія ўборачнай?

— Асновы стратэгіі заклад­валіся гадамі. У гаспадарках працуюць высокапрафесійныя галоўныя спецыялісты, якія ведаюць патэнцыяльныя магчымасці кожнага поля. З улікам гэтага і распрацоўваюць севазвароты, падбіраюць адпаведныя сарты збожжавых культур, якія ў нашых палескіх умовах даюць найбольшы эфект. Добра зарэкамендавалі сябе азімыя: пшаніца «багатка» і «сюіта», жыта «алькора» і «афелія», трыцікале «праметэй» і «дынама», ячмень «тэрэза», «ізацел» і яравы ячмень «радзімы». Насенне ў асноўным набывалі ў нашай элітнай гаспадарцы «Палеская ніва», а таксама ў іванаўскім ААТ «Агра-Моталь», лунінецкім ААТ «Гарадзецкі» і пінскім ААТ «Парахонскае».

Пасля снежнай зімы выявілі шмат цвілі на палях, таму вясною прабаранавалі па­шкоджаныя ўчасткі. Гэта затраты, але баранаванне паспрыяла ўраджайнасці. Гаспадаркам раёна з вобласці выдзелілі субсідыі на набыццё азотных удабрэнняў. Азімыя падкармілі ў максімальна сціслыя тэрміны, што пасадзейнічала эфектыўнаму развіццю пасеваў. Своечасова апрацавалі збожжавыя ад шкоднікаў і хвароб. Выкананне тэхналогіі на палях у нас стала законам.

На працягу ўсяго сезона ў поўнай баявой гатоўнасці інжынерныя службы — імгненна рэагавалі на сігналы аб паломках і непаладках. Да мінімума зводзілася прастойванне агрэга­таў у загоне. Дзякуючы пільнай тэхналагічнай дысцыпліне і граматнай рабоце спецыялістаў усіх служб аператыўна правялі ўборку. Завяршаем і выкананне дзяржзаказу па рэалізацыі зерня. На Пінскі КХП здадзена 5900 тон пшаніцы. Перавыкананы план па жыце — 1338 тон. У тры разы больш запланаванага рэалізавана піваварнага ячменю — амаль 900 тон.


— Пачынаецца новы віток хлебаробскай працы: закладваецца аснова ўраджаю наступнага года. Як вы ўлічваеце атрыманыя вынікі жніва напярэдадні сяўбы азімых?

— Пралічваем кожны крок. Не валавы паказчык характарызуе поспех, а сума атрыманай выручкі ад рэалізацыі прадукцыі. У кожнай гаспадарцы яна розніцца. У любой справе важна граматна пралічыць эканоміку. Там, дзе больш смела ўкараняюць перадавыя прыёмы, вынік лепшы. Важна і тое, што ў апошнія гады кліматычныя ўмовы мяняюцца ў бок пацяплення — усё часцей засухі. У структуры зерневага кліна азімыя больш ураджайныя на нашых палескіх нівах. У структуры пасяўных плошчаў раёна 6250 гектараў адведзена для сяўбы азімай пшаніцы, на сто гектараў менш зойме азімае трыцікале і амаль 4000 гектараў засеем азімым жытам. Сем сельгаспрадпрыемстваў вырошчваюць піваварны ячмень. У азімым севазвароце пад гэту культуру адведзена 350 гектараў.

Хочацца выказаць падзяку кожнаму ўдзельніку жніва: ад механізатараў да галоўных спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак. Хлеб убраны і засыпаны ў засекі. Можам сябе паважаць і прафесіянальна, і па-чалавечы. Ад старання кожнага залежаў агульны вынік, а значыць, дабрабыт сямей, гаспадарак і ўсёй краіны.

— Дзякуй, Васіль Паўлавіч, за інтэрв’ю. Плёну і здароўя вам і ўсім хлебаробам раёна!

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter