Спрыяльны клімат

Сямён Шапіра зацверджаны старшынёй Мінскага аблвыканкама

На пасяджэнні сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Сямён Шапіра зацверджаны на пасадзе старшыні Мінскага аблвыканкама

У час прадстаўлення дэпутатам яго кандыдатуры прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што Сямён Шапіра добра вядомы ў краіне чалавек. Кіраўнік урада абазначыў шэраг задач, якія пастаўлены перад вобласцю, падкрэсліўшы, што гэта асобы рэгіён і яго развіццё істотна ўплывае на эканоміку краіны ў цэлым.

Сёння на першы план выходзяць задачы росту эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці, мадэрнізацыя эканомікі. Пры гэтым асноўная ўвага надаецца не столькі валавым, колькі якасным паказчыкам. Міхаіл Мясніковіч зрабіў акцэнт на тым, што за тры гады пяцігодкі ў асноўны капітал краіны інвеставана 57 млрд. долараў ЗША, а гэта тры чвэрці ад аб’ёмаў за ўсю мінулую пяцігодку: «Прыйшоў час атрымліваць аддачу ад гэтых сродкаў, якія ўкладзены краінай у эканоміку, павінна быць адпаведная эканамічная эфектыўнасць ад праектаў, куды прыцягнуты вялікія рэсурсы».

Прэм’ер-міністр станоўча ацаніў вынікі работы Міншчыны ў накірунку развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства і зазначыў, што менавіта тут нарадзіліся многія знакавыя інвестыцыйныя праекты, якія будуць вызначаць эканоміку краіны.

На сесіі выступіла шмат уплывовых асоб, якія выказаліся наконт асабістых і прафесійных якасцей Сямёна Шапіры. У час адкрытага галасавання дэпутаты аднагалосна падтрымалі яго кандыдатуру, затым Міхаіл Мясніковіч уручыў старшыні Мінскага аблвыканкама службовае пасведчанне.

У першым на новай пасадзе інтэрв’ю для журналістаў Сямён Шапіра падзяліўся сваімі бліжэйшымі планамі: «У наступныя два тыдні я наведаю ўсе 22 раёны Мінскай вобласці, пазнаёмлюся са старшынямі райвыканкамаў, дынамікай развіцця рэгіёнаў. Гэта работа ўжо распачата». Ён выказаў шчырую ўдзячнасць гродзенцам за гады сумеснай плённай працы і запэўніў, што зробіць усё магчымае, каб Міншчына была самым развітым рэгіёнам краіны. Старшыня Мінаблвыканкама падзякаваў дэпутатам за аказаны давер: «Я прыкладу ўсе намаганні, каб народныя абраннікі, якія сёння падтрымалі рашэнне кіраўніка дзяржавы аб маім назначэнні, не сказалі праз пэўны час, што яны памыліліся».

Дарэчы, адзін з першых візітаў Сямёна Шапіры ў рэгіёны адбыўся на Дзяржыншчыну напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў сяла. Як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, гэта не звязана з тым, што менавіта там прайшла значная частка яго прафесійнай дзейнасці. Хаця гэта, безумоўна, так, і ў святочнай зале ён да многіх звяртаўся, выкарыстоўваючы імя і імя па бацьку. А ў першую чаргу звязана з тым, што Дзяржынскі раён стабільна знахо¬дзіцца ў лідарах у галіне АПК. Сёлетні ўклад у рэспубліканскі каравай — 100,4 тыс. тон збожжа з улікам зерня кукурузы пры сярэдняй ураджайнасці 48,2 ц/га. Па выніках работы Дзяржыншчына была годна прадстаўлена на рэспубліканскім фестывалі-ярмарцы «Дажынкі-2013». Сямён Шапіра ўзнагародзіў лепшых працаўнікоў раёна ганаровымі граматамі Мінскага аблвыканкама.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter