Справы і мары

Сёння за мяжой жыве каля трох мільёнаў нашых суайчыннікаў. Вядома, не ўсе ў роўнай ступені сумуюць па роднай краіне.

Сёння за мяжой жыве каля трох мільёнаў нашых суайчыннікаў. Вядома, не ўсе ў роўнай ступені сумуюць па роднай краіне. Адны падтрымліваюць толькі тэлефонную і інтэрнэт-сувязь, іншыя наведваюць Беларусь некалькі разоў на год, а трэція нават за мяжой умудраюцца прапагандаваць і развіваць беларускую мову і культуру. Адным з такіх энтузіястаў з’яўляецца беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Станіслаў Валодзька. Ён нарадзіўся і вырас на Астравеччыне Гродзенскай вобласці, аднак лёс склаўся так, што Станіслаў Віктаравіч апынуўся ў латвійскім Даўгаўпілсе. Але гэта не перашкодзіла яму пісаць творы на беларускай мове, быць членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, супрацоўнічаць з нашымі кампазітарамі, браць удзел у правядзенні Дзён беларускай культуры ў Латвіі, творчых вечарын, выстаў, і самому ініцыяваць стварэнне шэрагу беларускіх асветніцкіх аб’яднанняў за мяжой.

— Станіслаў Віктаравіч, ведаю, што дыяспара беларусаў Латвіі адна з мацнейшых у свеце. І вы асабіста зрабілі  значны ўнёсак у яе развіццё. У многім дзякуючы вам у Даўгаўпілсе з’явіўся Цэнтр беларускай культуры. У сувязі з гэтым пытанне: ці проста ў Латвіі адчуваць сябе сапраўдным беларусам?
— Сапраўды, беларуская дыяспара ў Латвіі адна з мацнейшых у свеце, бо нам ёсць чаму павучыцца ў сваіх папярэднікаў, якія жылі тут і актыўна працавалі на ніве беларускай культуры ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Гэта і дзве беларускія  гімназіі — у Лудзе і Даўгаўпілсе, і шматлікія беларускія школы, беларускі друк, беларускі народны тэатр, асветнікі, паэты і мастакі. Таму, калі ў пачатку 1990-х у нас з’явілася магчымасць стварыць беларускую суполку ў Даўгаўпілсе, мы, назваўшы яе шматзначна “Уздым”, актыўна пачалі працу. З дапамогай першага генеральнага консула Беларусі ў Даўгаўпілсе Анатоля Жалтоўскага набылі памяшканне ў будынку былога дзіцячага садка, адкрылі  беларускую нядзельную школку, стварылі вакальны гурт “Купалінка”.
З цеплынёй успамінаецца наш удзел у з’ездзе беларусаў бліжняга замежжа, а затым — у Першым з’ездзе беларусаў свету.  А Цэнтр беларускай культуры ў Даўгаўпілсе з’явіўся дзякуючы ў роўнай ступені як мне, так і маім сябрам, якія разам са мной прыкладвалі намаганні і шчыруюць зараз, каб тут набіраў моц наш беларускі рух. Вялікая заслуга ў гэтым і Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе, якое вяло перамовы з Даўгаўпілскай гарадской радай. Другога мая мы ўрачыста адсвяткавалі 15-годдзе нашага цэнтра.
А наконт адчування сябе сапраўдным беларусам у Латвіі скажу так: калі сам чалавек сапраўдны, калі ў ім моцная генетычная памяць, калі ў ім крынічыць любоў да свайго народа, да роднай мовы і культуры, то ніхто гэтага адчування адабраць у яго не можа, дзе б ён ні жыў. Іншая справа — пад-трымка і садзейнічанне нацыянальнай культурна-асветніцкай справе з боку ўладных структур. І мы самі, паважліва ставячыся да людзей іншых нацыянальнасцей, гэтую падтрымку знаходзім. Спрыяе нам і тое, што тут намі створана аб’яднанне беларускіх суполак — Саюз беларусаў Латвіі, які ўзначальвае вельмі актыўны і ўплывовы чалавек Валянціна Піскунова.
— Наколькі часта вы бываеце ў Беларусі і на сваёй малой радзіме, на Астравеччыне?
— У нейкі год часцей, у нейкі год радзей — усё залежыць ад абставінаў. З задавальненнем, атрымліваючы запрашэнне, прымаю ўдзел у літаратурных святах, прысвечаных нашым класікам, у Вязынцы, Акінчыцах, Ракуцёўшчыне, у Днях беларускага пісьменства. Надараецца ладкаваць у Беларусі свае літаратурныя вечарыны: у Мінску, Віцебску, Мядзелі, Браславе, Верхнядзвінску. Некалькі гадоў таму мая творчая сустрэча адбылася ў Астраўцы, куды разам са мной ездзілі і мае сябры з Даўгаўпілса.
— Станіслаў Віктаравіч, калі вы адчулі цягу да слова?
— Любоў да паэтычнага слова пачала абуджацца ў мяне дзесьці ў шостым класе. Спачатку я складаў вершы на рускай мове, імітуючы рускіх класікаў. А ў дзявятым класе, дзякуючы ў першую чаргу настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ліліі Печатоўскай, у мяне з’явіліся паэтычныя спробы на беларускай мове.
— А на якой мове вы пішаце цяпер?
— Пэўны час пісаў толькі на беларускай мове, аднак, каб мець магчымасць друкавацца ў рускамоўных газетах Даўгаўпілса, стаў перакладаць свае творы на рускую мову. А нядаўна некалькі сваіх вершаў, якія сталі песнямі, пераклаў на польскую мову.
— Аднойчы пачула ад творчага чалавека, што натхненне — гэта выдумка. Галоўнае — праца, праца і праца. Толькі ў такім выпадку можна стварыць нешта сапраўднае. А як нараджаюцца вашыя творы?
— Лічу актуальным выказванне: адзін працэнт — генія і дзевяноста дзевяць — пацення. Натхненне для мяне — гэта жаданне працаваць і з’яўленне падчас працы паэтычных знаходак, вартых чытацкай увагі.
— Вы пішаце не толькі вершы, але і апавяданні,  казкі для дзетак. Адна з кніг называецца “Калыханкі і пацешкі для Антошкі і Алежкі”. Відаць, што вы прысвяцілі яе сваім сынам. А калі Алег і Антон падраслі, казкі пісаць не перасталі?
— Сапраўды, я стаў значна часцей пісаць для дзетак, калі на свет з’явіліся Алег і Антон — мае галоўныя слухачы і чытачы. Зараз, калі яны выраслі, пасля працяглага перапынку ў творчасці, спадзяюся на ўнукаў.
— Станіслаў Віктаравіч, на вашыя вершы напісана нямала песень, якія выконваюць у розных краінах свету. Ці можаце вылучыць з гэтага шэрагу найбольш блізкую і дарагую кампазіцыю?
— Вылучаць якую-небудзь адну са сваіх песень я не буду, каб не пакрыўдзіць астатнія. Яны ўсе для мяне дарагія, кожная па-свойму. І ў кожнай з іх — свой лёс. Аднак ёсць моманты, якія асабліва радуюць. Песня “Беларускі дом” стала гімнам беларускай дыяспары Даўгаўпілса. “Браслаўскімі зарніцамі” завяршаецца штогадовы фестываль у Браславе. Песні “Ветэраны”, “У Вечного огня”, “Победа”, “Полевая кухня” гучаць на канцэртах падчас святкавання Дня Перамогі ў выкананні даўгаўпілскіх салістаў Паўла Прозара, Сяргея Піманава і Аляксандра Лапы. Песня “Ручнік” запісана ў студыі ў выкананні народнага артыста Беларусі Якава Навуменкі. Хачу сказаць, што мне пашчасціла пазнаёміцца і супрацоўнічаць з таленавітымі кампазітарамі Беларусі і Латвіі, аўтарамі музыкі маіх песень. Гэта Алена Атрашкевіч, Мікола Яцкоў, Альберт Белусь, Анатоль Мядзведзеў, Аляксандр Якіменка, Генрых Галіцкі, Станіслаў Клімаў, Яўген Лявіцін, Валерый Буль, Аляксандр Рудзь, Мая Калныня, Ірэна Цымбале, Алена Віткевіч, Юлія Васільева, Таццяна Піменава, Эдуард Вартанаў, Андрэй Канавалаў.
— Хтосьці з сыноў пайшоў па бацькавай сцежцы? І як вашы родныя ставяцца да таго, што вы пісьменнік?
— Алег працуе машыністам цеплавоза. У свой час я нямала гадоў працаваў на чыгунцы машыністам пуцявой машыны. Антон скончыў дзясяты клас, і мне даспадобы  яго паважлівае стаўленне да літаратуры. Родныя ўсяляк падтрымліваюць маё літаратурнае захапленне. Алег на ўласным аўтамабілі дастаўляе мяне на імпрэзы і часта выступае на іх у якасці фатографа. А жонцы Вользе падабаецца, калі я прыходжу дадому з падоранымі на вечарынах кветкамі.
— Станіслаў Віктаравіч, над чым вы працуеце зараз і пра што марыце?
— Доўгі час чакаю выхаду ў свет у выдавецтвах Беларусі сваіх кніг — казак “Добры мужык” і вершаў “На гэтай зямлі”. У гэтым садзейнічаюць пасол Беларусі ў Латвіі Марына Даўгаполава і генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Віктар Гейсік, за што, як і за падтрымку наогул, я ім вельмі ўдзячны.
А што датычыцца мараў, кажуць, імі дзяліцца нельга, інакш не спраўдзяцца. Прызнаюся толькі, што вельмі жадаю правесці чарговую творчую сустрэчу ў роднай вёсцы Падольцы Астравецкага раёна.

МОЙ КРЫЖЫК

Нацельны крыжык свой
Я сэрцам адчуваю.
Нагрудны крыжык мой
Мне сэрца сагравае.
Абняўшы ланцужком,
Мяне аберагае
Ад сілы злой,
Што зноў
Упіраецца рагамі...
З тым крыжыкам святым
Жыве ўва мне святое...
Мой крыжык залаты.
I, сэрца, будзь такое!..
Хістаецца парой
Зямелька пад нагамі...
Мне крыжык гэты
Мой
Крыж несці памагае...

 

* * *
Тая вёсачка за лесам
Ледзь знаёмай мне была.
Папрасіў вады.
Бабуля
Малака мне наліла.
Скуль я, чый я — запытала
I ўздыхнула:
Вось бяда...
Ужо зусім нямоглай стала,
А кароўку грэх прадаць.
Сенаваць не едуць дзеці.
Ды на край зямлі зусім
Іх занёс аднойчы вецер,
Што дабрацца цяжка ім.
А адзін — памёр. Вось гора!
Той бы, пэўна, памагаў...
Падкаціў камяк пад горла —
Малаком я ледзь прагнаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter