Здаецца, яшчэ пару тыдняў таму мы атрымлiвалi асалоду ад снежнай зiмы, а вось ужо i да перыяду летнiх адпачынкаў рукой падаць. Сонейка ўсё часцей грэе сваiм цяплом, людзi пераходзяць на больш лёгкую вопратку. Ва ўсiх гарадах i раёнах краiны распрацаваны i зацверджаны мерапрыемствы па навядзеннi парадку на зямлi i добраўпарадкаваннi населеных пунктаў. Сезонныя зоны рэкрэацыi таксама на ўсю моц рыхтуюць да гарачай пары. Аб тым, у якiм стане гарадскiя пляжы будуць сустракаць адпачывальнiкаў, даведваўся карэспандэнт «Р».
На ўсiх пляжах ёсць зручныя драўляныя i металiчныя альтанкi для адпачынку.
Свядомасць адпачывальнiкаў расце
Не плануючы спецыяльна, на пляж на Цнянскiм вадасховiшчы мы прыязджаем у цёплы сонечны дзень. Але пра тое, што пакуль не час загараць, нагадвае лёд, якi яшчэ не паспеў растаць на вадзе, i мiнi-гурбы, якiя месцамi прытаiлiся ўздоўж берага.
На наша здзiўленне, тут дастаткова ажыўлена. Па веладарожках раз’язджаюць веласiпедысты, на гульнявых пляцоўках дзятва атрымлiвае асалоду ад бесклапотнага дзяцiнства, па тратуарах павольным крокам шпацыруюць людзi шаноўнага ўзросту, а на спартыўных трэнажорах займаюцца аматары здаровага ладу жыцця. Здавалася б, ну што тут паляпшаць, калi i так усё выдатна? Але, як заўважае намеснiк дырэктара УП «Мiнская лесапаркавая гаспадарка» Аляксандр Прамiнскi, мяжы дасканаласцi няма.
Не абыходзiцца i без непрыемных сюрпрызаў замест падзяк. Са слоў намеснiка дырэктара, цяпер найбольшая праблема, створаная рукамi вандалаў, — гэта рознага кшталту надпiсы. Рабочым прадпрыемства даводзiцца аб’язджаць i лiквiдаваць дэфекты. Тое самае датычыцца i рамонту.
— На шчасце, цяпер сiтуацыя змянiлася ў лепшы бок, — звяртае ўвагу Аляксандр Прамiнскi. — Калi раней лаўкi ламалi, альтанкi псавалi, а мангалы прысвойвалi, то цяпер гэта хутчэй выключэнне, чым правiла.
Новыя альтанкi ўсталёўваюцца не ўзамен, а ў дадатак да тых, што ўжо ёсць.
Хто ў альтанцы жыве?
На ўсiх пляжах ёсць зручныя драўляныя i металiчныя альтанкi для адпачынку. Яны абсталёўваюцца мангаламi i скрынямi, каб можна было прыгатаваць ежу i выкiнуць смецце. Дарэчы, металiчныя альтанкi закупляюцца на адным з беларускiх заводаў, а драўляныя робяцца непасрэдна на пляжах сiламi зелянбудаўцаў. Для тых, каму iх не хопiць — а ў летнюю пару жадаючых адпачыць на свежым паветры хоць адбаўляй, — у крокавай даступнасцi стаяць ценявыя навесы. На iх таксама можна размясцiцца i зладзiць пiкнiк.Пакуль мы прагульваемся па пляжы, рабочыя майструюць новую драўляную альтанку.
— Яна ўсталёўваецца не ўзамен, а ў дадатак да тых, што ўжо ёсць, — паказвае абноўку Аляксандр Прамiнскi.
Пакуль лежакi пустуюць, але ўжо хутка на iх будуць загараць адпачывальнiкi.
— Гэта, можна сказаць, палепшаная мадэль, — хвалiцца поспехамi прараб Леанiд Кандыдатаў. — На 50 сантыметраў большая за звычайныя альтанкi. А значыць, яна дадаткова зможа змясцiць у сабе яшчэ двух чалавек.
Па словах майстроў, зрабiць альтанку з нуля займае роўна пяць дзён. Затое потым пры беражлiвым стаўленнi яна праслужыць не адзiн дзясятак гадоў. Зрэшты, рабочыя зялёнага будаўнiцтва не абмяжоўваюцца стварэннем альтанак. У залежнасцi ад сезоннасцi яны прыбiраюць смецце, чысцяць дарогi ад снегу i падмятаюць iх, рамантуюць лесапаркавую мэблю, скошваюць газоны, выграбаюць лiстоту. Нiчога не скажаш, працы гэтым умельцам хапае круглы год.
Сёлета для разнастайнасцi форм на пляжах з’явяцца лаўкi з навесамi, якiх тут яшчэ не было. Дадаткова паставяць кабiнкi для пераапранання. На сезон у тых месцах адпачынку, дзе няма каналiзаваных прыбiральняў, усталююць 62 бiяпрыбiральнi. Але мала iх паставiць — павiнна быць сэрвiснае абслугоўванне. Праводзiцца яно будзе два разы на тыдзень — па панядзелках i пятнiцах, чаго, у прынцыпе, дастаткова. А яшчэ на кожным пляжы да базавай iнструкцыi па мерах бяспекi дададуць спецыялiзаваныя iнфармацыйныя стэнды ад АСВОДа па правiлах паводзiн людзей на вадзе.
Блiжэй да спорту
Па прызнаннi Аляксандра Прамiнскага, Мiнская лесапаркавая гаспадарка iмкнецца, каб больш зон адпачынку была накiравана на спартыўны лад жыцця. Таму прадпрыемства аснашчае iх спортабсталяваннем. Нават цяпер на пляжах мы бачым мноства вулiчных трэнажораў для розных груп цяглiц. I ўжо сапраўды амаль на ўсiх устаноўлена мiнiмальнае спартыўнае абсталяванне — брусы, шведская сценка, адзiночны спартснарад. Што характэрна, усе трэнажоры — беларускай вытворчасцi.
Але ёсць куды iмкнуцца! Напрыклад, на другiм пляжы Цнянскага вадасховiшча мы на свае вочы бачым, як iдуць работы па зняццi грунту i планiроўцы пад бетонны фундамент. Тут размесцiцца першая пляцоўка для воркаўту на пляжы 10 на 15 метраў з пяццю адзiнкамi спартыўнага спецыялiзаванага абсталявання.
На Цнянскiм вадасховiшчы тры гады таму ўсталявалi тэнiсныя сталы. Як паказала практыка, яны карыстаюцца попытам. А калi ёсць попыт, то будзе i прапанова: у гэтым сезоне на розных пляжах з’явiцца яшчэ дзесяць новых тэнiсных сталоў.
З клопатам аб усiх
Летась на Заслаўскiм вада-сховiшчы абсталявалi iнклюзiўны пляж. Для гэтага там усталявалi спецыяльны пантон, каб людзi з абмежаванымi магчымасцямi мелi доступ да берагавой лiнii, а таксама прыстасаваную для iх патрэб кабiнку для пераапранання, драўляную мэблю на пандусе i бiятуалет. У гэтым сезоне элементы безбар’ернага асяроддзя дададуць i на iншыя пляжы, каб зрабiць iх больш даступнымi для адпачывальнiкаў.
Таксама ў гэтым сезоне для людзей з абмежаванымi магчы-масцямi з’явяцца дзве зоны для заняткаў спортам з трыма рознымi трэнажорамi на кожнай. Такiм чынам лесапаркавая гаспадарка яшчэ больш пашырыць спектр iнклюзiўнасцi на гарадскiх пляжах. Больш за тое, да ўжо наяўных бiяпрыбiральняў для iнвалiдаў i лясной мэблi, якая дазваляе калясачнiкам пад’язджаць да стала i сядзець за iм, дададуцца новыя мадэлi.