«Справа наша не марная»

Добрай каляднай традыцыяй стала адзначаць ўзнагародамі людзей, якія шчыра папрацавалі на ніве духоўнага ўзбагачэння грамадства і культуры
Добрай каляднай традыцыяй стала адзначаць ўзнагародамі людзей, якія шчыра папрацавалі на ніве духоўнага ўзбагачэння грамадства і культуры. Пад заслону мінулага года Кіраўнік краіны падпісаў Указ, згодна з якім прысуджаны прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» і прэміі дзеячам культуры і мастацтва. У шэрагу лаўрэатаў менавіта тыя, хто працуе на ніве патрыятызму, міласэрнасці, асветы, гуманізму. Карэспандэнты «СГ» павіншавалі лаўрэатаў прэміі асабіста.

Рукадзельніца Людміла КАВАЛЁВА пра кожны свой ручнік распавядае з веданнемсправы.
Рукадзельніца Людміла КАВАЛЁВА
пра кожны свой ручнік распавядае з веданнемсправы.


Перш-наперш  мы патэлефанавалі дырэктару Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы Людміле ШАРАЙ:

— Нашаму калектыву вельмі прыемна, што прысуджана прэмія менавіта за «Духоўнае адраджэнне». Разумеем, што справа наша не марная. Для пастаяльцаў інтэрната вельмі важна сацыяльная абарона, яе яны адчуваюць. Мы стараемся бесперапынна арганізоўваць сустрэчы са студэнтамі і дзецьмі. Так, даўняе сяброўства ў нас з БНТУ, з 10-й музычнай школай Мінска.

— Яшчэ падчас візіту ў інтэрнат Кіраўніка краіны ў 2013 годзе разам з міністрам працы і сацыяльнай абароны Марыянай Шчоткінай было адзначана, што Рэспубліканскі інтэрнат для ветеранаў вайны і працы – адзіны ў СНД. У чым жа яго адметнасць і адрозненне ад 22 інтэрнатаў для ветэранаў вайны і працы, якія ёсць у рэспубліцы? 

— У нашай установе цудоўныя ўмовы. Па-першае, кругласутачна працуюць медыкі, па-другое, добра развіта матэрыяльна-тэхнічная база: у нас ёсць басейн, лячэбныя ванны, працэдуры фізіатэрапіі... Акрамя таго, у інтэрнаце шасціразовае харчаванне, а меню дзядулі і бабулі заказваюць на свой густ.

Дырэктар Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы Людміла ШАРАЙ
Дырэктар Рэспубліканскага
інтэрната ветэранаў вайны і
працы Людміла ШАРАЙ

Сярод пастаяльцаў шмат цікавых людзей. Так, каля дваццаці гадоў жыве ў нас былы першы сакратар Гродзенскага абкама партыі Іван Мікуловіч, больш за трыццаць — заслужаныя настаўнікі СССР і БССР Мікалай і Зінаіда Довіны, народная артыстка БССР, балярына Лідзія Ражанцава. Сярод ветэранаў працы трэба адзначыць Марыю Ляховіч, якая два разы была ўзнагароджана залатым медалем ВДНХ, таксама ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Усё сваё жыццё яна прысвяціла сельскай гаспадарцы, называем яе Чалавекам зямлі. 

***

У ВЁСКУ Неглюбка нашы віншаванні прыйшлі з невялічкім спазненнем. Пра ўзнагароду нешматлікі склад Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва даведаўся, калі прыляцела  да іх радасная эсэмэска з Міністэрства культуры, успамінае майстрыха Людміла КАВАЛЁВА:

— Лічу, што гэта наша агульная перамога — і супрацоўнікаў цэнтра (нас шасцёра), і жыхароў вёскі. Такая ў нас зямля — нараджае таленты, захоўваецца ўнікальная спадчына. І гэта не толькі ручнікі, але і нацыянальныя строі.

Дарэчы, носьбітаў ткацкага мастацтва на неглюбскай зямлі засталося не менш за два дзясяткі чалавек. З імі працуюць майстрыхі — я, Алена Дземчыхіна, Таццяна Суглоб. Па сутнасці, цэнтр ткацтва — звычайны Дом культуры, дзе праходяць усе масавыя акцыі. Таму перамогу цэнтра трэба падзяліць яшчэ і паміж культарганізатарам Галінай Грыньковай, тэхнічным работнікам Лідзіяй Каўтуновай і дырэктарам Уладзімірам Кавалёвым.

Менавіта свайму мужу Уладзіміру Людміла Кавалёва і абавязана тым, што амаль усё жыццё прысвяціла служэнню кроснам. Па спецыяльнасці Людміла Васільеўна слесар, а Уладзімір Сцяпанавіч — работнік культуры. Вось і прыцягнуў жонку да сябе.

Але галоўны сэнс сваёй працы супрацоўнікі цэнтра бачаць у перадачы свайго майстэрства моладзі. Узрост падлеткаў, якія займаюцца ў цэнтры ткацтва, ад сямі да 16 гадоў. А потым цікавасць прападае. 

А яшчэ бываюць і заказы, якія трэба выконваць. Гэта ўсё ідзе ў капілку цэнтра культуры па плане выканання платных паслуг. Сёння неглюбскія рукадзельніцы мараць пра тое, каб сабраць разам усіх сваіх носьбітаў сакрэтаў ткацтва на вячоркі. Два гады спрабавалі, ды не атрымалася: здароўе ў сталых жанчын ужо не тое. Можа, у 2015-м пашанцуе?





Фота Паўла ЧУЙКО, «СГ» і БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter