Справа майстрам ганарыцца

Галіна Сіняк — уладальніца тытула «Чалавек года Міншчыны»

Прадавец аўтамагазіна Крупскага раённага спажывецкага таварыства Галіна Сіняк — уладальніца ганаровага тытула «Чалавек года Міншчыны»

Дасягненне ў прафесіі прызнання — важны момант у жыцці кожнага чалавека, які па-сапраўднаму любіць сваю справу. Энтузіязму, энергіі і працавітасці Галіны Сіняк можна па-добраму пазайздросціць.

48 населеных пунктаў, самыя аддаленыя кропкі раёна — яе маршруты. Там людзі чакаюць і аўтамагазін, і, што немалаважна, саму Галіну. Сярод калег прадавец таксама мае трывалы аўтарытэт. За 2012 год сярэднямесячны тавараабарот аўтамагазіна склаў 156 млн. рублёў, тады як у цэлым па райспажыўтаварыству — 63,5 млн. рублёў. І гэта не выпадковыя лічбы, тут Галіна традыцыйна наперадзе.

Уся яе працоўная біяграфія звязана з Крупскім раённым спажывецкім таварыствам. Сярэдняя школа, гандлёвае вучылішча ў Мінску і размеркаванне ў свой раён (Галіна — ураджэнка Крупшчыны). Пэўны час працавала ў некалькіх вясковых магазінах, прычым загадчыцай, пазней і ў самім райцэнтры. З часам перайшла ў сістэму грамадскага харчавання, пачала працаваць на развозе. Спачатку хлебавоз, затым аўтамагазін. Ужо 15 гадоў яна працуе «на колах», і ўвесь гэты час за рулём яе муж Вячаслаў. Зараз гэты сямейны тандэм з нецярпеннем чакаюць жыхары амаль паўсотні вёсак Крупшчыны.

У аўтамагазіне сістэма наладжана і працуе дакладна. Штодня ранішняя загрузка тавару — амаль 200 літраў малака, 12—13 латкоў з хлебам і іншыя прадукты, тавары, камбікорм для жывёлы. Магазін напаўняецца пад завязку. Для Галіны гэта не праблема — самую цяжкую работу бярэ на сябе Вячаслаў. Выезд пасля загрузкі — не пазней за 7.30, вяртанне — як атрымаецца. З вопытам выпрацаваліся пэўныя правілы, якія спрыяюць добраму выніку. «Правіла першае: прадукцыя павінна быць заўжды свежай, — расказвае яна. — Я ніколі не адважуся даць чалавеку ўчарашні бохан хлеба, мне робіцца страшна ад адной толькі думкі, што маю маці ў вёсцы нехта можа накарміць чэрствым хлебам! Нават калі да вечара не распрадам, то адпісваю прадукцыю назад на хлебазавод». Правіла другое: яна ніколі не спазняецца, а на непрадбачаны выпадак у кожнай вёсцы ёсць свой «сувязны». Правіла трэцяе: чалавек, які не мае магчымасці штодня наведваць магазін, павінен рабіць пакупкі планава. «Я навучыла сваіх пакупнікоў, а яны людзі пераважна пажылыя, загадзя складаць спісы пакупак і ўважліва чытаць касавыя чэкі, бо лічбы немалыя, і чалавеку адразу не заўсёды проста зарыентавацца», — тлумачыць Галіна.

Правіла чацвёртае: на кожным тавары (а не агульным спісам дробнымі літарамі) абавязкова стаіць цэннік, каб чалавек са слабым зрокам або здаля мог усё дакладна разгледзець. «Цалкам ведаю попыт сваіх пакупнікоў, нават тое, хто колькі возьме хлеба, малака і гэтак далей. Звычайна ў аўтамагазіне тавараў шмат, выконваем самыя розныя заказы — ад шпалер да лекаў і гародніны», — працягвае яна. Галіна і Вячаслаў уважліва ставяцца да кожнага пакупніка, заўсёды дапамогуць старым данесці да хаты цяжкія сумкі, а калі трэба, то і пад’ехаць могуць пад самы двор. Работа стала для Галіны жыццёвай неабходнасцю: «Мне хочацца зрабіць як мага больш і лепш, я заўсёды павінна быць першай. Дома з мужам бываем рэдка, балазе дзеці ўжо дарослыя. Звычайна працуем і па святах». Вось за гэтыя непадробныя энтузіязм і шчырасць вясковыя пакупнікі і любяць свайго няўрымслівага і нястомнага прадаўца. Гаваркая і ўвішная, Галіна паспявае не толькі гандляваць, але і выслухаць жыццёвыя праблемы, падтрымаць словам і добрай парадай. Таму не дзіўна, што жыхары аказваюць ёй найвышэйшы давер. Аднойчы надарыўся выпадак, калі нечая госця ў адной з вёсак, убачыўшы, як бабуля дае прадаўцу не адлічаныя грошы, а кашалёк, запытала: «Ці не баіцеся, што возьме лішку?» І яе пытанне зразумелі не адразу.

Сваімі адносінамі да справы Галіна Сіняк змагла не толькі наладзіць добрую, выніковую работу. Яе рэпутацыя такая, што да іншага прадаўца, не тое што да камерцыйнага канкурэнта, людзі ідуць дужа неахвотна. Адказ у іх такі: «У Галі купім, у яе ёсць усё, танней, а галоўнае, свежае!»

Фота: Марына БАРАДАЎКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter