Бассейны, торговые центры, кафе и отели на месте руин: в центре Гродно практически не осталось зданий и помещений, которые не используются

Справа гаспадарскіх рук

Цікавы факт: у цэнтры Гродна практычна не засталося будынкаў і памяшканняў, якія не выкарыстоўваюцца. За некаторыя аб’екты бізнесмены гатовыя заплаціць казачныя грошы, але ж доўгія гады плошчы, на якія сёння ўзнік амаль ажыятажны попыт, стаялі незапатрабаванымі. Камунальнікі трацілі велізарныя грошы на ўтрыманне такой нерухомасці. Карэспандэнт «Р» вырашыла пацікавіцца, што ж такое прыдумалі ў Гродзенскім гарвыканкаме, каб прынцыпова выправіць сітуацыю.

У мінулым годзе ў цэнтральнай частцы Гродна гарвыканкамам было прадастаўлена ў арэнду больш за паўсотні памяшканняў гарадской камунальнай уласнасці.

Важна не прадаць

Нядаўна ў Гродне з аўкцыённых таргоў за адну базавую было прададзена пяць аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца.

— Першым будынкам, прададзеным за адну базавую велічыню, стаў старадаўні будынак па вуліцы Урыцкага, 5. Ён доўгі час стаяў без даху, са сценамі, якія разваліліся. Зразумела, што нават за невялікія грошы ніхто купляць яго не хацеў. Зараз там ужо вядуцца аддзелачныя працы, зусім хутка адкрыецца дыягнастычны цэнтр, —
расказвае намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Болтрык— Яшчэ адзін цікавы аб’ект — старыя казармы, якія засталіся на месцы ваеннага гарадка па вуліцы Пралетарскай — Шчорса. Іх прадалі за адну базавую прыкладна паўтара года таму пад гандлёва-забаўляльны цэнтр. І ўжо 7 сакавіка прайшло афіцыйнае адкрыццё.

Вельмі доўга ў горадзе не маглі знайсці гаспадара для даўным-даўно закрытага басейна «Лазурный». Аб’ект гэты можна было аднесці да праблемных і з пункта гледжання камерцыйнай прывабнасці. Справа ў тым, што ён аддаваўся пад рэалізацыю праекта спартыўна-аздараўленчага прызначэння. Жыхары горада часта ўздымалі пытанне аб рэанімацыі першага ў горадзе басейна. Новы ўладальнік знайшоўся — ён павінен завяршыць усе работы з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі на працягу трох гадоў.

Гаспадар з’явіўся і ў комплексу будынкаў закрытага Гродзенскага гарбарнага завода, размешчаных на тэрыторыі плошчай больш за тры гектары.

— Месца вельмі нядрэннае, — адзначае суразмоўца. — У дадзеным выпадку аб’ект вельмі доўга быў незапатрабаваны, але ў рэшце рэшт пакупнікі знайшліся. На месцы закрытага прадпрыемства будзе рэалізаваны вельмі цікавы, на мой погляд, праект. Уласнікі плануюць арганізаваць там прамысловы бізнес-інкубатар. Толькі не дзяржаўны, а прыватны. Будзе пабудавана некалькі вытворчых памяшканняў з усёй неабходнай інфраструктурай, абсталяваннем.

Сёлета ў Гродне планавалі прадаць за адну базавую велічыню 18 аб’ектаў. Аднак цяпер назіраецца такая інвестыцыйная актыўнасць, што гэтыя планы самы час перагледзець.

— Зразумейце, наша задача — не пазбавіцца ад непатрэбнага будынка і памяшкання, а ўвесці яго ў гаспадарчы зварот, знайсці годнага гаспадара. Таксама важна захаваць прызначэнне, зыходзячы з генеральнага плана горада, —тлумачыць Андрэй Болтрык.

Удала заехаў

Скідальскі прадпрымальнік Аляксандр Каськевіч купіў закінутыя ваенныя казармы, размешчаныя недалёка ад цэнтра горада, зусім выпадкова. Ён шукаў участак зямлі або будынак, дзе можна абсталяваць тэнісныя корты. Знайсці ў Гродне свабодныя плошчы адпаведных памераў не так проста. Звярнуўся ў гарвыканкам.

На двух паверхах былой казармы працуе больш за 30 арандатараў. Памяшканні ўзяты пад гандлёвыя кропкі, невялікія магазінчыкі бытавой хіміі, дзіцячага адзення, аксесуараў для мабільных тэлефонаў, цырульні.

— На жаль, казармы не падышлі пад тэнісныя корты па памерах, — расказвае наваспечаны гаспадар. — Але было шкада ўпускаць такі прынадны кавалачак. Вырашылі набыць закінутыя будынкі і пабудаваць унутры новага мікрараёна адміністрацыйны шматфункцыянальны будынак.

Афіцыйна Kazzarma Mall адкрыўся 7 сакавіка. На двух паверхах былой казармы працуе больш за 30 арандатараў. Памяшканні ўзяты пад гандлёвыя кропкі, невялікія магазінчыкі бытавой хіміі, дзіцячага адзення, аксесуараў для мабільных тэлефонаў, цырульні. Толькі зона фудкорта зойме больш за 230 квадратных метраў. Бар, кафэ і піцэрыя пачнуць працаваць з красавіка.

У мінулым годзе ў цэнтральнай частцы Гродна гарвыканкамам было прадастаўлена ў арэнду больш за паўсотні памяшканняў гарадской камунальнай уласнасці. Практычна ўсе яны ўжо набылі гаспадароў. Амаль усе праекты, якія рэалізуюцца, звязаны са сферай паслуг, турызмам і гасціннасцю. Уладальнікі робяць упор на захаванне аўтэнтычнасці, асабліва актыўна задзейнічаюць падвалы будынкаў, якія маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей.

— Падвалы гэтыя былі закінутыя, — распавядае Андрэй Болтрык. — Мы зрабілі на іх праваўстанаўліваючыя дакументы і ўвесь мінулы год праз аўкцыён актыўна прадавалі іх у арэнду. Калі казаць пра цэнтральную частку горада, то цана вызначаецца аўкцыёнам. Да прыкладу, магазін «Багач» быў прададзены за 450 000 рублёў, хоць стартавая была ўсяго 636 руб-лёў. Увогуле за 2019 год заключылі 57 дагавораў арэнды, сёлета гэтая праца працягваецца. Частка арандаваных аб’ектаў, перададзеных у 2018 годзе, ужо ўведзена ў эксплуатацыю. У асноўным гэта кафэ, рэстараны, невялікія хостэлы, офісы.

Усяго ў Гродне ў гарадской камунальнай уласнасці 1,2 млн квадратных метраў будынкаў, збудаванняў, памяшканняў. Большасць гэтых «квадратаў» уцягнута ў гаспадарчы зварот. Тое, што не задзейнічана, здаецца ў арэнду. Самымі праблемнымі застаюцца былыя ваенныя гарадкі, але і па іх ужо вызначаны варыянты развіцця. Самы вялікі з іх — у раёне Фолюш. Па ім прынята рашэнне: знясуць. ААТ «Гроднажылбуд» распрацавала дэталёвы план па яго ўладкаванні — у найбліжэйшы час тут з’явіцца новы жылы мікрараён на 185 000 квадратных метраў жылля. Адначасова з забудовай развіваецца сацыяльная інфраструктура, узводзяцца спартыўныя збудаванні.

— У бліжэйшыя некалькі гадоў гэтую тэму мы закрыем, — абяцае Андрэй Болтрык. — Незапатрабаванымі застаюцца аб’екты, якія знаходзяцца ў дрэнным тэхнічным стане, не занадта ўдала размешчаныя. Але і для іх мы знаходзім арандатараў, прымяняючы паніжаючыя каэфіцыенты.

Унікальны шанц

Перш чым узяць закінуты будынак, асабліва той, які мае статус гісторыка-культурнага аб’екта, трэба вызначыцца, навошта ты яго бярэш. А ўжо потым вырашыцца і дзейнічаць. Арандатар Алена Пракаповіч хоча адкрыць кавярню з хатняй кухняй і назваць яе «У Груши». На другім паверсе, па задумцы, будзе апарт-атэль. Праект знаходзіцца на ўзгадненні ў Міністэрстве культуры.

— Больш за 15 гадоў прапрацавала ў органах юстыцыі, год таму звольнілася і вырашыла адкрыць сваю справу. Адну з кватэр у доме № 26 1883 года пабудовы па вуліцы Урыцкага набыла ва ўласнасць. Жыхароў рассялілі, і будынак паволі руйнаваўся. Адна з кватэр ужо арандаваная. Там літаральна тыдзень таму адкрыўся бар у мексіканскім стылі. Пазней даведаліся, што астатнія памяшканні выстаўлены на сайце гарвыканкама для здачы ў арэнду. Вырашыла ўзяць іх пад невялікі атэль. У размовах з суседзямі высветлілася, што калісьці ў гэтым доме была піўная, якая называлася «У Груши». У нас таксама будзе піва, але ў кантэксце добрай хатняй ежы. Працы вельмі шмат. Плануем нешта зрабіць да Фестывалю нацыянальных культур. Бачыце, у нас тут невялікі дворык. Такога больш няма нідзе на гэтай вуліцы. Мой сусед, уладальнік бара, неяк сказаў мне: «Такіх месцаў у горадзе засталося няшмат. У вас унікальны шанц далучыцца да гісторыі».

Будынкi на вулiцы Савецкай таксама знайшлi новых гаспадароў.

Гістарычная частка горада стала кропкай прыцягнення для прадпрымальных гродзенцаў. Безумоўна, гэтаму паспрыяў бязвізавы рэжым, які дзейнічае тут ужо не першы год. Цэны на «квадраты» ўзляцелі да нябёсаў. Нягледзячы на гэта, мастакам і рамеснікам паложаны льготы, і тыя імі з задавальненнем карыстаюцца. Кіраўнік дызайн-студыі Ігар Мазалевіч арандуе памяшканне па адрасе Савецкая, 6.

— Для творчых майстэрняў прымяняецца паніжаючы каэфіцыент. Сумы выходзяць невялікія. Праўда, камунальныя плацяжы такія, як і для ўсіх. Працуем ужо каля трох гадоў. Шмат часу пайшло на рамонт. Пакоі плошчай 57 квадратных метраў былі ў жахлівым стане. Вывезлі каля двух грузавікоў смецця. Затое пад старой тынкоўкай выявіўся выдатны мур, які нават закрываць не сталі — проста пакрылі лакам. Задаволены, што своечасова займеў такое месца. Зараз ва ўсім адчуваецца канкурэнцыя, але так і павінна быць. Працы нам хопіць усім. Было б жаданне.


kondratsieva@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter