Спрадвечныя скарбы прадзедаў

Фестываль народных рамёстваў “Вясновы букет” вучыць адрозніваць сапраўднае нацыянальнае мастацтва ад камерцыйных падробак

Філосафы кажуць: нельга нешта набыць не страціўшы. Мінулае стагоддзе прынесла з сабою бурны навукова-технічны прагрэс, які падараваў чалавецтву мноства выгод (тое, што сёння называецца ёмістым словазлучэннем “узровень жыцця”), пазбавіў ад многіх жыццёвых клопатаў. Але ў выніку чалавек жыве сярод рэчаў, зробленых машынамі, — беззаганных, але и бяздушных. Таму не выклікае здзіўлення, што ва ўсім свеце абудзілася цікавасць да непаўторных і своеасаблівых твораў традыцыйнага народнага мастацтва, што памятаюць цеплыню рук майстра і ўносяць частку гэтай цеплыні ў наш уніфікаваны быт.
Мінулай вясной па ініцыятыве Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і пры падтрымцы Міністерства культуры Беларусі ў Лошыцкім парку сталіцы з поспехам прайшоў I Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, які выдатна прадэманстраваў мінчанам і гасцям сталіцы ўсё багацце і разнастайнасць такой важнейшай галіны нацыянальнай культуры, як традыцыйныя народныя промыслы.
— Мы не былі ўпэўнены ў поспеху нашага мерапрыемства, нават назвалі гэтую акцыю сціпла — выстава-кірмаш, — узгадвае старшыня Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” Яўген Сахута. — Але той рэзананс, які атрымаў “Вясновы букет”, пераўзышоў нашы чаканні. Сапраўды атрымаўся фестываль: 300 майстроў з усіх куткоў Беларусі дэманстравалі сваё аўтэнтычнае мастацтва. “Вясновы букет” стаў прыкметнай з’явай у культурным жыцці краіны, актывізаваў майстроў, бо паказаў: тое, што яны робяць, патрэбна людзям. Памятаю, да мяне падыходзілі наведвальнікі і пыталіся: “А што, цяпер такое свята ў Лошыцкім парку будзе кожныя выхадныя?”. Тады Міністэрства культуры і прыняло рашэнне аб штогадовым правядзенні фестывалю рамёстваў.
II Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет” прайшоў у гэтую суботу на тым жа месцы — у старажытным куточку некранутай прыроды, які нібы наўмысна пакінуты ў сталіцы дзеля гэтай падзеі, настолькі ён адпавядае яе задачам. У гэтым годзе прыняць удзел у фестывалі пажадалі ўжо амаль чатыры сотні майстроў з усіх рэгіёнаў Беларусі — а гэта больш за 50 чалавек з кожнай вобласці. Наведвальнікі фестывалю змаглі ўбачыць на свае вочы не толькі найбольш характэрныя віды народных мастацтваў, што спакон вякоў развіваліся на Беларусі, але і іх рэгіянальныя асаблівасці. Спрыяла майстрам і сонечнае надвор’е. Дарэчы, фестываль планавалася правесці ў мінулыя выхадныя. Але, жартавалі ўдзельнікі, міністэрства культуры, напэўна, мае дар прадбачання — у мінулую суботу ішоў дождж, а ў гэтую нябесная канцылярыя не падвяла.
У сталіцу майстры прывезлі ўсе традыцыйныя рэчы мастацкіх рамёстваў і промыслаў: ганчарства, ткацтва, вышыўка, дрэваапрацоўка, кавальства, бісерапляценне, лазапляценне и саломка, выцінанка, роспіс па дрэве, мастацкая апрацоўка скуры, бяросты, шкла, каменю.
Падобныя мерапрыемствы заўсёды выклікаюць цікавасць замежных гасцей. Не сакрэт: Заходняя Еўропа даўно страціла свае рамёствы і зараз адраджае іх амаль што з нуля. У нас па аб’ектыўных гістарычных прычынах традыцыйныя мастацтвы здолелі захавацца ў паўнаце і разнастайнасці, і шчасце, кажуць майстры, што дзяржава звярнулася да іх адраджэння, калі яны яшчэ не страчаны, калі сапраўды ёсць што адраджаць.
Як заўсёды было ў старажытнасці на Беларусі, кірмаш ператварыўся ў сапраўднае свята. Гучалі песні, ладзіліся скокі. Народнае мастацтва — з’ява сінкрэтычная. Майстры разгарнулі не толькі прадстаўнічыя выставы. Яны праводзілі майстар-класы па розных відах рамёстваў, на якіх кожны з прысутных мог авалодаць старажытнымі сакрэтамі майстэрства. І, гледзячы на сталічнае дзіця (напэўна, дагэтуль вольны час яно бавіла перад камп’ютэрам і, мабыць, не разу не было ў вёсцы), што, перамазанае з ног да галавы глінаю, са шчаслівай усмешкай нясе бацькам зроблены сваімі рукамі гарлачык альбо саламяную ляльку, разумееш: нешта адложыцца ў яго душы. Гэты чалавечак ужо не вырасце “тутэйшым”, без роду-племені, без каранёў.
На фестывалі ў Лошыцкім парку не было “кітайшчыны” — так празвали майстры тое, што вырабляецца без уліку рэгіянальных і гістарычных асаблівасцей і тэхналогій, няварты тавар, разлічаны на густ масавага спажыўца, аднолькавыя безаблічныя рэчы ў псеўданародным стылі. Наадварот, сапраўдныя майстры часам наўмысна пакідаюць у сваім вырабе нейкую загану — напрыклад, ганчары закрыўляюць горлачка гарлачыка. Такія заганы для чалавека з развітым эстэтычным густам даражэй за бездакорнасць канвеернай штампоўкі. Таму і цэніцца ва ўсім свеце хэнд-мэйд, бо кожная рэч, што выходзіць з-пад рук майстра — непаўторная, адзінкавая. Дакладнай копіі не будзе ніколі.
— Такога фестывалю, дзе б настолькі ўсебакова, комплексна, маштабна ды яшчэ ў выглядзе жывога творчага працэсу дэманстравалася сучаснае становішча народных рамёстваў, у краіне больш няма, — распавядае майстар мастацкай апрацоўкі дрэва і металу Юрый Адамовіч. — Праводзяцца святы па асобных відах рамёстваў, выставы народнай творчасці на “Славянскім базары”, іншых буйных культурных мерапрыемствах. Але там яны — толькі дадатак да асноўных падзей. У выніку там шмат эклектыкі, той самай “кітайшчыны”. Тое, што згубіла многія старажытныя рамёствы ў суседняй Расіі — імкненне адпавядаць “запатрабаванням рынка”. Беларускія народныя рамёствы спрадвеку развіваліся як хатнія промыслы, толькі нешматлікія вырабы ствараліся дзеля продажу. Гэтая некамерцыйнасць і сфарміравала каштоўнейшыя рысы беларускага народнага мастацтва: глыбокую традыцыйнасць, сімва-лічны характар. А менавіта гэта звычайна прываблівае замежных турыстаў і захапляе мастацтвазнаўцаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter