Якi эталон прыгажосцi ў пластычнай хiрургii ў беларусаў

Споведзь скальпеля пра прыгажосць

Да прафесара Хермана Зайлера прыязджаюць багатыя і знакамітыя, гатовыя заплаціць за ідэальныя нос і скулы да 100 тысяч швейцарскіх франкаў. Доктар прыгажосці расказаў грамадскасці, якія твары сёння ў модзе. На думку доктара, сучасны ідэал прыгажосці — твар з развітым, выразным падбародкам, як у Джуда Лоу, Анджэліны Джолі або Хайдзі Клум. Такі падбародак сімвалізуе сілу і ўладу, а яшчэ інтэлект і эвалюцыю. Таму сёння ў свеце вельмі папулярна аперацыя па нарошчванні сківічнага вугла. За кошт імплантатаў ніжняя частка твару выступае наперад, а скулы становяцца скульптурнымі.

Сёння не абавязкова падцягваць твар — можна ўвесцi спецыяльныя нiткі, якiя «трымаюць» яго.

Мы звярнуліся да загадчыка аддзела пластычнай і эстэтычнай хірургіі Клінічнага цэнтра пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі Сяргея Сербянкова з пытаннем, ці прыносяць беларусы партрэты Джолі і Клум з просьбай зрабіць іх твары менавіта такімі.

— Часам людзі імкнуцца зрабіць нос, як у Анджэліны Джолі, але так, каб прасілі перакроіць увесь твар, такога не было, — кажа Сяргей Сербянкоў. — На мой погляд, «раскрутка» пэўных вобразаў, хутчэй, маркетынгавы ход. Вы зразумейце, зрабіць твар, як у кагосьці, значыць правесці дзясяткі аперацый. Прычым гэта вельмі складаныя аперацыі на касцявым шкілеце. І ўсё роўна патрэбны эфект наўрад ці хто атрымае. Як бы хто ні супраціўляўся, але лепшы твар той, які падарыла прырода. У наш цэнтр, дарэчы, з «зорнымі» здымкамі прыходзяць вельмі рэдка, калі толькі моладзь. У асноўным пацыенты давяраюць доктару, плюс самі кажуць, што хацелі б атрымаць у выніку.

Цікава, а якія стандарты прыгажосці ў аматараў ін'екцыі. Алена Комлік, касметолаг, паказвае фатаграфіі дзвюх розных дзяўчат:

— Ёсць мода на два тыпажы. У першым выпадку цэніцца натуральная прыгажосць. У другім — нешта накшталт гламуру, такі вобраз вельмі запатрабаваны ў Маскве, правінцыяльных расійскіх гарадах. Такіх дзяўчат лёгка вылічыць па наступных прыкметах: доўгія валасы, маленькі носік, вялікія губы, загарэлая скура, вялікія вочы, грудзі пятага памеру. Магчыма, гэткі вобраз стане папулярны  і сярод беларусак. Напрыклад, у мяне часта просяць зрабіць пухлыя вусны і прыкметныя скулы. Але мне больш падабаецца, калі ў жанчыны натуральная прыгажосць. Хоць, напрыклад, нядрэнна зрабіць твар больш вытанчаным і арыстакратычным, падцягнутым. Сёння не абавязкова падцягваць твар – можна ўвесці спецыяльныя ніткі. Яны, нібы каркас, «трымаюць» твар. З дапамогай ін'екцый можна нават пазбавіцца ад гарбінкі. Усе гэтыя навінкі толькі з'явіліся, але ўжо набіраюць папулярнасць.

Мілана МІЛЕЎСКАЯ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter