«Сплятала тэму васілька з адвечнай тэмай народа»

«ДОБРА быць коласам, але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком, бо нашто каласы, калі няма васількоў» — так напісаў слынны паэт зямлі беларускай, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца Максім БАГДАНОВІЧ у творы «Апокрыф». Да гэтага твора звярталіся і звяртаюцца. Прыхільнік творчасці паэта Вацлаў Ластоўскі перадрукаваў прыпавесць у часопісе «Крывіч» у 1923 годзе з усімі папраўкамі, што зрабіў аўтар яшчэ пры жыцці. А цяпер новыя народзіны твора. Якраз у 120-я ўгодкі з дня нараджэння Максіма Багдановіча з’явіўся мюзікл-прыпавесць, які так і называецца — «Апокрыф». Стварыла лібрэта і напісала музыку вядомы беларускі кампазітар Ларыса СІМАКОВІЧ.

9 снежня ў Белдзяржфілармоніі чакаецца адметная прэм’ера мюзікла-прыпавесці кампазітара Ларысы Сімаковіч.

«ДОБРА быць коласам, але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком, бо нашто каласы, калі няма васількоў» — так напісаў слынны паэт зямлі беларускай, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца Максім БАГДАНОВІЧ у творы «Апокрыф». Да гэтага твора звярталіся і звяртаюцца. Прыхільнік творчасці паэта Вацлаў Ластоўскі перадрукаваў прыпавесць у часопісе «Крывіч» у 1923 годзе з усімі папраўкамі, што зрабіў аўтар яшчэ пры жыцці. А цяпер новыя народзіны твора. Якраз у 120-я ўгодкі з дня нараджэння Максіма Багдановіча з’явіўся мюзікл-прыпавесць, які так і называецца — «Апокрыф». Стварыла лібрэта і напісала музыку вядомы беларускі кампазітар Ларыса СІМАКОВІЧ.

— Багдановіч прыходзіць да кожнага з нас у школьным узросце. Я палюбіла яго не за нейкі адзіны твор, а за ўсе яго вершы. І палюбіла не як хрэстаматыйнага паэта, а як частку нашай культуры, мыслення, ментальнасці, як частку нас саміх, — кажа Ларыса Іванаўна. — А як узнікла ідэя напісання мюзікла? Узяла любы сэрцу твор Багдановіча і напісала. «Апокрыф» — сама глыбіня і актуальнасць сённяшняга дня: калі мы забываем пра галоўныя каштоўнасці, то мы знікаем як народ. Пра гэта напісаў Максім, і я з ім цалкам згаджаюся. Больш за тое, вельмі ўдзячная Багдановічу за яго прароцтва і геніяльнасць. А геніяльнасць — гэта адчуванне не толькі сённяшняга дня, а і будучыні. У гэтых варунках слынны паэт нашай зямлі і актуальны.

— Работа над творам была цяжкай ці адразу ўсё склалася?

— Любы твор не проста даецца, тым больш такога маштабу. Вы ўжо ведаеце, што мне самой давялося пісаць лібрэта. З задавальненнем рабіла гэта. Бо ведаю, што такое драматургія, мне цікава ёй займацца. Таму сама «кроіла» «Прытчу», выбірала вершы Багдановіча, якія пасавалі да маёй задумы, да канкрэтнага развіцця падзей. Сплятала тэму васілька з адвечнай тэмай народа.

— На творы Максіма Багдановіча напісана шмат песняў. Пастараліся і Туранкоў, і Аладаў, і Багатыроў, і Тырманд. Я ўжо не кажу пра сучасных аўтараў. Не выкарыстоўвалі мелодыі з іх твораў?

— Я — прафесійны кампазітар, і мне запазычваць у некага няма патрэбы. Больш за тое, там ёсць такія аўтэнтычныя моманты, калі фальклор-тэатр «Госьціца» выконвае ролю Народа. Таму, зразумела, гучаць фальклорныя матывы, але гэта мая аўтарская музыка. Я добра ведаю фальклор, ведаю і люблю.

— Напісаць твор — адно. Не менш складаная справа данесці яго да слухача і гледача. Тут яго лёс не толькі ад аўтара залежыць. І не заўсёды кампазітар знаходзіць паразуменне з музыкантамі, спевакамі.

— Бывае і такое. Але мне пашчасціла. Я хачу адзначыць мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча Міхаіла Казінца, які і зараз падтрымлівае маю ідэю і вельмі ахайна, сумленна, ашчадна ставіцца да партытуры кампазітара, што рэдка бывае, шчыра кажучы. Усе кампазітары пра гэта ведаюць і ўсе ўдзячныя, калі існуе паразуменне і сумесная, уважлівая праца.

Безумоўна, Казінец сабраў класную каманду. Музыканты чуйныя да ўсіх маіх парадаў і прызнаюцца, што такую музыку яны не ігралі. Разам з аркестрам удзельнічае ў праекце Дзяржаўны камерны хор, кіраўнік і дырыжор якога Наталля Міхайлава. Самыя лепшыя словы ў яе адрас. Вельмі далікатнае стаўленне да музыкі. Такое ж стаўленне да фальклор-тэатра «Госьціца» і вакальнага гурту «Дыямант», якія прымаюць удзел у мюзікле. З салістаў — мы на знакамітых не разлічвалі. Узялі тых, хто, мне здаецца, павінен быць на першых ролях. Апосталы ў нас — Аляксандр Жукаў і Віталь Міхалькевіч, Музыка — Ян Жанчак, Гаспадар — Уладзіслаў Вайніловіч, а Душа — Наталля Салава.

Падчас рэпетыцый я сустрэўся з некаторымі з тых, пра каго казала Ларыса Сімаковіч. Аляксандр Жукаў, саліст Вялікага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, адзначыў наступнае:

— Мне падабаецца музыка. Тут сплаў: класічныя напевы, сучасныя рытмы, народныя мелодыі, фальклор і нават джаз. Добры матэрыял, добрая база. А вершы Багдановіча! Яны і сёння сугучныя нашаму часу і вельмі кранаюць сэрца.

— Я выконваю адну з пачэсных роляў — прадстаўніцу народа, — кажа салістка фальклор-тэатра «Госьціца» Таццяна Пладунова. — Наш калектыў прадстаўляе Народ. Твор па задумцы Максіма Багдановіча глыбокі. Мы і павінны такім данесці   яго   людзям.   Але   гэта місія цяжкая. «Госьціца» звычайна пяе а капэла, без суправаджэння, а тут з аркестрам, тым больш такая складаная партытура: і салісты, і аркестр, і эстрадныя рытмы, спалучэнне розных тэмбраў — цяжка, вядома, але вельмі цікава.

А галоўнае, што ў мюзікле-прытчы «Апокрыф» — душа Максіма Багдановіча, душа Народа і Яе Вялікасць Вера.

Яўген КАЗЮКІН, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter