Спевы ў Студзіводах

Традыцыі і сучаснасць
Да загадзя абвешчаных у вёсцы Студзіводы Падляскага ваяводства (Польшча) дзеянняў міжнароднага ўзроўню адзін з аўтараў спачатку аднёсся стрымана: ну што можа зрабіць сціплы Музей малой айчыны, заснаваны ў правінцыі, без выразных культурна-этнаграфічных традыцый, а значыць, і без кадраў. Як ён здолее праводзіць складаныя фестывалі?

Але, аказваецца, кадры ўжо былі. Яны ў патэнцыі ёсць, дарэчы, у кожнай мясціне, толькі іх трэба разбу-дзіць, ажывіць, аб’яднаць. У Студзіводах такім энтузіястам аказаўся Дарафей Фіёнік. У інфармацыйнай базе “Голасу Радзімы” мы знайшлі выразку станоўчай рэцэнзіі на грунтоўную кніжку Д. Фіёніка “Народны строй беларусаў Падляшша” (на польскай мове). Напісана праца на падставе матэрыялаў выставы, якая прайшла летам 2005 года ў Музеі Бельска-Падляскага. Д. Фіёнік быў яе куратарам, і таму з веданнем справы склаў каментаваны каталог, куды ўвайшлі таксама архіўныя здымкі і звесткі. Кніга вывяла яе аўтара ў шэрагі аўтарытэтных даследчыкаў народнай творчасці славян.

Недавер выклікаў і абвешчаны Музеем малой айчыны штогадовы Міжнародны фестываль веснавога фальклору “Там по маёвуй росе” (назва — паводле мясцовай, падляскай гаворкі беларускай мовы). Спачатку свята здавалася нейкім абстрактным, “усяедным”. Але нарэшце арганізатары знайшлі канкрэтны і таму плённы падыход: супастаўляць падляскія і палескія традыцыі, кожны фестываль прысвячаць аднаму пласту веснавога фальклору.

Сёлета, 5–8 чэрвеня, ладзілі традыцыйны абрад веснавога цыкла “Куст”: дзве дзяўчыны, прыаздобленыя кляновымі лістамі, а ўслед за імі дзве групы спевакоў, палеская і падляская, выйшлі з музея і прайшліся вуліцамі Студзіводаў. Потым усе скіраваліся ў павятовы горад Бельск-Падляскі, выступілі там каля ратушы і ў Доме культуры, запрасілі слухачоў у студзіводскі музей, наведалі яшчэ суседнія вёскі Буды, Рыбалы і Рудуты. У выніку фестываль усё абрастаў і абрастаў новымі ўдзельнікамі, ператварыўся ў народнае свята.

Пяты Міжнародны фестываль веснавога фальклору меў дзве адметныя рысы. Першая — асаблівая ўвага да дзялення караваю. Летась гэты абрад паказвалі пераважна гурты з Палесся — сёлета да іх далучыліся ансамблі “Жэмэрва” і “Антракт” з Бельскага дома культуры, “Падляскае вяселле з прыхода Ласінка” і нават рэгіянальны ансамбль курпяў з цэнтральнай Польшчы. І другая рыса: новыя ўдзельнікі з беларускага Палесся, прычым некаторыя з іх раней не выязджалі ні на якія канцэрты і фестывалі.

Дзіяна Грышанава,
Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter