Спецыяльная канфіскацыя транспартнага сродку

На пытанне адказвае Яўгенія ПАРАМОНАВА, начальнік аддзела Генеральнай пракуратуры, саветнік юстыцыі
Многіх, думаецца, цікавяць пытанні спецыяльнай канфіскацыі транспартнага сродку, якія непазбежна ўзнікаюць у сувязі з гэтым. Як часта ўжываецца гэтая прэвентыўная мера і ці толькі да аўтамабіляў, якія належалі вадзіцелям-выпівохам? Ці нясуць істотныя матэрыяльныя страты ад іх супрацьпраўных паводзін сваякі і знаёмыя, а таксама тыя прадпрыемствы і арганізацыі, дзе яны працавалі?
Уладзімір НЯХАЙЧЫК, г. Гомель

Адказвае Яўгенія ПАРАМОНАВА, начальнік аддзела Генеральнай пракуратуры, саветнік юстыцыі

Закон ад 12.07.2013 г. № 60-З «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па ўзмацненні мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення» (далей — Закон № 60-З) набыў моц 24 кастрычніка 2013 г. Ён істотна змяніў умовы крымінальнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення або стане, выклі-каным ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, а таксама за іншыя парушэнні заканадаўства ў галіне бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту.

Адным з найбольш прынцыповых новаўвядзенняў з’яўляецца пашырэнне прымянення інстытута спецыяльнай канфіскацыі (частка шостая артыкула 61 Крымінальнага кодэкса, далей — КК). Нароўні з узмацненнем жорсткасці пакарання ўстаноўлена: транспартны сродак, якім кіравала асоба, што ўчыніла злачынства, паводле артыкула 3171 КК падлягае прымусовай бязвыплатнай канфіскацыі ва ўласнасць дзяржавы. Прымяненне спецыяльнай канфіскацыі не залежыць ад таго, каму належыць транспартны сродак на праве ўласнасці: вінаватаму альбо другой фiзiчнай або юрыдычнай асобе. У той жа час, калі транспартны сродак выбыў з законнага валодання ўласніка (карыстальніка) супраць яго волі або ў выніку супрацьпраўных дзеянняў іншых асоб (напрыклад, крадзяжу транспартнага сродку), то спецыяльная канфіскацыя не ўжываецца.

Генеральная пракуратура правяла аналіз правапрымяняльнай практыкі па справах такога кшталту і пераканалася, што рэалізацыя норм Закона № 60-З спрыяла значнаму зніжэнню колькасці тых, хто прыцягваецца да крымінальнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення. Калі ў першай палове 2013 г. па артыкуле 3171 КК было асу-джана 1403 чалавекі, то за адпаведны перыяд гэтага года — 923, або на 34,2% менш. Найбольшая колькасць такіх спраў разгледжана ў Мінскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Пры іх разглядзе амаль у кожным другім выпадку на лаву абвінавачаных сядалі мужчыны ва ўзросце ад 25 да  35 гадоў. Да крымінальнай адказнасці па дадзеным артыкуле прыцягнута 18 жанчын і трое непаўналетніх.

За восем месяцаў, на якія распаўсюджваўся наш аналіз, 793 разы прадметам спецыяльнай канфіскацыі з’яўляліся легкавыя аўтамабілі. Судамі таксама прынята рашэнне аб спецыяльнай канфіскацыі 75 скутараў, 42 матацыклаў, 10 грузавых аўтамабіляў, 27 трактароў, 18 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, 6 іншых транспартных сродкаў. У кожным чацвёртым выпадку спецыяльная канфіскацыя звярталася на транспартныя сродкі, якія не належаць абвінавачаным. У большасці выпадкаў яны былі ўласнасцю фізічных асоб. Пры гэтым найбольш частыя сітуацыі, калі вінаватая асоба ў стане ап’янення кіравала без дазволу транспартным сродкам, які належыць яго блізкім.

У той жа час канфіскавана 16 транспартных сродкаў, якія належаць юрыдычным асобам дзяржаўнай формы ўласнасці.

Безумоўна, канфіскацыя аўтамабіля — істотная маёмасная страта для іх уласнікаў. Гэта вынік іх неналежнага стаўлення да сваёй маёмасці, усвядомленай перадачы аўтамабіляў асобам, пазбаўленым правоў вадзіцеля, якія ў тым ліку ў шэрагу выпадкаў відавочна знаходзіліся ў стане ап’янення.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter