Спецстрэльба для 12-гадовага снайпера

У 1934—1935 ГАДАХ газета «Калгаснік Беларусі» выдавала бясплатны дадатак «Паляўнічы Беларусі». Вось некалькі вестак з яго.

Як сын рабочага з Віцебска Сярожа Караваеў трапіў пад Масквой у «дзясятку»

У 1934—1935 ГАДАХ газета «Калгаснік Беларусі» выдавала бясплатны дадатак «Паляўнічы Беларусі». Вось некалькі вестак з яго.

Пра Беларускі дзяржаўны паляўнічы запаведнік

Арганізаваны дзевяць год таму. Знаходзіцца па верхнім цячэнні ракі Бярэзіны, на тэрыторыі трох раёнаў — Барысаўскага, Бягомльскага і Лепельскага. Агульная плошча раўняецца 72 тысячам гектараў.

Зараз у запаведніку налічваецца бабровых хатак — 95, з якіх жылых — 72, ласёў — 176, мядзведзяў — 75, лісіц — 428, куніц — 588, дзікоў — 24, дзікіх коз — 145, выдраў — 206, барсукоў — 144, норак — 954.

З птушак — глушцы, цецерукі, рабцы, белыя і шэрыя курапаткі, качкі. Улік птушак не праводзіўся. Але ўлетку нават без сабакі тут можна падняць за кароткі час да 10 вывадкаў рабцаў!

Арганізаваны бабровы гадавальнік.

Плануецца спецыяльны гадавальнік для лася. У ім будуць пастаўлены доследы па прыручэнні ласёў — з мэтай выкарыстання іх у сельскай гаспадарцы.

Пра Валмянскую паляўнічую гаспадарку

Гэта — гаспадарка спартыўнага тыпу. Яна знаходзіцца на тэрыторыі Валмянскай рыбнай гаспадаркі ў Чэрвенскім раёне і разлічана ў асноўным на водаплаваючую дзіч. Тут шмат качак розных парод.

Ёсць добрыя месцы для «цягі» слонак. Пад восень бываюць вялікія вылеты бекасаў, дупялёў і іншай балотнай дзічы.

У пачатку вясны тут можна было назіраць захапляючыя малюнкі. «Шліфаваў» і балбатаў цецярук. Падняўшыся высока ў неба, баранам бляяў бекас. Увечары, калі сонца пазалоціць вяршыні дрэў, аднекуль з затокі, вырываецца качур і стромка нясецца над лугамі, чаротамі і кустамі, далёка чуцен яго палкі, заклікаючы самку, крык. А яна, пад уплывам законаў прыроды, ляціць перад ім, рассякаючы паветра гнуткімі крыламі. Яна «падае» ўніз, падымаецца ўверх, уцякае ад самца і вабіць яго ўсё далей і далей...

Да гаспадарцы прымацаваныя 35 чалавек. У гэтым годзе мяркуецца пабудаваць домік для таго, каб было дзе спыніцца паляўнічым на начлег у выпадку непагоды.

Пра гадавальнік сабак

У Бабруйску арганізавалі гадавальнік прамысловых (гончых) і спартыўных (лягавых) паляўнічых сабак. Камплектуецца ён племяннымі вытворнікамі.

Укамплектаванне гадавальніка павінна скончыцца да канца 1935 года: давядзеннем лічбы вытворнікаў і маладняка да 30 сабак.

Гадавальнік забяспеча паляўнічага добрым пародным сабакам, памочнікам  на  паляванні,  а  таксама пашыра   гадоўлю   паляўнічых   сабак, выкарыстоўваючы для злучкі сваіх   вытворнікаў   з   пароднымі выжлоўкамі, якія ёсць у паляўнічых-«прыватнікаў».

Другая мэта гадавальніка — азнаёміць паляўнічага з правільнай пастаноўкай вырошчвання і выхавання добрага паляўнічага сабакі. Будуць арганізаваны калектыўныя паказальныя паляванні для паляўнічых з лягавымі і гончымі сабакамі гадавальніка. З ганчакоў будзе сфарміравана зграя для калектыўных паляванняў на ваўкоў.

Пад гадавальнік адведзены вялікі зямельны надзел за 6—7 кіламетраў ад горада Бабруйска, у якім ёсць добрыя ўгоддзі для абучэння маладых сабак.

Пра спаборніцтвы

У мэтах выяўлення лепшых стралкоў-паляўнічых і папулярызацыі стралкова-лыжнага спорту 26—27 лютага 1935 года ў г. Віцебску адбыліся першыя ў СССР лыжныя спаборніцтвы паляўнічых-спартсменаў — мужчын і жанчын — са страляннем куляй на фінішы. У спаборніцтвах удзельнічалі каманды ад Мінска, Мазыра, Гарадка, Глуска, Шклова, Віцебска, Рэчыцы, Гомеля, Оршы... Віцебск выставіў таксама асобную жаночую групу.

Лепшым камандам і спартсменам выдалі прэміі.

* * *

З 15 па 18 чэрвеня на стэндзе «Астанкіна» (пад Масквой) адбыліся Усесаюзныя стралковыя спаборніцтвы паляўнічых з гладкаствольнай і наразной зброі.

Ад БССР былі 4 каманды мужчынскіх і адна жаночая. Мужчынскія каманды з БССР занялі 4-е месца, а жаночая — першае і другое.

12-гадовы хлапчук — сын рабочага з Віцебска — Караваеў Сярожа ўдзельнічаў па-за конкурсам. Яму выдана імянная грамата. Паказаў добрыя вынікі. Па хадайніцтву журы спаборніцтваў, Вышэйшы савет фізкультуры СССР зрабіў спецыяльны заказ на Тульскім зброевым заводзе на паляўнічую стрэльбу 20-га калібра — спецыяльна для Сярожы Караваева.

Архіварыус Леніна ШУМАН

Фота з асабістага архіва аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter