Спецкар Макар

АДНА з новых вуліц мікрараёна Крыніца Мар’інай Горкі з сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя носіць імя ўраджэнца Пухавіцкага раёна беларускага пісьменніка Макара Паслядовіча. Так надарылася, што чатыры месяцы таму і я пераехаў туды жыць. І якое было здзіўленне, калі высветлілася, што мы з ім у нейкай ступені калегі: свой працоўны шлях Макар Паслядовіч пачынаў супрацоўнікам газеты “Калгасная вёска”, пераемніцай якой у нашы дні і з’яўляецца галоўная сялянская газета рэспублікі “Белорусская нива”.

Прызнаны ў краіне літаратар Паслядовіч спачатку дасылаў у газету заметкі пра аднавяскоўцаў з Караваева

АДНА з новых вуліц мікрараёна Крыніца Мар’інай Горкі з сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя носіць імя ўраджэнца Пухавіцкага раёна беларускага пісьменніка Макара Паслядовіча. Так надарылася, што чатыры месяцы таму і я пераехаў туды жыць. І якое было здзіўленне, калі высветлілася, што мы з ім у нейкай ступені калегі: свой працоўны шлях Макар Паслядовіч пачынаў супрацоўнікам газеты “Калгасная вёска”, пераемніцай якой у нашы дні і з’яўляецца галоўная сялянская газета рэспублікі “Белорусская нива”.

На вялікі жаль, пра гэты перыяд жыцця і дзейнасці мала што даюць і скупыя радкі з яго біяграфіі, змешчанай у раённай дакументальна-хранікальнай кнізе “Памяць”. І ўсё-такі настойлівыя пошукі адкрылі яе. Штосьці пра яго работу ў перыядычным друку даведаўся ў раённым краязнаўчым музеі (у вёсцы Гарэлец у аддзеле музея “Партызанская слава” створана экспазіцыя з рукапісаў, асабістых рэчаў, кніг з аўтографамі вядомых беларускіх паэтаў і празаікаў), бібліятэцы, з бібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі” і іншых крыніц.

“Неяк так прыпала, што на сваім жыццёвым шляху мне з самага маленства давялося больш сустракацца з добрымі людзьмі”, — казаў Макар Паслядовіч. Першым сярод іх быў… родны бацька.

Сям’я Паслядовічаў жыла ў вёсцы Караваева. Згодна перапісу 1917 года, на той час там пражывалі амаль 1100 чалавек. Бацька Макара працаваў на чыгунцы. Паслядовіч-старэйшы бачыў, як сын цягнуўся да вучобы, захапляўся кнігамі (дарэчы, першым творам, які хлопчык прачытаў самастойна, было апавяданне Гогаля “Страшная помста”). І ён не шкадаваў грошай на набыццё іх, хаця кожная капейка ў сямейным бюджэце была на вагу золата. Настаў час — і хлопчык пайшоў у школу. Родная вёска будучага журналіста, публіцыста і пісьменніка была адной з нямногіх у акрузе, у якой функцыяніравала школа царкоўнай граматы і якую пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пераўтварылі ў працоўную школу першай ступені. З вялікай прагнасцю той спасцігаў грамату, пазнаваў невядомае. Настаўнік прыводзіў Макара ў прыклад астатнім вучням. Гэта толькі радавала бацькоў. І калі пасля заканчэння навучання ў мясцовай школе перад сынам паўстала пытанне, што рабіць і як жыць далей, Паслядовіч-старэйшы без доўгага роздуму сказаў:

— Калі табе, Макарка, без асаблівай цяжкасці паддаецца грамата, працягвай вучобу. Досыць, што мы з маці невучы. Можа, і ўдасца ў людзі выйсці.

Спраўдзіліся словы бацькі. Але для гэтага прыйшлося пайсці вучыцца ў Навасёлкаўскую школу-сямігодку. І тут яму пашанцавала. Настаўнікам там працаваў Іван Раманоўскі, які з задавальненнем чытаў вучням Пушкіна, Тургенева, Некрасава і Талстога. Ён і прывіў Макару любоў да роднага слова. Тут жа хлопец атрымаў і першыя навыкі журналісцкай работы: пісаў заметкі і рэдагаваў насценную газету, якая рэгулярна вывешвалася ў вясковым клубе. У ёй ён агітаваў сялян за новае жыццё, смела высмейваў кулакоў і іх прыхільнікаў. Іван Раманоўскі аднойчы прапанаваў Макару даслаць некалькі заметак пра жыццё аднавяскоўцаў і іх справы ў газету “Беларуская вёска”. Хлопец доўга супраціўляўся, але ўсё ж такі аднойчы рашыўся. Паслаў два матэрыялы. І якое было здзіўленне, калі праз некаторы час мясцовы “лістаносец” (менавіта так на крутым пераломе вёскі называлі паштальёнаў. — Заўвага аўтара.) прынёс адказ з рэдакцыі, з якога Макар даведаўся, што яго артыкулы будуць надрукаваны.

Не прайшло і тыдня, як яны з’явіліся на старонках газеты. Востры на язык дзед Язэп, які неаднойчы жартаваў, а калі-нікалі нават і кпіў з Паслядовіча, сустрэўшы таго на вуліцы, сказаў: “Малайчына, Макарка. Так і трымай. Няхай усе ведаюць: і ў нашай вёсцы жывуць людзі, што ўсёй душой успрынялі Савецкую ўладу, за яе і жыцця не пашкадуюць”. Гэтыя словы паважанага чалавека акрылілі юнака, ён паверыў у сябе.

Як здольнага да вучобы юнака і чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, Макара Паслядовіча ў 1925 годзе накіравалі на падрыхтоўчыя курсы для паступлення на рабфак. Калі прыехаў у Мінск, не ўстрымаўся і зайшоў у рэдакцыю “Беларускай вёскі”, якую ўжо лічыў сваёй. І тут пашанцавала на сустрэчу з уважлівым, чулым і спагадлівым чалавекам — Кузьмой Чорным. Сам нядаўні местачковец, той добра разумеў, як важна напачатку самастойнага жыцця атрымаць усебаковую падтрымку. Таму і прапанаваў учарашняму селькару: ”Вучыся і адначасова працуй у нас”. Макар згадзіўся. Праўда, з галавой акунуцца ў рэдакцыйныя справы давялося з першага дня работы. І такое доўжылася на працягу шасці гадоў.

Праз два гады Паслядовіча прызначылі загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела, а потым — спецыяльным карэспандэнтам газеты. Гэта і стала той сцяжынкай, якая вывела яго ў вялікую літаратуру. Шматлікія паездкі па рэспубліцы, а пазней на Урал, Далёкі Усход, у Сібір, на будаўніцтва Харкаўскага і Сталінградскага трактарных заводаў давалі столькі інфармацыі, што ёй станавілася ўжо цесна ў рамках артыкулаў, замалёвак, карэспандэнцый і нарысаў, якія друкаваліся на старонках газеты.

І яшчэ адна акалічнасць, якая адыграла немалаважную ролю ў станаўленні Макара Паслядовіча як пісьменніка: у перыядычным выданні для сялян і аб сялянах лічылі за гонар пісаць вядомыя ў літаратурным асяроддзі рэспублікі Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва... На агеньчык у рэдакцыю “Беларускай вёскі” часта заходзілі Янка Купала і Якуб Колас. Так што крытыкаў у маладога супрацоўніка газеты хапала. Усе яны бачылі, што ў Макара есць пэўныя задаткі для творчай работы, у яго свой стыль.

Менавіта ў “Беларускай вёсцы” ў 1926 годзе быў надрукаваны яго фельетон “Хоць згнаіў, абы збярог” пад псеўданімам Макар, які выклікаў шырокі рэзананс у рэспубліцы. У наступным годзе ў прыдатку газеты — часопісе “Чырвоны сейбіт” — было апублікавана адно з першых апавяданняў супрацоўніка газеты “Пад старою бярозай”, а ў часопісе “Паляўнічы Беларусі” — “Першы мядзведзь”. І многія іншыя нарысы, апавяданні, урыўкі з раманаў упершыню ўбачылі свет на старонках “Беларускай вескі”, “Калгасьніка Беларусі”, “Савецкага селяніна”, “Калгаснай праўды” і “Сельской газеты”, з якімі прызнаны ў краіне літаратар падтрымліваў цесную сувязь да скону жыцця…

Мікалай ГРЫГАРОВІЧ, “БН”

НА ЗДЫМКУ: адзін са стэндаў экспазіцыі  прысвечаны пісьменніку ў раённым краязнаўчым музеі.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter