XXI Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа” чакае артыстаў з сямнаццаці краін свету

Спектаклі па восені лічаць

Нагода нязменная вось ужо дваццаць першы год — любімы многімі Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. Сёлета ён пройдзе з 9 па 16 верасня. На форум запрошаны калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Арменіі, Румыніі, Малдовы, Казахстана, Кыргызстана, Грузіі, Туркменістана, Азербайджана, Германіі, Францыі, Чэхіі і Вялікабрытаніі.

Як заўсёды, афіша “Белай вежы” стракаціць разнажанравымі спектаклямі. Тут і драма, і мюзікл, і рок-опера, і фантасмагорыя, і непраўдападобная прытча, і гульня ў гатычны трылер, і школьны квэст, і тэатр формы, і монаспектаклі, і вулічныя і харэаграфічныя пастаноўкі — усяго запланавана 26 спектакляў.

Адкрые фестывальную праграму Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага, які прадставіць шэкс-піраўскую камедыю “Дванаццатая ноч”. Львоўскі акадэмічны тэатр “Воскресиння” пакажа вулічнае прадстаўленне “Чайка” па матывах п’есы Чэхава.

А Тбіліскі рускі драматычны тэатр імя А.С. Грыбаедава прывязе ў Брэст спектакль “Рэвізор”, дарэчы, лепшы спектакль мінулага года Грузіі аж у чатырох катэгорыях. Багата ў праграме і сучасных п’ес. Да прыкладу, унікальны харэаграфічны спектакль французскай кампаніі De Fakto “Па-дэ-дэ: ад вальса да хіп-хопа” або спектакль на балконе “Тут жыве Ніна” па п’есе Паліны Барадзіной Маскоўскага тэатра “Школа сучаснай п’есы”.

Фестывальныя спектаклі будуць ісці на пяці сцэнічных пляцоўках горада. Падчас пастановак будуць гучаць не толькі добра зразумелыя нам руская і беларуская мовы, але і замежныя. Аднак гледачам не варта палохацца — усе спектаклі будуць суправаджацца перакладам.

Лепшыя пастаноўкі вызначыць экспертны савет з тэатразнаўцаў, крытыкаў, прадстаўнікоў СМІ і грамадскасці, паведаміў дырэктар фестывалю, генеральны дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксандр Козак. Па яго словах, удзел у фестывалі пацвердзілі тэатральныя крытыкі з Эстоніі, Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі. Чакаецца прыезд у Брэст і тэатразнаўцаў з Расіі. Як паведаміла намеснік генеральнага дырэктара Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Ларыса Навіцкая, амаль 70% квіткоў на спектаклі ўжо прададзена.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter