Спатканні з лясной прыгажуняй.

Ліпень – макаўка лета. У гэтым месяцы наша краіна адзначае сваё галоўнае свята – Дзень незалежнасці. Менавіта ў гэтым месяцы Беларусь і яе сталіца штогод успамінаюць гісторыю вызвалення нашай зямлі ад страшнай фашысцкай навалы. Таму менавіта зараз у пастаяннай рубрыцы “РП”, сябры, мы вырашылі расказаць вам пра творчасць мастака, які зрабіў свой важкі ўнёсак у гэтае вызваленне і свабоду кожнага з нас. Гаворка пойдзе пра мастака ваеннай і пасляваеннай пары Сяргея Пятровіча Каткова.

Ліпень – макаўка лета. У гэтым месяцы наша краіна адзначае сваё галоўнае свята – Дзень незалежнасці. Менавіта ў гэтым месяцы Беларусь і яе сталіца штогод успамінаюць гісторыю вызвалення нашай зямлі ад страшнай фашысцкай навалы. Таму менавіта зараз у пастаяннай рубрыцы “РП”, сябры, мы вырашылі расказаць вам пра творчасць мастака, які зрабіў свой важкі ўнёсак у гэтае вызваленне і свабоду кожнага з нас. Гаворка пойдзе пра мастака ваеннай і пасляваеннай пары Сяргея Пятровіча Каткова.

У спадчыне Сяргея Каткова — больш за 200 жывапісных палотнаў, каля 300 графічных работ. Амаль 170 малюнкаў ён стварыў у 1942—1945 гадах у дзеючай арміі. Каштоўнасць “ваенных” твораў цяжка пераацаніць: яны ўяўляюць сабой найцікавейшыя дакументы-сведчанні ўдзельніка тых страшных падзей. Салдатам Сяргей Каткоў прайшоў ад Масквы да Кёнігсберга, а затым да Маньчжурыі. І ні разу не быў паранены. Відаць, высокая і важная місія чакала яго...
Якая? Вядома, найперш як мастака-творцы. Па-другое — як мастака-педагога. Цярплівы і ўважлівы настаўнік, ён выхаваў цэлую плеяду выбітных беларускіх жывапісцаў. Сярод яго вучняў — Май Данцыг і Леанід Шчамялёў, Васіль Сумараў і Зоя Літвінава.

Цікава, што ўласныя навучальныя метады Сяргей Пятровіч спалучаў з вопытам сусветна вядомых майстроў. У асабістых запісах педагога сустракаюцца цытаты з мемуарных твораў Эдуарда Манэ, Поля Гагена, Альфрэда Сіслея і іншых жывапісцаў, чые погляды ён вельмі паважаў.
Крыніцай натхнення для яго ўласнай мастацкай творчасці была прырода. Нездарма кажуць, што вялікая любоў да яе — адзнака ўсіх узвышаных і высакародных натур. І стаўленне да прыроды ў мастака было цалкам сваё, непараўнальнае, інтымнае. “Судакранаючыся да прыроды, я ніколі не адчуваў сябе адзінокім, расчараваным”, — пісаў Сяргей Каткоў у сваіх успамінах. На яго думку, у жыцці абавязкова “некалі наступае час, калі мастак сустракаецца з прыродай, як з каханнем...”
Прырода неадольна вабіла мастака сваёй разнастайнасцю. А лета — гэта ж сапраўдная мазаіка з’яў, настрояў, станаў прыроды. Таму натуральна, што летнія пейзажы займаюць такое важнае месца ў творчасці Сяргея Каткова. Іх сюжэты — гэта горад і вёска, лес (“Лясны край”, 1975) і парк, возера (“Раніца”, 1971) і рака (“На Сажы”, 1961). Вобразы лета ў гэтых творах — шматгранныя і выразныя. І штогод мастак не стамляўся апяваць лета як шчодрую, дзівосную пару.
Яго карціны на летнія сюжэты дапамагаюць нам яшчэ больш глыбінна зразумець душу беларускай прыроды, яе месца ў чалавечым светапоглядзе. Да прыкладу, часам у сваіх творах мастак ачалавечвае дрэвы. У іх лініях яму — а пасля і гледачу — бачацца чалавечыя твары, галіны нагадваюць рукі. Яго дрэвы прывабліваюць веліччу, манументальнасцю, урачыстасцю. Дрэва ў Сяргея Каткова — сімвал моцы і ўстойлівасці, увасабленне даўніны.
Ёсць у Сяргея Каткова і такія карціны, дзе ён удала спалучае элементы пейзажа і нацюрморта. Гэтая тэндэнцыя атрымала больш трывалае развіццё ў позніх творах майстра. Самыя вядомыя сярод іх — “Удалы ўлоў” (1969) і “Добры дзень, Беларусь” (1971). Паказальна, што ў апошняй карціне мастак зрабіў спробу стварыць абагульнены вобраз роднай зямлі, якую ён любоўна называў “лясной прыгажуняй”.
Канкрэтным сімвалам лета ў творах Сяргея Каткова выступаюць, вядома, краскі, палявыя кветкі. Праўда, да гэтага матыву звяртаюцца многія мастакі, але, бадай, найбольш выразна “кветкавая” тэма праходзіць праз “летнюю” творчасць Леаніда Шчамялёва, Валяр’яны Жолтак, дачкі С.П.Каткова Святланы Катковай.
Напрыканцы нельга не сказаць, што Сяргей Пятровіч Каткоў стаў заснавальнікам сямейнай мастацкай дынастыі: яго дачка Святлана Каткова і ўнучка Зоя Луцэвіч — зараз таксама знакамітыя аўтары, вядомыя як на радзіме, так і за яе межамі. Абедзве мастачкі з’яўляюцца членамі галоўнага творчага аб’яднання мастакоў нашай краіны — Беларускага саюза мастакоў. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter