Спасцігаем Азбуку жыцця. Новая кніга пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага адрасавана дзецям розных узростаў.

Яна будзе цікавая і малодшым школьнікам, і падлеткам, і старэйшым вучням, і настаўнікам, выхавальнікам, бацькам, ды ўсім тым, хто працуе з дзецьмі. У простай, займальнай форме, з дамашнімі заданнямі, Уладзімір Ліпскі прапануе сваім чытачам здзейсніць творчую вандроўку ў гісторыю нашай Айчыны і ў яе сённяшнюю яву, засвоіць складаную і мудрую Азбуку жыцця. Аўтар разлічвае на водгукі сваіх чытачоў і гатовы прадоўжыць з імі карысную размову.

Яна будзе цікавая і малодшым школьнікам, і падлеткам, і старэйшым вучням, і настаўнікам, выхавальнікам, бацькам, ды ўсім тым, хто працуе з дзецьмі. У простай, займальнай форме, з дамашнімі заданнямі, Уладзімір Ліпскі прапануе сваім чытачам здзейсніць творчую вандроўку ў гісторыю нашай Айчыны і ў яе сённяшнюю яву, засвоіць складаную і мудрую Азбуку жыцця. Аўтар разлічвае на водгукі сваіх чытачоў і гатовы прадоўжыць з імі карысную размову.

Сябры! Запрашаю вас у падарожжа па незвычайнай Азбуцы. На першых сваіх школьных уроках вы даведаліся, як вымаўляюцца і як пішуцца ўсе літары беларускага алфавіта. А цяпер я прапаную вам словы на гэтыя літары.
Папярэджваю, словы будуць і складаныя, і не зусім зразумелыя, і, здавалася б, простыя. Іх трэба ведаць, бо цяжка будзе разабрацца ў жыцці, якое вакол вас, у якім вы не толькі дзеці ў сям’і, не толькі выхаванцы дзіцячых садкоў, не толькі вучні школ. Кожны з вас — Чалавек, Грамадзянін Рэспублікі Беларусь. І ў вас, як і ў дарослых, ёсць свае правы і абавязкі. Імі мусіце карыстацца. Дык айда за мною ў цікавую і вельмі патрэбную краіну Букварыю.
Вам хочацца зразумець, хто я, што заклікаю вас да новых ведаў. Калі я быў такі, як вы цяпер, была вайна, пасляваенная галыцьба. Нашу вёску фашысты спалілі. Згарэла і наша хата, а ў ёй — мае цацкі. Вайна адабрала ў мяне дзяцінства. І я ўсё жыццё як бы хачу вярнуць, дагнаць яго і ўвайсці ў сонечны замак. Як пісьменнік пішу для вас вясёлыя кніжкі. Як рэдактар часопіса “Вясёлка” ўсё раблю, каб вы ведалі родную мову і любілі сваю Айчыну. Як старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду абараняю вашы правы.
Дык бярэмся за рукі, сябры, і рушым у творчую дарогу. Тыя старонкі, што я вам прапаную, не проста прачытайце, а запусціце глыбока ў душу, адчуйце сваім сэрцам маё сэрца. І тады, веру, складаны свет вакол вас стане больш зразумелым. І вы адчуеце, хто вы, чаму жывяце на зямлі і што павінны зрабіць, каб на ёй вечна жылі людзі, каб не згасла памяць аб мінулым і была вера ў будучае.

АЙЧЫНА

Гляджу я — зямля расцвітае,
І песня ўзлятае сама:
Мне лепей ад роднага краю
Нічога на свеце няма.
Алесь БАЧЫЛА

Айчына — гэта краіна, дзе чалавек нарадзіўся і жыве, грамадзянінам якой ён з’яўляецца.
Для ўсіх нас, беларусаў, наша Айчына — Рэспубліка Беларусь, або проста — Беларусь.
У кожнага чалавека ў сваёй краіне ёсць родны кут. Тут ён упершыню ўбачыў свет, тут навучыўся хадзіць, тут прамовіў першыя словы. І таму гэтыя мясціны называюцца яго малой радзімай. Паверце, яна самая дарагая і самая памятная.

Калі я быў малы, выбегу, бывала, за агароды, лягу ў лузе на траву і сэрца маё замірае ад радасці. Вакол — вясёлае жыццё. Скачуць конікі, лятаюць стракозы, зумкаюць пчолы, жучкі. Непадалёк у кустах спяваюць птушкі. А нада мной, у высокім небе, плывуць і плывуць аблокі. Я заўсёды пасылаў ім сваю просьбу: “Занясіце мяне, аблокі, падалей ад маіх Шоўкавіч, у чароўны, нязведаны край”. А цяпер, калі я вырас і пабываў у многіх краінах нашай планеты Зямля, прашу аблокі: “Занясіце мяне хаця б на адзін міг у маю родную вёску”.
Дык вось, сябры, давайце спачатку навучымся да слёз любіць свой родны кут. Хату ці дом, дзе вы жывяце, бярозку ці клён каля вашай сядзібы, сцяжынку ці тратуар, па якіх вы ходзіце ў дзіцячы садок ці ў школу. Навучыцеся любіць і берагчы маму і тату, якія далі вам жыццё. Займейце верных сяброў. Спазнайце, што такое дабро, спагада, міласэрнасць. І толькі тады вы зможаце глыбока ўсвядоміць, што ёсць для вас Айчына — наша Беларусь. І вы абавязкова палюбіце яе.

Дамашнія заданні

1. Уважліва разгледзьце карту Беларусі і знайдзіце месца, дзе вы нарадзіліся. У якім раёне, у якой вобласці вы жывяце? Чым яны адметныя? Якія гарады суседнічаюць з вашай малой радзімай?
2. Што вы ведаеце пра гісторыю свайго роднага кута? Можа, пра яго існуюць казкі, легенды, песні, вершы?
3. Паразважайце над зместам народных прымавак: “Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы”, “Там добра, дзе нас няма”, “Родная зямля — маці, чужая старонка — мачыха”.
4. Разгадайце рэбус і прачытаеце, чым павінны ганарыцца.

АБАВЯЗКІ

Кожны чалавек ад дня нараджэння да васемнаццаці гадоў называецца дзіцём. Наша дзяржава сваімі законамі абараняе правы сваіх юных грамадзян. Гэтых правоў у вас, сябры, вельмі шмат. Пра іх мы з вамі яшчэ пагаворым. А цяпер давайце задумаемся, што азначае мудрая народная прымаўка: “Каму шмат дадзена, з таго і вялікія патрабаванні”.
Што ж патрабуе ад вас дзяржава?
Вы абавязаны клапаціцца пра сваіх бацькоў.
І гэта правільна. Хіба можна крыўдзіць тых людзей, якія падарылі вам жыццё? Навучыцеся паважаць іх і не засмучайце ні грубым словам, ні дрэннымі паводзінамі. Умейце падзякаваць ім за тое дабро, якое яны робяць для вас.
Вы абавязаны авалодваць ведамі і рыхтавацца да самастойнай працы.
Бачыце, сябры, не толькі бацькі і настаўнікі патрабуюць ад вас выдатнай вучобы, а і дзяржава. Вам жа створаны ўсе ўмовы, каб вы сталі адукаванымі людзьмі. Вы ж у будучым павінны будзеце замяніць усіх дарослых, на ўсіх пасадах, якія яны займаюць. Будучае нашай Беларусі ў вашых руках. Дык краіна хоча, каб у вас былі ўмелыя, працавітыя рукі, светлая, разумная галава і добрая душа. Натхнёна крочце ў заўтрашні дзень!

Вы абавязаны захоўваць традыцыі і культурныя каштоўнасці беларускага народа, іншых нацый і народнасцей.
На гэтай зямлі, дзе вы цяпер ходзіце ў дзіцячы сад і ў школу, людзі жылі шмат тысяч гадоў назад. І вам, каб ісці далей і наперад, трэба ведаць, а што было даўней. Паверце, нашы продкі пакінулі нам багатую спадчыну. Гэта мова і кнігі, помнікі і будынкі, песні і казкі, узоры адзення і рэцэпты страў, карціны і ўпрыгожанні, святы і народныя гулянні. Вы павінны ведаць, берагчы і ўзбагачаць усе культурныя і духоўныя каштоўнасці. Айчына абавязвае вас гэта рабіць!
Вы павінны беражліва адносіцца да прыроды, да ўласнасці нашай краіны.
Кажуць, чалавек — гэта часцінка агульнай прыроды. Калі гэта так, то што ж вы робіце, калі ламаеце дрэўцы, рвяце кветкі, забруджваеце раку ці возера? Вы раніце самі сябе, вы крыўдзіце сваіх продкаў, якія перадалі вам для жыцця ўсё наўкол вас. Задумайцеся, як вы беражаце школьныя класы і парты, падручнікі і камп’ютары, ці не “крыўдзіце” вы ліфты, газоны, агароджы, лесвічныя пляцоўкі?
Вы абавязаны захоўваць законы дзяржавы і паважаць правы і інтарэсы іншых грамадзян.
Чалавек, які так жыве, называецца законапаслухмянцам. Усе роўныя перад законам. Давайце навучымся карыстацца тымі правіламі жыцця, якія замацаваны ў нашай Канстытуцыі. Давайце з павагай ставіцца адзін да аднаго, не парушаць правы іншых, тады мы з гонарам скажам: “Мы — народ Беларусі, мы — адна вялікая і дружная сям’я”.

Дамашнія заданні

1. Лена і Маша ідуць са школы. Лена хваліцца:
— Я сёння зарабіла дзесяць па матэматыцы. Тата пакладзе мне на сотавы тэлефон дзесяць тысяч рублёў.
Маша засмучаная:
— А я, Ленка, атрымала шасцёрку па сачыненні. Мама не пусціць на дыскатэку.
Ці правільна радуюцца і засмучаюцца дзяўчынкі?
2. Як вы разумееце даўнейшыя прымаўкі: “Зямля — маці, а праца — бацька”, “Кожны кулік знае сваё балота”, “Зімой і летам адным цветам”, “Вярба тоўстая, ды ў сярэдзіне пустая”, “Харош урадзіўся, ды не прыгадзіўся”, “Высокае дрэва здалёку відаць”?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter