Спасцігаем Азбуку жыцця. Новая кніга пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага адрасавана дзецям розных узростаў.

ГІСТОРЫЯ Тое, што было ўчора — гэта ўжо гісторыя. Пражыты дзень запісваецца ў тваю біяграфію, у летапіс вашай сям’і, вёскі, горада, у гісторыю Беларусі, усяго свету.Вучоныя даказалі, што дзесяткі тысяч гадоў назад на тэрыторыі сучаснай нашай краіны жылі людзі. Адрэзак часу ад іх да нас — гэта наша гісторыя. Уяўляеце, колькі ўсяго цікавага адбылося за гэтыя стагоддзі. Людзі развіваліся, вучыліся здабываць і вырошчваць ежу, будаваць жыллё, вырабляць адзенне, посуд, мэблю, зброю. Яны адшліфоўвалі мову, гаворку, склалі азбуку і пачалі бытапісанне.

ГІСТОРЫЯ

Тое, што было ўчора — гэта ўжо гісторыя. Пражыты дзень запісваецца ў тваю біяграфію, у летапіс вашай сям’і, вёскі, горада, у гісторыю Беларусі, усяго свету.
Вучоныя даказалі, што дзесяткі тысяч гадоў назад на тэрыторыі сучаснай нашай краіны жылі людзі. Адрэзак часу ад іх да нас — гэта наша гісторыя. Уяўляеце, колькі ўсяго цікавага адбылося за гэтыя стагоддзі. Людзі развіваліся, вучыліся здабываць і вырошчваць ежу, будаваць жыллё, вырабляць адзенне, посуд, мэблю, зброю. Яны адшліфоўвалі мову, гаворку, склалі азбуку і пачалі бытапісанне.

Да нашых дзён дайшлі старажытныя летапісы. Запомніце іх: “Аповесць мінулых гадоў”, “Полацкі летапіс”, “Жыццё Еўфрасінні Полацкай”, “Беларуска-літоўскі летапіс”, “Магілёўская хроніка”, прадмовы Францыска Скарыны да Біблій, якія ён выдаў на мове нашых продкаў, малітвы Кірылы Тураўскага. А пазней — шматлікія гістарычныя кнігі нашых пісьменнікаў.
Гістарычныя веды патрэбны ўсім нам, бо як жа будзем далей будаваць наш агульны дом, калі не будзем ведаць, на якім падмурку ён стаіць. Як жа знойдзем дарогу ўперад, калі не будзем ведаць, якімі шляхамі ішлі людзі за намі. У якім кірунку будзем развіваць свае здольнасці і таленты, калі не даведаемся, што зроблена да нас ва ўсе пражытыя вякі.
Гісторыя нашай Беларусі складаецца з гісторыі нашай мовы, з біяграфій слынных людзей, з памятных падзей, з гісторыі гарадоў, мястэчак, вёсак, з культуры і мудрасці ўсіх тых пакаленняў, якія жылі да нас. У гістарычнай кнізе Беларусі шмат якія старонкі, на жаль, пакуль што яшчэ пустыя, незапоўненыя, недаследаваныя. Хай жа вам, сябры, захочацца дапісаць тыя старонкі.

Дамашнія заданні

1.Нашы продкі гаварылі не певень, а когут, не ліпень, а квінтэль, не рыбалка, а валачба, не лодка, а бата. Уявіце, машына часу перанесла вас у старажытнасць. Якія б вы сказалі словы нашым продкам, каб яны не зразумелі вас?
2. Як вы патлумачыце такія словазлучэнні: “вось дык гісторыя”, “трапіць у гісторыю”, “пра гэту гісторыю маўчы”, “гістарычная праўда”?
3. Якія гістарычныя творы напісалі нашы славутыя пісьменнікі Мікола Гусоўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін?
4. На чыстым сшытку ці блакноце выведзіце літару “Я” і пачніце пісаць дзённік свайго жыцця, занатуйце ўспаміны вашых бацькоў, бабуль, дзядоў, складзіце радаводнае сямейнае дрэва, і ў вас атрымаецца свая гістарычная кніга, якую з цікавасцю прачытаюць вашы нашчадкі.

 ГРАМАДСТВА

Усе людзі, якія жывуць у нашай краіне, і ёсць народ Беларусі. Інакш — грамадства.
Наша агульная сям’я складае цяпер амаль дзесяць мільёнаў чалавек. Сярод іх — старыя і дзеці, моладзь і сталыя людзі. Асноўная частка нашага насельніцтва — беларусы. Побач з намі ў дружбе і згодзе жывуць рускія і ўкраінцы, палякі і літоўцы, яўрэі і армяне, азербайджанцы і казахі. Усяго сто трынаццаць нацый і нацыянальнасцей. Усе мы — грамадзяне краіны Беларусь. Тут наша Радзіма.
Для ўсіх грамадзян нашага грамадства прымаюцца адны законы. У іх вызначаны правы і абавязкі. Імі павінны карыстацца ўсе людзі Беларусі.

У законе “Аб правах дзіцяці” ёсць асобная глава, якая так і называецца — “Дзіця і грамадства”. У ёй — сем артыкулаў. Якія ж правы гарантуе дзяржава сваім юным грамадзянам?
Кожны з вас, сябры, ходзіць у школу і, відаць, ніколі не задумваўся, што на вучобу вас выпраўляюць не толькі мама з татам. Дзяржава наша хоча, каб вы былі адукаванымі, выхаванымі. Яна выдзяляе вялікія грошы на будоўлю і ўтрыманне для вас дзіцячых садкоў, школ, гімназій, каледжаў, тэхнікумаў, інстытутаў, універсітэтаў. Там працуюць тысячы настаўнікаў, выхавальнікаў, выкладчыкаў, прафесараў. Усім ім дзяржава плаціць зарплату, даручае вялікія задачы: падрыхтаваць вас да актыўнага жыцця ў грамадстве, развіць ваш талент, далучыць да нацыянальнай культуры, да ўсіх духоўных скарбаў свету.

Каб вы сталі патрэбнымі і карыснымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, закон гарантуе вам права на атрыманне прафесіі. Ужо з шаснаццаці гадоў вы маеце права на самастойную працу. А калі бацькі дадуць пісьмовы дазвол, то можаце зарабляць свае грошы і ў чатырнаццаць гадоў. Але ведайце, дзяржава забараняе працаваць дзецям на цяжкіх работах, шкодных для вашага здароўя.

Па закону вы маеце права на адпачынак, на карыстанне ўсімі спартыўнымі пляцоўкамі і культурна-асветнымі ўстановамі. Усюды дзяржаўныя людзі і ўсе дарослыя абавязаны абараняць вашы гонар і вартасць. Парушальнікаў вашых правоў чакае пакаранне па законах Рэспублікі Беларусь.
Бачыце, вам дадзена шмат правоў. А ваш абавязак — дастойна прыняць эстафету жыцця ад дарослых.

Дамашнія заданні

1. Кожны з вас — прадстаўнік народа Беларусі, грамадзянін нашай краіны. А ёсць людзі, якіх называюць сынам, дачкой Беларусі. Каго з іх вы ведаеце? За якія заслугі ім надаецца гэтае пачэснае званне?
2. Як вы разумееце такія паняцці: чалавечае грамадства, гістарычнае грамадства, дваранскае грамадства, капіталістычнае грамадства?
3. Хто такія ганаровыя грамадзяне? Каго з іх вы ведаеце?
4. Разгадаўшы рэбус, прачытаеце, як называецца грамада вучняў, аб’яднаных аднымі настаўнікамі і падручнікамі, аднымі ўзроставымі інтарэсамі.

Адзінка 1, 2, 5, 7       клас       ,,венікі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter