Спасцігаем Азбуку жыцця. Новая кніга пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага адрасавана дзецям розных узростаў.

ВОБЛАСЦІ. Наша Беларусь складаецца з шасці абласцей: Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. На гэтых вялікіх тэрыторыях — свае гарады, вёскі, бары і гаі, свае заводы і фабрыкі, палі і лугі, свае помнікі, музеі, тэатры. А што агульнага? Іх, нашы вобласці, насяляюць людзі, якія носяць адно імя — беларусы. Іх злучаюць рэкі, чыгункі, аўтадарогі. У насельнікаў розных абласцей адны песні, калыханкі, адна гісторыя, доля, агульная спадчына.

ВОБЛАСЦІ.

Наша Беларусь складаецца з шасці абласцей: Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. На гэтых вялікіх тэрыторыях — свае гарады, вёскі, бары і гаі, свае заводы і фабрыкі, палі і лугі, свае помнікі, музеі, тэатры. А што агульнага? Іх, нашы вобласці, насяляюць людзі, якія носяць адно імя — беларусы. Іх злучаюць рэкі, чыгункі, аўтадарогі. У насельнікаў розных абласцей адны песні, калыханкі, адна гісторыя, доля, агульная спадчына.

Цяперашнія вобласці раней называліся староствамі, эканоміямі, ваяводствамі, губернямі. У розныя часы яны мелі свае межы, якія не зусім адпавядаюць сённяшнім.
Не так даўно, у мінулым стагоддзі, у Беларусі дадаткова налічвалася яшчэ сем абласцей. Іх цэнтрамі былі Мазыр, Баранавічы, Пінск, Маладзечна, Вілейка, Бабруйск, Полацк. Цяпер гэта, апроч Вілейкі, буйныя гарады. Тут шмат прадпрыемстваў, прадукцыю якіх ведаюць далёка за межамі нашай краіны.
У кожнай вобласці — цікавая гісторыя, як і ў іх абласных цэнтраў. Звычайна гэтыя гарады ўзнікалі каля рэк. Яны ў далёкія часы былі адзіным і надзейным шляхам зносін. Па іх плавалі купцы-гандляры. Па вадзе сплаўлялі бярвенне для будоўлі. Рэкі кармілі людзей рыбай.
Назвы рэк укладваліся ў назвы гарадскіх паселішчаў каля іх. Віцебск утварыўся на месцы ўпадзення ракі Віцьба ў Заходнюю Дзвіну. Горад Гродна ўзнік каля ракі Горадня, Мінск — каля ракі Менка. Таму і старажытная назва нашай сталіцы была Меньск, Менеск, Менск. А само слова “мена” азначае не што іншае, як абмен, мяняцца, мяняць. Збіраліся тут з далёкіх краёў купцы і абменьваліся таварамі. Вось і рэчку назвалі Менкай, а паселішча каля яе — Менскам.
Назва любога горада, кожнай вёскі, ракі, возера мае сваю загадку. Яны ёсць і ў вашых прозвішчах. Вучыцеся разгадваць гістарычныя тайны.

Дамашнія заданні

1. Слова “вобласць” мае не толькі вызначэнне пэўнай геаграфічнай тэрыторыі. Як вы разумееце такія паняцці: “горная вобласць”, “вобласць вечнай мерзлаты”, “вобласць экватара”, “вобласць сэрца”, “па-за вобласцю розуму”?
2. Уважліва разгледзьце карту Брэсцкай вобласці і падумайце, каму і якія помнікі тут устаноўлены. Што ведаеце пра Брэсцкую крэпасць-герой, пра Камянецкую вежу? Каля якіх рэк пабудаваны абласны цэнтр?
3. Радзімай якіх славутых людзей з’яўляецца Брэстчына?
4. Разгадаўшы рэбус, даведаецеся, як у старажытнасці называўся горад Брэст.

 

 

ВЁСКІ

Я нават з другое планеты
Пазнаю цябе здаля,
Блакітная зорка сусвету —
Мая дарагая зямля.
  Васіль ВІТКА

Помню маміны прымаўкі: “Свая хатка, як родная матка”; “Кожны пан у сваёй хаце”. І толькі з гадамі зразумеў іх глыбокі сэнс. Сапраўды, у сваёй хаце ты і пан, і гаспадар. Тут ты і абаронены, і сагрэты, і накормлены.
Хата да хаты — і ўтвараецца вёска, сяло, селішча, пасёлак. Людзі ў такіх пасяленнях жывуць адной сям’ёй, добра ведаюць адзін аднаго, калі трэба — дапамагаюць, выручаюць, пазычаюць. Разам святкуюць і гаруюць, вяселяцца і плачуць.
Вёскі — самыя даўнія сельскія паселішчы на Беларусі. А было, як мне ўяўляецца, так. Калі старажытныя людзі вырашылі весці аседлае жыццё, яны выбіралі прыдатныя для гэтага мясціны — каля рэчкі, возера, луга, лесу ці балота. Ладзілі для сябе жытло з дрэва, ачышчалі паляны для пасеваў, заводзілі жыўнасць. Вунь адкуль пайшлі іх мудрыя павучанні: “Праца чорная, затое хлеб белы”; “Гультая зямля не любіць”.
Цяпер на Беларусі звыш дваццаці тысяч вёсак. У кожнай — свая гісторыя, свая назва.

На маёй Гомельшчыне ёсць вёскі, якія носяць амаль усе мужчынскія імёны. От цікава, хто былі тыя людзі, ад якіх пайшлі пасяленні: Андрэеўка, Аляксандраўка, Іванаўка, Уладзіміраўка, Васільеўка, Мікалаеўка, Сямёнаўка, Паўлаў, Пятровічы?
Ёсць вёскі, назвы якіх утвораны ад жаночых імён — Мар’іна, Матрункі, Марусенька, Акулінка, Ірынаўка, Нінэль. Мне здаецца, каб удалося разгадаць тайну гэтых назваў, атрымалася б захапляльная кніга. Рыхтуйцеся, сябры, да яе напісання.
А яшчэ ёсць вёскі, у назве якіх закадзіраваны птушкі, звяры, насякомыя. Можна толькі здагадвацца, чаму нашы вёскі здаўна называюцца Салаўёва, Сініцына, Вераб’ёўка, Жураўлёўка, Зайцава, Бабраняты, Змяёўка, Лісава, Дзятлік.
Мне вельмі падабаюцца назвы гомельскіх вёсак Цалуйкі, Харошаўка, Весялоўка, Ціхінічы, Маўчаны, Буянічы. Можа, такія паселішчы ёсць і ў вашых мясцінах? Давайце разам дакапаемся да іх гісторыі, разгадаем, ад якіх людзей пайшлі гэтыя назвы.
Цяпер паўсюдна па Беларусі будуюць аграгарадкі. Гэта новы тып сельскага паселішча, вельмі блізкага па свайму побыту да гарадскога. Там і дамы цагляныя, і вуліцы асфальтаваныя. У людзей ёсць газ, электрычнасць, водаправод, кабельнае тэлебачанне, сотавыя тэлефоны...
Давайце будзем ведаць даўнейшую і цяперашнюю гісторыю нашых вёсак. Навучымся паважаць людзей, якія вырошчваюць для ўсіх нас хлеб, здабываюць малако, мяса, яйкі, садавіну, агародніну — усё, чым багаты халадзільнікі і абедзенныя сталы гарадскіх жыхароў.

Дамашнія заданні

1. Паспрабуйце разгадаць тайну назвы вашай вёскі альбо вёскі вашых бабулі, дзядулі, даведайцеся яе гісторыю, напішыце пра людзей, якія там жывуць.
2. Расшыфруйце такую прымаўку: “Чаго няма ў сабе, не знойдзеш і на сяле”.
3. На Гомельшчыне ёсць вельмі знакамітая вёска. Археолагі адкрылі ў ёй былую стаянку першабытных людзей. Разгадаўшы рэбус, даведаецеся, як яна называецца. У якім раёне тая вёска? Што вы ведаеце пра яе?

ВЫБАРЫ

Ёсць шмат дзіцячых гульняў, у якіх трэба напачатку выбраць вядучага. Выбары адбываюцца звычайна лічылкай. Мне з дзяцінства помніцца такая:

Раз, два, тры, чатыры, пяць —
Пачынаем мы гуляць.
Эй, не спі і не маргай,
Каго хочаш выбірай.

Яшчэ помню, як бацька і мама выбіралі дэпутатаў.  А я ўсё распытваў: як яны галасавалі, што гэта за ўрны, бюлетэні. І вельмі жадаў хутчэй вырасці, каб самому ўдзельнічаць у выбарах.
Сучасная беларуская Канстытуцыя дае права выбіраць грамадзянам рэспублікі, якія дасягнулі васемнаццаці гадоў. Не прымаюць удзел у выбарах тыя, хто па прыгавору суда пазбаўлены волі, хто ўтрымліваецца пад вартай.
Выбары ў Беларусі свабодныя, роўныя, прамыя і тайныя. Што гэта азначае?
А тое, што выбаршчык свабодна і асабіста вырашае, ці ісці яму на выбарчы ўчастак і за каго галасаваць. Выбаршчыкі ўсіх участкаў маюць роўную колькасць галасоў і прама, толькі яны непасрэдна галасуюць. Робіцца ўсё гэта тайна, у закрытай кабіне. Ніхто не мае права падказваць выбаршчыку альбо прымушаць яго за некага галасаваць. Кожны павінен зрабіць свой выбар.
Усенародным галасаваннем выбіраюцца Прэзідэнт краіны і дэпутаты парламента. Народ вырашае, хто будзе яго кіраўніком, абаронцам, заступнікам, хто будзе прымаць законы жыцця. Вось чаму ўдзел у выбарах з’яўляецца вельмі адказным абавязкам для кожнага грамадзяніна.

Дамашнія заданні

1. Хто ў вашай сям’і выбаршчыкі? Распытайце іх, за каго і як яны галасавалі.
2.Каго вы ведаеце з дэпутатаў беларускага парламента? Якія якасці і здольнасці трэба мець чалавеку, каб людзі паверылі яму і выбралі ў заканадаўчы орган краіны — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь?
3. Разгадаўшы рэбус, прачытайце, як называецца народнае галасаванне, на якім вырашаюцца важнейшыя пытанні дзяржаўнага і грамадскага жыцця.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter