Спасцігаем Азбуку жыцця. Новая кніга пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага адрасавана дзецям розных узростаў.

БЕЛАРУСЬУ Беларусі — ясныя вочы,Многа любові ў грудзях:Звонкае поле,Звонкія сосны,Звонкі і сонечны шлях.   Пятрусь БРОЎКА

БЕЛАРУСЬ
У Беларусі — ясныя вочы,
Многа любові ў грудзях:
Звонкае поле,
Звонкія сосны,
Звонкі і сонечны шлях.
   Пятрусь БРОЎКА

Чаму наша краіна называецца Беларусь?

Ёсць розныя легенды. У адной з іх гаворыцца, што на нашай зямлі даўным-даўно жылі белыя людзі. Белае адзенне насілі з саматканай тканіны. Мелі бела-русыя валасы, белы колер скуры. Вось і называлі іх бела-русамі, а іх зямлю — Беларусь.

Другая версія — гістарычная. Калі на старажытныя славянскія землі напалі татара-манголы, то шмат бяды нарабілі. Мноства гарадоў захапілі. А беларусы адбіліся, засталіся “белымі”, “чыстымі ад ворагаў”. Вось ад таго і — Белая Русь, Беларусь.
Ведайце, сябры, па нашых землях тапталіся шматлікія прышэльцы-ворагі. Завітвалі да нас з дзідамі і мячамі, з ружжамі і гарматамі, на танках і самалётах. Нішчылі людзей, палілі хаты і гарады, адбіралі скарбы.
Нікому і ніколі не ўдавалася зняволіць вольналюбівы народ. Званы ў Хатыні, мемарыял у Брэсцкай крэпасці-героі нагадваюць жывым: “Людзі! Помніце! Не дапусціце новых трагедый!”

Сёння наша Беларусь — незалежная, самастойная дзяржава ў свеце. Зялёны лісток на карце: сасновыя бары, бярозавыя гаі, духмяныя лугі, векавыя пушчы, ураджайныя палеткі. Наша дзяржаўная мяжа доўжыцца на дзве тысячы дзевяцьсот шэсцьдзесят дзевяць кіламетраў. На нашай зямлі — сто чатыры гарады і каля дваццаці пяці тысяч вёсак, пасёлкаў. У нас ёсць дзе адпачыць і парыбачыць. На Беларусі — дваццаць тысяч рэк і рэчак, дзесяць тысяч азёр, больш за дзве тысячы відаў кветак. Багаты жывёльны і птушыны свет.

У нетрах нашай зямлі ёсць калійныя і каменныя солі, нафта, торф, буры вугаль, гаручыя сланцы, гліна, будаўнічы пясок, гіпс, фасфарыт, срэбра і нават золата. А галоўны скарб Беларусі — яе людзі! Яны ўслаўляюць сваю краіну, нясуць у свет добрае імя беларусаў.
Вось на якой зямлі мы жывём. Тут — наша гісторыя. Тут — нашы карані. Тут — напеўная родная мова. Куды б ні паехаў, цябе сустракаюць непаўторныя краявіды. З душы вырываецца мелодыя песні Ігара Лучанка на словы Якуба Коласа:

Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы!..

Дамашнія заданні

1. У Беларусі ёсць гарады амаль што на ўсе літары алфавіта. Давайце паўторым літары, якія размешчаны ў алфавіце ў пэўным парадку, знойдзем на гэтыя літары назвы беларускіх гарадоў і пасёлкаў, а заадно і здзейснім не зусім звычайнае падарожжа па нашай Радзіме.
2. Якія буйныя рэкі і азёры Беларусі вы ведаеце? На якіх пабывалі? Чым яны вам запомніліся?
3. Якія жывёлы, звяры водзяцца ў Белавежскай і Налібоцкай пушчах, у Бярэзінскім, Прыпяцкім запаведніках?
4. Разгадайце рэбусы і вы прачытаеце назвы двух гарадоў. Які з іх сталіца нафтавікоў, а які — шахцёраў?

 

 

 

БРАТЫ (казка)

Нарадзіліся ў шчаслівай маці тры сыны. Жаданыя, прыгожыя малайцы. Паміж сабой яны былі роднымі братамі. Задумалася маці: якія імёны даць сваім сынам, у якое адзенне прыбраць?
— Мы хочам, мама, — сказалі сыны, — праславіць цябе на ўвесь свет.
Радуецца маці ды зноў клапоціцца.
— Ты, сынок, — кажа першаму, — насі адзенне, па якім усе будуць пазнаваць нашу багатую і мужную зямлю.
І прыбрала яна сына ў чырвона-зялёную вопратку. Чырвонае — як сімвал барацьбы і пралітай крыві за вольнае жыццё, за сонечнае неба. Зялёнае — пад колер зялёных пушчаў і дуброў, жытнёвых палеткаў і гаючых лугоў-сенажацей. На вопратцы сына заззяў вясёлы ўзор-арнамент бела-чырвонага колеру.
— З гонарам буду насіць свой убор, услаўляць тваё імя, мама, — паабяцаў сын.
Звярнулася маці да другога сына:
— А цябе, сынок, буду прасіць, каб заўсёды насіў мой вянок-эмблему. Я спляла яго са спелых каласоў, збажыны, кветак канюшыны, лёну, якімі багата наша ўрадлівая зямля. І перавязала іх чырвона-зялёнай стужкай...

Браты пачалі разглядваць незвычайны вянок. У ім шмат сімвалаў: промні сонца на ўсходзе, а на іх — абрысы карты Беларусі, уверсе — зорка, унізе — частка карты зямнога шара.
— Буду лічыць за гонар, мама, насіць тваю эмблему, — сказаў другі сын.
— А ты, мой галасісты сынок, будзеш спяваць маю самую дарагую песню, — папрасіла маці трэцяга сына і падарыла яму ноты і словы песні.
Узмахнуў сын рукамі — і загучала ўрачыстая мелодыя. Заспяваў сын запаветную песню маці:

Мы, беларусы — мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і...

Так і жывуць у маці, нясуць ганаровую вахту яе тры сыны.

Дамашнія заданні

1. Як завуць братоў? А хто іхняя маці?
2. Намалюйце ўсіх герояў гэтай казкі. Чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго і што ў іх агульнага?
3. Знайдзіце поўны тэкст урачыстай песні. Хто аўтары яе слоў і музыкі? Калі і дзе гэта песня выконваецца? Як вы разумееце яе змест?

БУРЛАЦТВА

БУРЛАЦТВА — што гэта? Паглядзіце карціну Іллі Рэпіна “Бурлакі на Волзе” і вам усё стане зразумелым. Мускулістыя, стомленыя, босыя людзі ідуць па беразе ракі. Яны ўпрэжаны шырокімі рамянямі да каната. А канат прывязаны да судна. Бурлакі цягнуць грузавую баржу па рацэ. Нам цяпер цяжка нават уявіць, што даўней былі такія рабочыя, што так увогуле было. Але цягалі судны не толькі па Волзе. Існавалі бурлацкія арцелі і на беларускіх рэках Прыпяці, Бярэзіне, на Агінскім, Дняпроўска-Бугскім каналах. Бурлакі цягалі па вадзе супраць цячэння плыты. А чаму цяпер, калі даўно няма гэткай прафесіі, такіх рабочых арцелей, часам чалавека могуць абазваць “бурлаком”? Які сэнс укладваецца ў сучаснае “бурлацтва”?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter