Спасцігаем Азбуку жыцця. Новая кніга пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага адрасавана дзецям розных узростаў.

 

 

АДВАКАТ

Цябе пакрыўдзілі? Што рабіць? Трэба шукаць абаронцаў.
Калі крыўда малая, то з ёй ты справішся сам. Можна папрасіць заступіцца за цябе бацькоў, настаўніка, добра вядомых табе суседзяў, родзічаў ці сяброў.
Але ж бываюць крыўды вялікія, якія глыбока закранаюць тваю чалавечую годнасць, твае грамадзянскія правы, пагражаюць твайму здароўю і нават жыццю. Тут ужо патрэбен абаронца дзяржаўны, прафесійны. Імя яму — адвакат.
Адвакат — гэта чалавек, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю. Ён ведае ўсе законы, якія дзейнічаюць у Беларусі і ў іншых краінах свету. Можа даць патрэбнае тлумачэнне, дапамагае скласці заяву, скаргу, умее падказаць, што рабіць, як сябе паводзіць у складаных жыццёвых сітуацыях. Ён абараняе абвінавачанага ў судзе, вядзе чыю-небудзь крымінальную ці грамадзянскую справу яшчэ ў працэсе следства.

У законе “Аб правах дзіцяці”, у артыкуле трынаццатым, сказана, што дзіця ва ўзросце 14 гадоў і старэй можа самастойна звяртацца за дапамогай да адваката і да іншых законных прадстаўнікоў улады. Юрыдычная дапамога дзецям аказваецца бясплатна.
У Беларусі дзейнічаюць Рэспубліканская, абласныя і Мінская гарадская калегіі адвакатаў. Ёсць такія спецыялісты ў кожным раёне. Усяго адвакатаў у нашай рэспубліцы звыш 1500 чалавек.
Адвакат у сваёй працы незалежны чалавек і падпарадкоўваецца толькі закону. Забараняецца каму б там ні было ўмешвацца ў прафесійную дзейнасць адваката, патрабаваць ад яго нейкіх звестак, якія з’яўляюцца адвакацкай тайнай. У сваёй працы адвакат карыстаецца свабодай слова ў вуснай і пісьмовай форме.
Дзяржава сваімі законамі забяспечвае незалежную дзейнасць адвакатуры і садзейнічае таму, каб спаўна абараняць правы, свабоды і законныя інтарэсы ўсіх грамадзян, у тым ліку і дзяцей.

Дамашнія заданні

1. Калі ў цябе ёсць камп’ютэр і выхад у Інтэрнэт, паспрабуй знайсці Закон Рэспублікі Беларусь “Аб адвакатуры”, прыняты 15 чэрвеня 1993 года, № 2406-ХІІ. Калі ўзнікнуць пытанні, можна праз настаўніка запрасіць у школу ці адваката, ці суддзю, ці пракурора, ці інспектара па справах непаўналетніх. Пакарыстайся і тэлефонамі даверу.

2. Адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч (1840—1890) працаваў адвакатам судовай палаты, вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. Якія выдатныя кнігі напісаў для нас Францішак Багушэвіч? Чым адметныя яны?

3. Паразважай над мудрымі парадамі старых людзей: “Ад добрага лепшага не шукаюць”, “Куй жалеза, пакуль гарачае”, “Не шукаючы, не знойдзеш”, “Слухаць добрай рады не шкодзіць”, “Паважай іншых — будуць і цябе паважаць”.

АРМІЯ
Любімыя цацкі ўсіх хлопчыкаў — баявыя машыны, танкі, самалёты, салдацікі. Ваенную гульню можна купіць у магазіне. Бой з непрыяцелем цікава правесці на гульнявым аўтамаце, на камп’ютэры. Забаўны занятак!
Але ж, мае сябры, калі вам споўніцца васемнаццаць гадоў і вы атрымаеце пашпарты, Радзіма пакліча вас выканаць адзін з галоўнейшых абавязкаў сваіх грамадзян. У Канстытуцыі ён пазначаны асобным артыкулам і гучыць так:
“Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”.

У цяперашні час наша маладая, суверэнная, незалежная краіна мае сваю магутную армію. Яе Вярхоўным галоўнакамандуючым з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а кіруе арміяй Міністэрства абароны.
У складзе нашай арміі розныя віды войскаў: ракетныя і артылерыйскія, разведвальныя і інжынерныя, авіяцыйныя і танкавыя, пагранічныя і радыётэхнічныя... Усе яны стаяць на варце нашай Айчыны. Нікому не пагражаюць, а калі давядзецца, гатовы спаўна выканаць ваенную прысягу. Яна кароткая, але абавязвае кожнага салдата і камандзіра быць верным сваёй Радзіме. Давайце няспешна і ўдумліва пазнаёмімся з тэкстам прысягі. Яго агучвае перад строем сваіх таварышаў кожны навабранец і замацоўвае ўласным подпісам:
“Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся быць адданым свайму народу, свята трымацца Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выконваць патрабаванні воінскіх статутаў і загады камандзіраў і начальнікаў.

Клянуся дастойна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь”.
Прыкладам вернасці ваеннай прысязе можа быць жыццё і подзвіг лётчыка Уладзіміра Карвата. 23 мая 1996 года ён выконваў у небе над Беларуссю вучэбна-трэніровачны палёт на самалёце
Су-27. Раптам баявая машына пачала траціць упраўленне і падаць. З зямлі паступіла каманда лётчыку: “Катапульціравацца!” Але як жа ён можа пакінуць самалёт, калі пад ім людзі, іх хаты, дзеці. Падпалкоўнік Уладзімір Карват да апошняй секунды вырульваў самалёт ад вялікай бяды. Яму гэта ўдалося зрабіць цаной свайго жыцця. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Карвату пасмяротна нададзена званне “Герой Беларусі”.
Падрастайце, сябры, і рыхтуйцеся стаць абаронцамі сваёй Радзімы. А пакуль што ўважліва прачытайце верш “Абаронцы” паэта Уладзіміра Мазго:

Стаяць заўжды
Ў маёй старонцы
На варце міру
Абаронцы.

Стаяць пад ліўнем
І пад градам,
На свята —
Радуюць парадам.
Зачараваныя,
Глядзім мы
На верных рыцараў
Радзімы.

Вось падрасту
Пад мірным сонцам —
Таксама стану
Абаронцам.

Дамашнія заданні

1. Чаму абаронцы стаяць на варце міру? Ці бачылі вы калі-небудзь святочны парад беларускіх войскаў, чым ён запомніўся вам? Чаму паэт называе нашых мірных абаронцаў рыцарамі?

 

2. Хто з вашай сям’і служыў у арміі? Запішыце іх расказы і падумайце разам, якія воінскія ўзнагароды ёсць у нашай рэспубліцы?

3. Чаму лётчык Уладзімір Карват не скокнуў на парашуце з палаючага самалёта?

 

 

4. Якія словы з “Ваеннай прысягі” вам не зразумелыя? Спытайце пра іх у бацькоў, настаўнікаў.

 

АРХІЎ — так называецца дзяржаўная ўстанова, якая збірае і захоўвае каштоўныя дакументы. Я часта бываю ў архівах і з вялікім хваляваннем чытаю паперы, якія з’яўляюцца жывымі сведкамі даўніны. Трымаў у руках прашэнні людзей да цара. Гартаў рукапісную кніжку Янкі Купалы “Шляхам жыцця”. Бачыў радаводныя дрэвы, складзеныя маімі Ліпскімі трыста гадоў назад. Усё гэта наша гісторыя, памяць пра мінулае. Такія каштоўныя дакументы, а іх тысячы і тысячы, беражліва захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь, у Нацыянальным архіве нашай краіны, у рэспубліканскім архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Ёсць архівы абласныя, гарадскія, раённыя, асобных арганізацый і прадпрыемстваў. Стварайце і вы свой сямейны архіў, які дапаможа зразумець ваш радавод. Вы даведаецеся пра вытокі вашых сямейных асоб, звычаяў і традыцый. Усё гэта ўзбагаціць вашу душу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter