Спартсмен. Чэмпіён. Прыгажун. Міхаіл Баранаў паедзе ў Сеул па званне “Містэр свету”.

Яму 21 год, ён мінчанін, вучыцца ва ўніверсітэце фізкультуры і лічыць сябе сапраўдным мужчынам. Самаўпэўненасць не замінае яму быць сціплым (аднакурснікі яшчэ зусім не ў курсе, што іх калега мадэль!). Вольга Сярожнікава, дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці, упэўнена, што гэтыя дзве рысы ў спалучэнні з мускуламі і прывабнай знешнасцю забяспечаць беларусу перамогу ў спаборніцтвах за званне “Містэр свету”, што адбудуцца 27 сакавіка ў сталіцы Паўднёвай Карэі. Сёлета прадстаўнік нашай краіны ўпершыню прымае ўдзел у гэтай акцыі.
Мужчыну № 1 планеты  выбіраюць з 1996 года. Шчасліўчык атрымлівае 50 тысяч долараў і выгадны кантракт ад англійскага мадэльнага агенцтва. Міша Баранаў, а не хтосьці іншы, невыпадкова прадстаўляе Беларусь. Ён яшчэ той зух!
— Неяк я ішоў міма Нацыянальнай школы прыгажосці і падумаў: дай зайду. Завітаў і сказаў: “Хачу быць мадэллю”. Мяне некалькі разоў сфатаграфавалі, і ўсё атрымалася.
Аднак у смеласці Міхаіла толькі палова ўдачы.
— Усе нашы мадэлі — невыпадковыя людзі. У большасці гэта студэнты ўніверсітэта фізкультуры, — спадарыня Сярожнікава раскрыла крыніцу, з якой ідуць на вокладкі часопісаў ды білборды сапраўдныя мача. — Хаця ў адрозненне ад жанчын да мужчын не выстаўляюцца пэўныя патрабаванні па фігуры. Толькі рост не павінен быць меншы за 178 сантыметраў, а верхняя планка — 190.
Беларускі містэр свету ростам 185 сантыметраў, аб’ём грудзей — 105. Займаецца дзюдо, і спорт для яго першасны, а подыум — усяго толькі хобі. Між тым на спаборніцтвах за званне супермена ў Сеуле акурат спартыўныя здольнасці будуць вырашальныя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter