Операторы мобильной связи — об отмене рекламных смс

Спам і сорам

Карыстальнікаў сотавай сувязі не на жарт турбуе СМС-спам
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі распрацавала і вынесла на грамадскае абмеркаванне праект пастановы Саўміна. Ён прадугледжвае ў тым ліку права абанента адмовіцца ад атрымання смс-рассылак. 

У праекце прапануецца абавязаць аператараў сувязі рассылаць смс-паведамленні з указаннем даных, якія дазваляюць вызначыць адпраўшчыка інфармацыі, і толькі пры ўмове атрымання папярэдняй згоды абанента. За карыстальнікам замацуецца права напісаць заяву аб спыненні перадачы яму паведамленняў. 

Сапраўды, рэкламныя мэсэджы проста валам валяць на тэлефоны. Апавяшчэнні прыходзяць, бывае, у самы нязручны час, і сярод гэтага спаму могуць згубіцца важныя паведамленні. 

— Скаргі ад карыстальнікаў на мноства рэкламных паведамленняў былі і ёсць, — гаворыць Вольга Федарэева, начальнік упраўлення электрасувязі Мінсувязі. — З развіццём бізнесу і тэхналогій рэкламадаўцы сталі актыўна карыстацца паслугамі аператараў сотавай сувязі. Гэта турбуе спажыўцоў, а мы павінны абараніць іх ад назойлівых і непажаданых рассылак. Аднак трэба мець на ўвазе: калі пры атрыманні дысконтнай карты якога-небудзь магазіна вы падпісаліся на яго рассылку, то ваша згода ўжо дадзена, і ў аператараў няма падставы яе спыняць. 

Прадстаўнік аператара сотавай сувязі velcom заявіў, што каменціраваць праект Міністэрства сувязі кампанія не можа, але ў выпадку калі прапанаваныя ім нормы будуць замацаваны заканадаўча, то, зразумела, будзе іх выконваць. 

У прэс-службе кампаніі МТС вызначылі сваю пазіцыю наконт прапановы Міністэрства сувязі:

— МТС падтрымлівае змяненні ў правілах аказання паслуг электрасувязі, якія датычацца СМС-рассылак. Кампанія спадзяецца, што гэтыя змяненні дазволяць навесці парадак і знізіць негатыў карыстальнікаў у адносінах СМС-рассылак, ад якога церпіць у тым ліку імідж нашай кампаніі. 

Мабільны аператар life:) лічыць, што запланаваныя змяненні патрабуюць больш дэталёвага апісання. 

— Аператар life:) перш за ўсё клапоціцца пра інтарэсы сваіх кліентаў, — зазначылі ў прэс-службе. — Пры дапамозе СМС мы абвяшчаем пра важныя навіны кампаніі, змяненні ва ўмовах абслугоўвання, правядзенне акцый, карысныя прапановы нашай праграмы лаяльнасці. Калі абанент не хоча атрымліваць ад нас СМС, ён можа хутка і лёгка адмовіцца ад гэтага сэрвісу, звярнуўшыся да аператара любым зручным спосабам. 

Хочацца падкрэсліць, что рассылку СМС ад аператара сувязі новы законапраект якраз не забараняе. Размова вядзецца пра тыя паведамленні, у якіх аператары сувязі выступаюць у якасці пасрэднікаў. Абаненты атрымліваюць інфармацыю ад розных юрыдычных асоб: банкі, інтэрнэт-магазіны, піцэрыі, АЗС, таксі і гэтак далей. Згодна з запланаванымі зменамі, каб адмовіцца менавіта ад такіх рассылак, абаненты будуць вымушаны звяртацца да нас з пісьмовай заявай, што само па сабе не вельмі зручна. Больш за тое, у тэксце дакумента няма выразнага азначэння таго, што можна лічыць «паведамленнямі, перадача якіх ажыццяўляецца аператарам сотавай рухомай электрасувязі ў адпаведнасці з заканадаўствам». Ці можна адносіць да гэтай катэгорыі СМС з банкаў аб пагашэнні крэдытаў, ад мясцовых органаў улады?

У Беларускім таварыстве абароны правоў спажыўцоў да прапанаванай ініцыятывы ставяцца спакойна: скаргаў на правы, парушаныя рэкламнай рассылкай, туды пакуль не паступала.

Ад дасылкі рэкламы можна будзе адмовіцца.
Фота freesmi.by

— Трэба разглядаць падобныя пытанні асцярожна і ўзважана, — лічыць Ганна Суша, старшыня таварыства. — Некаторыя СМС-рассылкі карысныя і нават неабходныя: як, напрыклад, банкаўская наконт руху сродкаў на вашым карт-рахунку. Што датычыцца тых, якія выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах, — калі карыстальнік заключае дагавор з аператарам аб прадастаўленні паслуг, у дакуменце павінны быць прапісаны яго згода або адмова ад рэкламнай рассылкі.

Свае заўвагі і прапановы па праекце дакумента Міністэрства сувязі просіць накіроўваць на электронны адрас mpt@mpt.gov.by у тэрмін, не пазнейшы за 17 лютага 2017 года.

nevmer@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter